Бацька Колі збіраў у вёсцы малако. Кожную раніцу, ледзь толькі пачне шарэць на ўсходзе неба, ён адкрываў склеп, выносіў на вуліцу мернік, абвязваў марляй малочныя бітоны, падрыхтоўваў маленькія бутэлечкі для проб і пачынаў прыёмку.
Першая
заўсёды ў даёнцы малако прыносіла баба Настуля. Жылі яны дзедам на другім канцы
вёскі і карову трымалі. Той мінула ўжо восем гадоў, пара і замяніць, але старыя
разумелі, што прывыкаць да другой каровы позна, ды і малака іхняя Чарнуха
давала ўдосталь. Хапала для сябе і здавалі кожны дзень па дзесяць літраў.
За
бабай Настуляй пацягнуліся іншыя жанчыны. Хто прыносіў пяць, хто тры літры.
Малако вылівалі ў мернік, а потым пералівалі ў бітоны. Тата занатоўваў у
ведамасць колькасць здадзенага малака і рабіў адзнакі ў кніжках, якія прыносілі
з сабою жанчыны. Час ад часу ён шкляной трубкай набіраў з мерніка малако і
адліваў яго ў бутэлечкі для пробы.
Усё
гэта любіў назіраць Коля ў тыя ранкі, калі тата, паддаўшыся на яго просьбы,
браў сына з сабой. Але не дзеля гэтых назіранняў прасіўся ён у бацькі.
Калі
пачыналі выганяць кароў на пашу, бацька гаварыў:
-
Ну што, Мікалай, пара збірацца.
Тата закрываў бітоны, ставіў іх на воз, а хлопчык
ухапіўшы вуздэчку, шпарка ляцеў на круговіну, дзе пасвіліся коні. На лузе ляжаў
туман і спіны коней ледзь-ледзь узвышаліся над яго шэранню. Але хлопчык здалёк
пазнаваў Шпака, які быў замацаваны за бацькам. Ды і конь, пачуўшы хлопчыка,
падымаў галаву і лёгка іржаў. Для такой сустрэчы ў Колі заўсёды быў
падрыхтаваны акраец хлеба, пасыпаны соллю.
Пачаставаўшы
любімца, Коля надзяваў вуздэчку, здымаў з пярэдніх ног Шпака путы і падводзіў
яго да вялікага каменя. Прыемна размясціўшыся на шырокай спіне каня, Коля
паволі рушыў у вёску. Тут іх чакаў тата. Напаіўшы Шпака калодзежнай вадой, ён
запрагаў яго і вёз здаваць малако.
А
больш усяго любіў Коля выводзіць Шпака на пашу. Калі здаўшы малако тата
прыязджаў дадому, Коля ўжо чакаў з акрайцам хлеба. Пачаставаўшы Шпака, хлопчык
дапамагаў выпрагчы каня з аглабель. Тата падсаджваў Колю на яго шырокую спіну і
той ехаў на пашу. Коля ведаў, што тыя месцы дзе пасецца табун ужо выедзены,
трава там ператоптаная і таму накіроўваўся на палявыя абмежкі, да кустоў і
няўдобіц, якіх было шмат на палях. Хлопчык бачыў, што трава ў гэтых месцах
вельмі падабаецца Шпаку і як мог дагаджаў сябру.
Саслізнуўшы
са спіны каня, ён адпускаў яго пасвіцца, а сам узяўшы канец ляйчыны ў руку,
лажыўся у траву і аддаваўся марам. Здаралася Коля засынаў. І тады Шпак будзіў
яго, лёгка тогаючы за адзежу.
Аднойчы,
калі тата прыехаў дадому, Коля ўбачыў, што ў воз запрэжаны другі конь: высокі,
худы.
- Знаёмся, гэта Шуляк, - сказаў тата і
растлумачыў: - У Шпака адарвалася падкова і ён недзе параніў нагу. Малако пакуль
буду вазіць на гэтым кані.
Тата
распрог каня, вывеў яго за ваколіцу і, спутаўшы, адпусціў пасвіцца. Коля зайшоў у хату, адрэзаў акраец хлеба,
крута пасыпаў яго соллю і падаўся за ваколіцу.
-
Трэба ўстановіць сяброўскія адносіны з Шуляком, - вырашыў ён.
Конь скуб траву і касавурыўся на
падыходзячага Колю. Калі хлопчык наблізіўся, Шуляк адвярнуўся да яго задам.
-
Кось, кось, Шулячок, - ласкава прамоўвіў Коля і працягнуў руку з акрайцам.
Маланкай
мільганулі заднія капыты каня, і хлопчык, адчуўшы рэзкі боль у жываце, адляцеў
на некалькі метраў.
Ачнуўся
хлопец на ложку ў сваёй хаце. На жываце ляжаў цёплы кампрэс, а побач стаяла
заплаканая мама. У хату ўвайшоў тата.
-
Заўтра ж скажу заатэхніку, каб здаў
гэтага Шуляка на бойню, - сказаў ён, - не ты першы такім чынам “пазнаёміўся” з
ім.
- Не
трэба, тата. Мы з ім пасябруем. Ён добры конь, але не мая сапраўднага сябра, -
са слязьмі на вачах прамовіў хлопчык.