Самаробная прыгажосць бераставічанкі Ядзвігі Лукашэвіч
Ажурныя сурвэткі і абрусы, вышытыя падушкі, саматканыя дываны, посцілкі і палавікі Ядзвігі Лукашэвіч з вёскі Муравана ўтвараюць адзінае цэлае з інтэр’ерам яе ўтульнай хаткі і надаюць пакоям характэрны для вясковага побыту сярэдзіны дваццатага стагоддзя каларыт. Дзеці, унукі і праўнукі Ядзвігі Стэфанаўны любяць бываць тут, пасля мітуслівага гарадскога жыцця трапляць у атмасферу спакою і размеранасці, дзе кожная рэч, кожны прадмет у роднай бацькоўскай хаце навявае ўспаміны дзяцінства, і дзе адпачывае душа. Самаробная мэбля, тэкстыль ручной работы, прадметы дэкору – модныя веянні быццам не закранулі гэты дом.
– Мы спецыяльна захоўваем такі выгляд пакояў, –
расказвае дачка Ганна Багумілаўна, якая прыехала з Калінінграда. – Па-першае, у
гэтым ёсць свая адметнасць. Па-другое, гэта прыгожа. Па-трэцяе, гэта павага да
карпатлівай работы нашай матулі. А для маладога пакалення нашай сям’і тут
сапраўдны музей рамёстваў, жывая гісторыя вясковага побыту.
І праўда. Я быццам трапіла ў этнаграфічны куток з
музейнымі экспанатамі. Дабротная драўляная шафа захавалася яшчэ з той пары,
калі ў маладой сям’і Лукашэвічаў з’явілася першае жыллё – у Мураване. Ядзвіга
Стэфанаўна з вёскі Калеснікі, яе муж Багуміл – з Парэчча. Многія прадметы мэблі
Багуміл Лявонцьевіч рабіў сам. Яны таксама з любоўю захоўваюцца, і хоць самога
гаспадара ўжо больш за дваццаць гадоў няма на гэтым свеце, у сям’і працягваюць
называць майстэрню дзядулевай.
Этажэрка, жалезны ложак з пярынай і падушкамі, стол з
фотаздымкамі і дарагімі сэрцу рэчамі, швейная машынка, дыван, крэслы – уся
мэбля аздоблена прыгожымі сурвэткамі, абрусамі, посцілкамі, створанымі рукамі
Ядзвігі Стэфанаўны.
- Я вельмі любіла вязаць кручком, пруткамі, -
успамінае жанчына. - І не толькі самае неабходнае ў побыце, а проста прыгожыя
рэчы. Чаго толькі не давялося вязаць! Сурвэткі, дарожкі, навалачкі на падушкі,
камізэлькі, кофты, спадніцы, касцюмы, шапкі, хусткі і шалі, каўнерыкі для
школьнай формы. Вышывала, шыла і ткала. Для сваёй сям’і і для іншых, хто
прасіў. Рамяству вучылася ў маці – ад яе яшчэ цэлы куфар вышываных і тканых
рэчаў засталося. Узоры прыдумвала самастойна…
І калі толькі ўсё паспявала? Трэба было гадаваць
дзяцей – а іх у Ядзвігі Стэфанаўны чацвёра – сын Іван, дочкі Ганна, Марыя і
Алена – завіхацца па гаспадарцы, падтрымліваць ідэальны парадак і чысціню ў
доме, працаваць. Але кожную вольную хвіліну Ядзвіга Стэфанаўна аддавала свайму
захапленню.
Сваіх дзяцей яны разам з мужам выхавалі годнымі
людзьмі, якія атрымалі выдатную адукацыю і адбыліся ў прафесіі.
- Мама - вельмі веруючы чалавек, і нас выхавалі
такімі, - гаворыць Ганна Багумілаўна. - Яна вучыла быць шчырымі, адкрытымі,
жыць згодна з божымі запаветамі. Вучыла на ўласным прыкладзе. Многае мы
перанялі ад яе – ад галоўных прынцыпаў жыццёвай мудрасці да сямейных
асаблівасцей святочных традыцый.
Ядзвіга Стэфанаўна ўсё жыццё адпрацавала вахцёрам у
мураванскім вучылішчы, Багуміл Лявонцьевіч – там жа, загадчыкам гаспадаркі.
Дарэчы, на 90-годдзе ў калектыве не забылі пра былую работніцу. Дырэктар Эдуард
Карвацкі і старшыня Алекшыцкага сельсавета Віталій Галавач прыязджалі да
Ядзвігі Стэфанаўны з віншаваннямі.
У цёплы майскі дзень на юбілей да любай матулі і
бабулі сабралася амаль уся яе вялікая сям’я. У жанчыны васьмёра ўнукаў і ўжо
дзевяць праўнукаў.
– Усіх нас цягне дадому, – гаворыць Ганна Багумілаўна,
– асабліва тых, хто жыве за межамі Беларусі – я ў Калінінградзе, сястра ў
Санкт-Пецярбургу. Мы часта бываем на радзіме, а цяпер прыязджаем яшчэ часцей,
паколькі ў мамы здароўе ўжо не тое, і за ёй патрэбны догляд. І словы з вядомай
песні
«Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць…»
для мяне з гадамі набылі
глыбокі сэнс і заўсёды выклікаюць слёзы настальгіі і любові да малой радзімы і
роднага дома.
Бібліяграфія:
Ганчарова, С. Самаробная прыгажосць бераставічанкі Ядзвігі Лукашэвіч / Святлана Ганчарова // Бераставіцкая газета. — 2018. — 25 лістапада. ББК 74