Бібліятэкары, апранутыя ў вайсковую форму часоў Вялікай Айчыннай вайны, запрашалі пазнаёміцца з найноўшымі выданнямі па гісторыі апошняй вайны на тэрыторыі Беларусі. Раздзел экспазіцыі ”Твае Героі, Беларусь!” знаёміў бераставічан з кнігамі аб легендарных героях Вялікай Айчыннай вайны і Героях працы пасляваеннага часу. Другая частка экспазіцыі “Бераставіччына ў ракурсе мінулага і сучаснасці” прадстаўляла выданні аб гісторыі раёна і сучасным яго становішчы, аб славутых асобах Бераставіцкага краю. Усе, хто завітаў на пляцоўку раённай бібліятэкі, знайшоў цікавую для сябе літаратуру па гераічнай гісторыі Беларусі і гісторыі сваёй малой радзімы, а таксама меў магчымасць зрабіць фотаздымак з дзяўчатамі ў вайсковай форме 1941-1945 гадоў. Дзяцей зацікавілі тут маляўнічыя выданні па гісторыі даспехаў і зброі. Яны з задавальненнем лісталі альбомы. Супрацоўнікі бібліятэкі запрашалі іх наведаць бібліятэку.