15.09.2021г. Тыдзень бібліятэкі "Бібліятэка на хвалях часу"

 

“Бібліятэка на хвалях часу” – пад такой назвай у Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М.Кавалеўскага  пачаўся Тыдзень бібліятэкі, прысвечаны Дню бібліятэк Беларусі, які адзначаецца 15 верасня. У гэты дзень раённая бібліятэка парадавала сваіх чытачоў цікавымі выставамі і мерапрыемствамі і магчымасцю зрабіць сэлфі ў маляўнічай фотазоне, аформленай на абанеменце. Першымі павіншавалі бібліятэкараў удзельнікі клуба маладых інвалідаў “Вясёлка дабра”, для якіх супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі пазнавальна-забаўляльную праграму “Бібліятэка – твой сябар”, падчас якой гасцей пазнаёмілі з гісторыяй стварэння першых бібліятэк, расказалі аб святкаванні Дня бібліятэк у нашай краіне. Прадоўжыла імпрэзу прэзентацыя кніжных выстаў “Ёсць храм у кнігі – бібліятэка” і “Нашы рарытэты”. На першай экспазіцыі можна ўбачыць гістарычны шлях бібліятэк з глыбіні стагоддзяў да сучаснасці, атрымаць інфармацыю па гісторыі раённай бібліятэкі і бібліятэк Бераставіцкага раёна. Назва другой экспазіцыі гаворыць сама за сябе. Тут прадстаўлены выданні, якія паступілі ў фонд бібліятэкі першымі, пачынаючы з 40-х гадоў. На завяршэнне сустрэчы госці сфатаграфаваліся ў маляўнічай фотазоне і напісалі пажаданні бібліятэкарам у гонар  іх свята.