16.07.2020г. Кніжная выстава “Гродзенская вобласць і Бераставіцкі раён у гады Вялікай Айчыннай вайны”

На абанеменце Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М. Кавалеўскага дзейнічае тэматычная кніжная выстава “Гродзенская вобласць і Бераставіцкі раён у гады Вялікай Айчыннай вайны”, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Гродна і Вялікай Бераставіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Увазе чытачоў бібліятэкары прапануюць розныя навуковыя і папулярныя выданні, сярод якіх зборнік “Гродненщина накануне и в годы Великой Отечественной войны (1939-1945): (по документам гродненских архивов)” прысвечаны пераломнаму моманту ў гісторыі Прынёманскага краю. У ім сабраны арганізацыйна-распарадчыя дакументы, якія захоўваюцца ў фондах архіваў Гродзенскай вобласці, перакладзеныя дакументальныя матэрыялы нямецкіх акупацыйных улад.
На старонках выдання “Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945 гг.)” расказваецца пра наш горад у суровым 1941 годзе, акупацыйны рэжым захопнікаў і барацьбу з ім насельніцтва ў 1941-1944 гг., аднаўленне і пасляваеннае развіццё.
Малой радзіме – Бераставіччыне і 75-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца выданне “Доўгія вёрсты вайны”. Як гаворыць рэдактар-укладальнік кнігі Мікалай Пацэнка яна стваралася на працягу многіх гадоў. Пісалі яе дзясяткі людзей, многіх з якіх, як і герояў іх нарысаў, артыкулаў, інтэрв’ю, няма ўжо сярод нас. Гэта кніга пра вайну, а дакладней, пра людзей, перажыўшых яе. Гэтая кніга – вынік калектыўнай працы многіх людзей: журналістаў “Бераставіцкай газеты”, работнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, музея Вавёркі і іншых.
Выданне “Ганарыся сваім імем, вуліца!” прысвечана героям Вялікай Айчыннай вайны, імёнамі якіх названы вуліцы Бераставіччыны. Кніга будзе карысна ўсім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.
Запрашаем усіх, хто цікавіцца гісторыяй Бераставіччыны і Гродзеншчыны.