«Раёнка»: Старонкi гiсторыi


 У Вялікай Бераставіцы хата-чытальня знаходзілася па вуліцы Чырвонаармейскай, д.10, у памяшканні заезнага дома, архітэктурнага помніка другой паловы XIX стагоддзя.
Першы ўспамін пра бібліятэку адносяць да 1945 года. Бібліятэкарам тады працавала  Клаўдзія Якаўлеўна Курыла.
У 1946 годзе быў створаны аддзел культурна-асветніцкай работы выканкама Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных.
З гэтага часу мясцовая бібліятэка набыла статут раённай і ўвайшла ў сетку ўстаноў Міністэрства культуры БССР. Першым кіраўніком раённай бібліятэкі стала Эльвіра Міхайлаўна Чупрынская, якая працавала на гэтай пасадзе ў 1946-1948гг. Паступова павялічвалася  колькасць супрацоўнікаў раённай бібліятэкі. Бібліятэкарамі працавалі тады Надзея Карпаўна Кірылава і Надзея Сяргееўна Кашмарова.

У гэты перыяд пачаўся сумарны і інвентарны ўлік літаратуры. Кніга, якая атрымала інвентарны нумар – 1, мела назву "Абраныя творы" У.І.Леніна т.1.   Першыя кнігі ў бібліятэцы былі галоўным чынам грамадска-палітычнага зместу. Гэта творы  К.Маркса, Ф.Энгельса, У.Леніна, І.Сталіна і іншых вядомых палітычных дзеячаў таго часу.

У 40-50 гады перад бібліятэкамі Савецкага Саюза стаяла задача няўхільнага выканання рашэнняў ЦК ВКП (б) па ідэалагічных пытаннях, паляпшэнні працы па камуністычным выхаванні працоўных і па прапагандзе літаратуры, якая мабілізуе на датэрміновае выкананне пяцігадовага плану.

Амаль адразу востра ўстала задача набліжэння кнігі да месца жыхарства чытачоў. Дзеля гэтага быў створаны перасоўны фонд, на базе якога фарміраваліся пункты выдачы ў арганізацыях, школах.
Калектыў бібліятэкі працаваў без стомы: займаўся рамонтам памяшкання і камплектаваннем кніжнага фонду. Бібліятэка стала атрымліваць творы класікаў беларускай і рускай літаратуры, дзіцячых пісьменнікаў, галіновыя, даведачныя і іншыя выданні. Кніжны фонд бібліятэкі ў першыя два гады існавання налічваў каля 4 тыс. асобнікаў выданняў. Не шмат? Але пачатак быў пакладзены.

У бібліятэцы пачаў стварацца алфавітны каталог, рыхтаваліся спісы літаратуры да знамянальных і памятных дат календара, афармляліся выставы кніжных навінак, працаваў пераплётны кружок.

Працавала бібліятэка з 12 да 21 гадзіны без абедзеннага перапынку. Абслугоўваліся як дарослыя чытачы, так і дзеці. Праз некаторы час бібліятэка перайшла на новы рэжым працы: з 10 да 20 гадзін - абслугоўванне дзяцей, з 14 да 22 гадзін абслугоўваліся дарослыя чытачы.

Папулярнасць бібліятэкі хутка расла, весці пра яе разнесліся паўсюль, яна стала адным з першых грамадска-культурных цэнтраў для жыхароў раёна.
Бібліятэкары прымалі актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна: сумесна з аддзелам культурна-асветніцкай работы яны займаліся падрыхтоўкай і правядзеннем святочных мерапрыемстваў, арганізацыяй мастацкай самадзейнасці, а таксама аказвалі метадычную дапамогу бібліятэкарам і клубным работнікам, якія працавалі ў вёсках раёна.

У 1948-1950 гг. кіраўніком  раённай бібліятэкі з'яўляецца Надзея Сяргееўна Кашмарова, а ў 1950-1954 гг. – Марыя Цімафееўна Худалеева.

