ПОМНІКІ ГІСТОРЫІ, АРХЕАЛОГІІ

Брацкая магіла, г.п. Вялікая Бераставіца, Цэнтральная плошча
     У брацкай магіле пахаваны астанкі 192 чалавек. Вядомы імёны 23, невядомы - 169 чалавек. Над магілай помнік: скульптура воіна з аўтаматам на пастаменце ў выглядзе ўсечанай піраміды вышынёй 8,5 м. На гранітнай пліце перад помнікам значацца прозвішчы загінуўшых, якія вядомы. Над магілай чаша вечнага агню. З тыльнага боку помніка мемарыяльная Сцяна Памяці з прозвішчамі загінуўшых землякоў. У 1948 годзе па рашэнню рэспубліканскіх партыйных і дзяржаўных органаў і органаў мясцовай улады ў раёне пачалося перазахаванне астанкаў загінуўшых воінаў Савецкай Арміі, партызан і падпольшчыкаў, пахаваных у розных месцах раёна, у брацкую магілу на цэнтральнай плошчы. У 1985 годзе праведзена рэканструкцыя вакол брацкай магілы. У выніку створаны Мемарыял Славы.

Брацкая магіла, г.п. Вялікая Бераставіца, вул. Леніна, паўночная ўскраіна
     У брацкай магіле пахаваны астанкі 127 чалавек. Вядомы імёны 53, невядомы - 74 чалавек. Над магілай помнік “Смуткуючай маці”: скульптура жанчыны ў жалобе і сувораўца, якая знаходзіцца на пастаменце ў форме куба. Помнік дэкарыраваны двума сценкамі з барэльефамі. Перад помнікам устаноўлены 4 гранітныя пліты з прозвішчамі загінуўшых. Тут знаходзяцца астанкі генерал-маёра Івана Пракоф’евіча Міхайліна, які загінуў у першыя дні вайны на Бераставіччыне.

Свяцілішча перыяду сярэднявечча, в. Верхаўляны
     Помнік язычніцкага культу. Мясцовая назва Гарадзішча. За 150 м на паўднёвы ўсход ад вёскі, за поплавам, каля лесу, на ўзроўні першай надпоплаўнай тэрасы р. Шэпта. Круглая пляцоўка дыяметрам каля 7 м. Акружана ровам глыбінёй 0,5- 1,2 м (на поўнач больш за 2 м) і валам вышынёй 1,6-2,9 м. На паўднёвым захадзе ў вале зроблены праход, злучаны з пляцоўкай земляной перамычкай. Выявіў у канцы ХІХ ст. вядомы расійскі археолаг Ф.В.Пакроўскі, даследаваў у 1986 г. і ў 1992 г. навуковы супрацоўнік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Э.М. Зайкоўскі. Выяўлены вугольчыкі, фрагменты ганчарнай керамікі са слядамі апрацоўкі. Гэтыя прадметы і справаздачы аб даследаваннях перададзены мясцоваму музею. У выніку даследаванняў 1986 г. і 1992 г. устаноўлена: культурны пласт праслойкі складае 0,15-0,23 м. Культурны пласт у рове складае 0,4 м. Выбрукоўка рову камянямі выконвала рытуальныя функцыі (тут знаходзіліся палаючыя ахвярнікі, куды кідалі мяса жывёл і рытуальна разбітыя пасудзіны). Знойдзены косці і зубы жывёл, слабаапрацаваныя крамяні, вугольчыкі, фрагменты ганчарнай керамікі, якая адносіцца да ХІ-ХІІ ст. Аналагічныя свяцілішчы выяўлены ў Паўночнай Букавіне (Украіна), на Смаленшчыне, у паморскіх славян.

Гарадзішча перыяду сярэднявечча – новага часу, в. Алекшыцы

     Гарадзішча адносіцца да сярэдневяковых умацаванняў абарончага тыпу. Мясцовая назва Альшчына, за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі, з правага боку ад дарогі на Гродна, у забалочанай мясцовасці. Гарадзішча ўяўляе сабой узвышаную пляцоўку. Пляцоўка па форме блізкая да чатырохвугольніка. Даўжыня трох бакоў па 150 м, аднаго 130 м. Пляцоўка арыентавана па дыяганалях. З паўночнага ўсходу, паўднёвага ўсходу і паўднёвага захаду балота, уздоўж паўночна-заходняга боку роў шырынёй каля 10 м. Уезд на пляцоўку ў выглядзе насыпу даўжынёй каля 90 м з паўднёвага захаду. З працілеглага боку (паўночнага захаду) праз роў праходзіць таксама праезд, больш вузкі, чым першы. Па вуглах пляцоўкі 4 выступы прамавугольнай ці блізкай да яе формы. Тры з іх маюць памеры 10 х 20 м, чацвёрты (усходні) – 20 х 20 м. Паміж выступамі ўздоўж паўднёва-заходнега боку пляцоўкі размешчана сажалка прамавугольнай формы памерам 60 х 20 м. Гарадзішча адкрыта Ф.В. Пакроўскіх у канцы ХІХ ст., абследавана Я.Г. Звяругам у 1973 г. Гарадзішча адносіцца да тыпу сярэдневяковых умацаванняў. У 1960-х гадах, ёсць такія звесткі, на яго тэрыторыі знойдзены 2 каменныя ядры. Другіх звестак няма.