Бацькі Колі працавалі ў калгасе. Вядома ж якія заробкі былі ў калгасах у пяцідзесятыя гады: за дзень працадзень. А ў канцы года на яго давалі пяць капеек і трыста грамаў збожжа. Выратоўвала свая гаспадарка. Жылі яны не сказаць каб кепска – хлеба хапала заўсёды. А вось масла, яйкі – гэта ўсё на кірмаш. На ўтаргаваныя грошы куплялі і адзенне, і абутак. А некаторыя ў вёсцы жылі зусім бедна, галадалі.
Кожны тыдзень маці біла масла. Яна налівала смятану ў бойку,
прасоўвала праз дзірачку ў накрыўцы
тронак і закрывала бойку. Рухаючы тронак уверх-уніз, яна боўтала смятану, ад
чаго збівалася масла. Але гэта не так проста: тут патрэбны сіла і спрыт.
Смятана густая і рука хутка нямее, або баўтанеш замоцна і праз дзірку у
накрыўцы вылятае у вочы і на адзежу смятана. Коля умеў біць масла, але доўгі
працэс нудзіў яго. Рухаючы тронак, ён пальцам другога знімаў з яго смятану і
аблізваў. Налізаўшыся такім чынам
смятаны, Коля пачынаў ныць:
- Мам, у мяне ужо рукі баляць.
- Што, ужо налізаўся смятаны,
свавольнік, - казала маці і сядала біць масла сама. Збіўшы, яна лыжкай вымала
масла з бойкі у вялікую міску і добра прамывала яго. Пасля гэтага клала масла ў
кілаграмовую форму, каб у нядзелю несці на базар, а астаткі даставаліся дзецям.
Масла маці хавала ў куфар, які стаяў у каморы.
Аднойчы ў суботу, пад вечар , Коля забег
дамоў, каб чаго-небудзь перакусіць. Акраец хлеба ён знайшоў пад рушніком на
стале. Ды што адзін хлеб. Хлопец успомніў пра масла.
“ Наскрабу з галушкі трохі на
хлеб, маці і не заўважыць, не першы раз,” - разважаў ён, несучы міску з маслам
у хату. Не паспеў пачаць гэтую “аперацыю”, як заўважыў на падворку маці. Несці
масла ў камору было ўжо позна. Аглянуўшыся, Коля схапіў міску і сунуў яе пад
ложак.
- Што ты тут робіш? - спытала
ўваходзячы ў хату маці.
- Ды вось, хлеба адрэзаў, -
буркнуў Коля і бокам выслізнуў з хаты.
Пра масла ён успомніў раніцай, калі пачуў размову маці з бацькам,
аб тым, што нехта ўкраў з куфра міску з
маслам. Паціху вылезшы з-пад коўдры, хлопчык заглянуў пад ложак. Міска стаяла
на месцы, але пустая.
“ Куды ж магло дзецца масла,” - у
роспачы падумаў ён. І тут яго позірк упаў на ката, які аблізваючыся выцягнуўся
на лаўцы.
- Ну, пачакай, нягоднік, няхай
толькі атрымаю наганяй, я з табой
разлічуся.
Міску маці знайшла праз некалькі дзён,
мыючы падлогу. Сваё Коля атрымаў, але злосць на ката ў яго прайшла.
Кожную восень бацька атрымоўваў у калгасе
цукар.Торбу з цукрам заўсёды падвешвалі за печкай на бэльцы, каб не адсырэў.
У нядзелю тата з маці паехалі на
кірмаш. З сабой яны ўзялі Таню сястру Колі. Той патрэбна было купіць
які-небудзь абутак. Застаўшыся адзін, Коля соваўся туды-сюды па хаце. На вуліцу
ісці не хацелася – не спрыяла надвор’е, і як заўсёды, захацелася чаго-небудзь
смачнага. Убачыўшы торбу з цукрам, ён успомніў размову з сябрамі: “Ведаеш, які
смачны сіроп з цукру з вадой”.
“ Дык у чым жа справа. Цукар
ёсць, вада ёсць, кубак таксама. Але як яго зняць з бэлькі,” - разважаў хлопчык
і прыдумаў.
Ён збегаў пад паветку, узяў вудзільна і
вярнуўся ў хату. Торба была сшыта з даматканага палатна і пароць яе было
нялёгка. Але нарэшце тоненькі струменьчык цукру пацёк з торбы. Коля падставіў
кубак і хутка ён напоўніўся да паловы. Тут хлопчык жахнуўся. Ён глянуў у гару,
на дзірку ў торбе, на кубак, які напаўняўся цукрам і зразумеў, што трапіў у
цяжкае становішча.
“Што рабіць, цукар жа высыпаецца на
падлогу. Дзірку я заткнуць не змагу,” - мітусіліся думкі ў галаве. Але выхад
знайшоў. Сарваў з падушкі навалачку і падставіў пад струменьчык. На душы ў яго
палягчала і слёзы самі пацяклі з вачэй. Раз-пораз ён макаў палец у цукар і
аблізваў яго. Але цукар уперамешку са слязьмі быў не надта смачны.
А вось той выпадак з агуркамі не
забудзецца яму ніколі. Справа ў тым, што бацькі ад’язджаючы кудысьці ў госці,
пакінулі Таню і Колю адных. З яды, акрамя супу, хлеб і чатыры лыжкі масла.
Старэйшая Таня прапанавала нажарыць на масле грэнак з хлеба. Коля згадзіўся.
-
Тады ідзі і распалі вогнішча, прынясі некалькі цаглін, каб паставіць патэльню.
Смажыць будзем на вуліцы, - загадала сястра.
- А сама не можаш, - выпаліў Коля.
- Добра, я ўсё зраблю сама. Але грэнак ты
не паспрабуеш, - абурылася Таня.
Яна нарэзала лустачкамі хлеб і пачала
абсмажваць яго. Ад патэльні ішоў такі
прыемны пах, што ў Колі пацяклі слюнкі.
“
Пачакай жа, згатую і я што-небудзь смачнейшае, чым ты,” - думаў хлопчык,
ходзячы вакол хаты. І тут ён заўважыў у кошыку свежыя агуркі. Маці ўчора
выбрала іх на агародзе.
Коля парэзаў кружочкамі агуркі і пачаў
абсмажваць іх ў масле.
-Дурань, што ты робіш? Ты ж іх есці не
будзеш, толькі масла сапсуеш, - угаворвала брата Таня.
-
Не лезь, не твая справа. Сам скажу, сам і есці буду, - агрызнуўся Коля.
Агуркоў ён насмажыў цэлую міску. Можа
смажыў бы і яшчэ, але не стала масла. Усеўшыся ў цяньку, Коля паставіў перад
сабой міску з агуркамі і, узяўшы скрыглік, адправіў яго ў рот. Але павёўшы
некалькі разоў сківіцамі, ён перастаў жаваць, азірнуўся па баках і выплюнуў
смажаны агурок.
З-за фіранкі выглядала Таня і курчылася ад
смеху. З гэтага часу ў доме, калі не ўдавалася якая-небудзь страва гавораць і
цяпер: “Агуркі ў масле”.