У чэрвені 1951 года з раённай бібліятэкі была вылучана раённая дзіцячая бібліятэка як самастойная ўстанова. Першым кіраўніком дзіцячай бібліятэкі стала Валянціна Канстанцінаўна Хвясько, разам з ёй працавалі яшчэ два бібліятэкара. Дзіцячая бібліятэка абслугоўвала чытачоў з 10 да 19 гадзін, а раённая – з 10 да 20 гадзін.

У 1953 годзе Міністэрства культуры БССР узмацніла кіраванне дзяржаўнымі масавымі бібліятэкамі і кантроль над іх працай, што садзейнічала ўпарадкаванню сеткі бібліятэк, далейшаму развіццю бібліятэчнай справы. У выніку прынятых мер у гады пятай пяцігодкі развівалася галоўным чынам бібліятэчная сетка сельскай мясцовасці, у якую ў 1954 годзе ўваходзілі  Алекшыцкая, Эймінаўская, Дзіневіцкая, Астапкаўская, Масалянская, Мацеевіцкая сельскія бібліятэкі і Канюхоўская, Макараўская, Трэццякоўская, Данілкаўская, Цецяроўская  хата-чытальня.

У гэты перыяд ажыццяўляецца метадычная праца, у вёсках раёна адкрываюцца новыя сельскія бібліятэкі, якім неабходна практычная дапамога па арганізацыі кніжнага фонду і прапагандзе кнігі сярод насельніцтва. Раённая бібліятэка стала цэнтрам метадычнага кіравання бібліятэкамі раёна. Тут праводзяцца семінары бібліятэчных работнікаў, вывучаўся і распаўсюджваўся лепшы вопыт бібліятэк вобласці і рэспублікі, рыхтаваліся метадычныя матэрыялы.

У 1954 -1968 гг. загадчыкам бібліятэкі працаваў Іван Іванавіч Палуянка. Калектыў бібліятэкі налічваў усяго чатыры чалавека: загадчык раённай бібліятэкай, загадчык абанементам, загадчык чытальнай залай і загадчык перасоўным аддзелам. У той час фонд бібліятэкі налічваў каля 8 тыс.экзэмпляраў выданняў. Кніжны фонд паступова павялічваўся. Узрасла колькасць чытачоў у раённай бібліятэцы, колькасць якіх складала 1210 чытачоў: на абанеменце – 703 чытача, у чытальнай зале – 237 чытачоў,  перасоўная бібліятэка налічвала – 270 чытачоў.

Асноўным накірункам дзейнасці бібліятэкі стала прапаганда беларускай гісторыі і культуры. Супрацоўнікі бібліятэкі, у пошуку новых формаў масавай працы па прапагандзе беларускай літаратуры і мастацтва, пачалі актыўна супрацоўнічаць з пісьменнікамі і паэтамі.

У 1956 годзе ў раённай бібліятэцы адбылася сустрэча гродзенскіх літаратараў: з шырока вядомым беларускім паэтам Міхасём Васільком і маладымі пісьменнікамі: празаікам Аляксеем Карпюком і паэтам Аляксандрам Шмічэльскім. Сустрэча прайшла ў цёплай, шчырай гутарцы з чытачамі і работнікамі раённай бібліятэкі.




У 1968-1976гг. на пасадзе кіраўніка бібліятэкі працавала Валянціна Аляксееўна Рудак.
У той час у аддзеле абслугоўвання старанна і натхнёна працавалі Алена Несцераўна Кузікевіч, Ніна Міхайлаўна Лук'яненко, Ніна Пятроўна Лазарчык, Вольга Майсееўна Падрубная, Ніна Станіславаўна Лукоўская, Наталля Віктараўна Лішнёва, Валянціна Ўладзіміраўна Павераная, Ганна Нічыпараўна Геда.



