Паважаныя чытачы! Пры Бераставіцкай раённай бібліятэцы дзейнічае праграма “Дыстанцыйная прававая дапамога насельніцтву” для малазабяспечаных грамадзян. Кожны другі аўторак месяца Вы маеце магчымасць атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю на хвалюючыя Вас пытанні.

06.05.2020г. Літаратурнае знаёмства “Вясёлка мой лепшы сябар”


Да 80-годдзя з дня нараджэння Ул.Ліпскага, які адзначаецца 6 мая, супрацоўнікі філіала “Алекшыцкая сельская бібліятэка” падрыхтавалі літаратурнае знаёмства “Вясёлка мой лепшы сябар”. Бібліятэкар расказаў пра творчы шлях пісьменніка, публіцыста, галоўнага рэдактара часопіса "Вясёлка", які пад яго кіраўніцтвам выйшаў на ўзровень лепшых дзіцячых часопісаў Еўропы. Пяру Ліпскага належаць шматлікія зборнікі аповесцяў, апавяданняў і казак, адрасаваных самаму удзячнаму чытачу - дзецям. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца кнігі "Крутыя вёрсты" (пра жыццё і подзвіг Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка), "Любі мяне пры ўсякай долі", "Мама. Малітва сына", "Бацька. Лісты сына", якія пісьменнік прысвяціў памяці сваіх бацькоў . За кнігу "Вясёлая азбука" Уладзіміру Ліпскаму была прысуджана Літаратурная прэмія імя Янкі Маўра, а за аповесць "Загадкавы чалавечак" - прэмія Васіля Віткі. Як аўтар кнігі народнага гумару "Аўцюкі" пісьменнік выступіў ініцыятарам правядзення ў нашай рэспубліцы фестываляў народнага гумару.