Аддзел камплектавання і апрацоўкі адзінага кніжнага фонду ў розныя гады ўзначальвалі: Ганна Нічыпараўна Геда, Ніна Сяргееўна Ярмольнік, Людміла Альфонсаўна Цыбулько.

У 1976-1986 гг. на пасадзе кіраўніка бібліятэкі працавала Ганна Міхайлаўна Тышкевіч.

У 1978 годзе ў мэтах карэннага паляпшэння абслугоўвання насельніцтва раёна, павышэнні ўзроўня працы з кнігай і ў адпаведнасці з рашэннем выканкама раённага Савета дэпутатаў працоўных, а таксама ўпраўлення культуры аблвыканкама было праведзена аб'яднанне ўсіх дзяржаўных масавых бібліятэк у цэнтралізаваную сістэму.

Раённая бібліятэка рэарганізавана ў цэнтральную бібліятэку Бераставіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, а астатнія 29 сельскіх бібліятэк –  у яе філіялы. Быў створаны цэнтральны каталог. Зараз камплектаванне і апрацоўка новай літаратуры стала ажыццяўляцца цэнтралізавана. Раённая цэнтральная бібліятэка мае структурныя падраздзяленні: аддзел абслугоўвання чытачоў, аддзел арганізацыі і выкарыстанні адзінага кніжнага фонду і міжбібліятэчнага абанемента, аддзел метадычнай і бібліяграфічнай работы.

З 1977 года аддзел абслугоўвання раённай цэнтральнай бібліятэкі ўзначальвала Алена Несцераўна Кузікевіч. Побач з ёй тым часам працавалі Таццяна Аляксееўна Бацян, Таісія Міхайлаўна Жыўлюк, Людміла Бойчэнка, Галіна Вышынская. Усе супрацоўнікі прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні масавых мерапрыемстваў па прапагандзе кнігі і ведаў сярод насельніцтва, арганізоўвалі кніжныя выставы, прысвечаныя памятным датам беларускай і сусветнай гісторыі, літаратуры, культуры.

Методыка-бібліяграфічны аддзел узначальвала ў той час Ніна Аркадзеўна Говар. Яна працавала з Тамарай Губіч  і  Тамарай Крук. У 1985 годзе загадчыкам  аддзелам была прызначана Валянціна Пятроўна Канецкая. Супрацоўнікі аддзела рыхтавалі метадычныя матэрыялы, праводзілі семінары бібліятэчных работнікаў, аказвалі практычную дапамогу сельскім бібліятэкарам.

У 70-80-я гады камплектаванне раённай бібліятэкі палепшылася. Менавіта ў гэты перыяд сфарміравалася ядро кніжнага фонду. Гэта зборы твораў айчынных і замежных класікаў, даведнікі, слоўнікі, энцыклапедыі, як універсальнага зместу, так і па розных галінах навукі і тэхнікі.

З 1986 да 1999 гады дырэктарам Бераставіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы працавала Валянціна Ўладзіміраўна Сухадольская.

У 90-я гады, у выніку распаду СССР, сувязі паміж рэспублікамі пагоршыліся, таму і пагоршылася камплектаванне бібліятэк літаратурай. Для параўнання: у 1986 годзе ў бібліятэкі паступіла 29796 экзэмпляраў выданняў, а ў 1996 годзе – 11715 экзэмпляраў выданняў, з іх кніг – толькі 8 тысяч асобнікаў. У гэтыя гады кніжны фонд раённай бібліятэкі налічваў 39083 экзэмпляраў выданняў, абслугоўвалася 2330 чалавек.

У структуру раённай цэнтральнай бібліятэкі ўваходзіць аддзел абслугоўвання і інфармацыі, аддзел камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі кніжнага фонду, аддзел бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы. У бібліятэцы працуе 10 чалавек. Аддзел абслугоўвання ўзначальвае Алена Несцераўна Кузікевіч.  Супрацоўнікі аддзела: Мікалай Уладзіміравіч Кіслейка – бібліятэкар абанемента, Марына Міхайлаўна Белабокая –  бібліятэкар чытальнай залы, Валянціна Іосіфаўна Чыкун - бібліёграф. Загадчыкам аддзелам камплектавання і апрацоўкі кніжнага фонду з'яўляецца Валянціна Пятроўна Валевіч, тут таксама працуюць Святлана Віктараўна Валько і Ірына Казіміраўна Прэдка. У 1996 годзе загадчыкам аддзелам бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы быў прызначаны Мікалай Іванавіч Пацэнка, метадыстам у аддзеле працуе Тамара Сцяпанаўна Сцепавая.

Значнай падзеяй у жыцці бібліятэкі быў 1998 год. Па хадайніцтве калектыва бібліятэкі рашэннем Гродзенскага аблвыканкама ад 12.12.1998г. № 594 «І з мэтай увекавечання памяці Восіпа Міхайлавіча Кавалеўскага, вядомага навукоўца, гісторыка, заснавальніка мангольскага мовазнаўства ў Расіі, прафесара, акадэміка Пецярбургскай Акадэміі навук, выхадца Вялікай Бераставіцы, Бераставіцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы прысвоена імя В.М.Кавалеўскага. На абанеменце бібліятэкі аформлена выстава «З Бераставіцы да Манголіі праз Вільна і Казань», на якой размешчаны кароткія звесткі пра жыццё і дзейнасць В.М.Кавалеўскага, ксеракопіі кніг і дакументаў, у фае бібліятэкі партрэт навукоўца работы мясцовага мастака М.Жлабовіча, выпіс з рашэння Гродзенскага аблвыканкама пра прысваенне яго імя бібліятэцы. У той час бібліятэку наведаў прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Ежы Тулісаў, які вывучае і даследуе жыццё і творчасць В.М.Кавалеўскага, які ў 1862-1870гг. працаваў дэканам гістарычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта.

З 1998 гады на базе раённай цэнтральнай бібліятэкі дзейнічае аматарскае аб'яднанне – жаночы клуб «Паклічу сяброў». У склад яго ўваходзяць 18 жанчын пенсійнага ўзросту, якіх аб'ядноўваюць агульныя ўспаміны, духоўная блізкасць, пошук цікавага выкарыстання вольнага часу, жаданне заставацца патрэбнымі людзям. Паседжанні клуба праходзяць 1 раз у месяц. Як правіла, гэта сустрэчы са знакамітымі або проста цікавымі людзьмі Бераставіччыны. Сярод іх мясцовыя мастакі, паэты, спевакі, музыканты, краязнаўцы, прадстаўнікі мясцовай улады, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і г.д.

Бібліятэка пераязджала з месца на месца. Змяніўшы некалькі будынкаў, бібліятэка цяпер знаходзіцца ў вялікім, прыгожым, утульным памяшканні. На сённяшні дзень яе калектыў актыўна працуе, над стварэннем усіх умоў для павышэння адукаванасці чытачоў, для выхавання ў чытачоў павагі да сваёй мовы і культуры, узбагачэнню  фондаў нацыянальнай літаратурай.

На працягу шматлікіх гадоў калектыў бібліятэкі працаваў над вывучэннем гісторыі роднага краю, пачаўшы збіраць і вывучаць дакументы для  выдання кнігі «Летапісная хроніка Бераставіччыны», пачынаючы са старажытнасці і да нашых дзён. Калектыў падрыхтаваў і выдаў 4 тамы гэтага выдання, адкрыўшы шмат новых імёнаў, якія мелі ў той ці іншай меры дачыненне да гісторыі і культуры не толькі Бераставіччыны, але і ўсёй Беларусі.

1 верасня 2015 года бібліятэка атрымала статус юрыдычнай асобы дзяржаўнай установы культуры "Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М.Кавалеўскага"