Бераставіцкая ратуша

 

Будаўніцтва ратушы ў Вялікай Бераставіцы звязана з Магдэбургскім Прывілеем, выдадзеным жыхарам мястэчка 2 жніўня 1754 г. польскім каралём Аўгустам ІІІ Саксонскім.

З гэтага дакумента, які захаваўся ў копіі 1797 г (НГАБ ў Гродна) вынікае наступнае: бераставіцкія мяшчане маюць права пабудаваць сабе магістрат (ратушу), дзе будуць пасяджаць бурмістр, войт, савет лаўнікаў, цэхмайстраў і іншыя гарадскія служачыя.

Фундатарам будаўніцтва ратушы ў Вялікай Бераставіцы стаў яе ўладальнік Ежы Аўгуст Мнішак (1715—1778), маршалак надворны каронны. Па замове ў 1754 — 1755 гг. Вялікую Бераставіцу наведаў нямецкі архітэктар Ян Генрых Клем (1710 — 1777), які на той час праводзіў рамонт палаца Браніцкіх у Гродна. Менавіта да Клема адносіцца праект ратушы ў Вялікай Бераставіцы. Будынак ратушы паўстаў на гандлевай плошчы на працягу 1755 — 1760 гг. Гэта прадаўгаватае прамавугольнае ў плане збудаванне з цэнтральнай аднапавярховай часткай, завершанай высокім гонтавым дахам з трохвугольным франтонам. Ён быў упрыгожаны авальным акном-нішай, дзе магчыма размяшчаўся гарадскі герб на авальнай шыльдзе.

У цэнтральнай частцы ратушы знаходзіўся зал пасяджэнняў магістрата, судовая зала, архіў, казначэйства, кабінет бургамістра і войта.Зала пасяджэнняў была ўпрыгожана гарадской харугвай з вышытым гербам Вялікай Бераставіцы “Вавёрка”. Побач стаяла печ з паліванай кафляй зялёнага колеру. Дзве бакавыя часткі ратушы былі падзелены на два паверхі: мураваны — ніжні і драўляны — верхні. Ніжняя частка аформлена на галоўным фасадзе аркаднымі галерэямі на слупах. Паміж імі знаходзіліся крамы. Верхняя частка мела жылую забудову з кансольна-бэлячнымі галерэямі і лесвіцамі.

Ратуша як орган самакіравання дзейнічала да 1837 г. — час, калі выйшла Пастанова Гродзенскага Праўлення аб скасаванні гарадскіх магістратаў, ратуш і перадачы  справаў у павятовыя суды. На працягу ХІХ ст. будынак бераставіцкай ратушы выкарыстоўваўся пад розныя службы і прадпрыемствы (карчму, пажарную службу, паліцэйскі ўчастак, землемерная кантора і інш).

У пачатку ХХ ст. ратуша стала заезным дваром, вайсковай казармай. Комплекс былой ратушы ў Вялікай Бераставіцы быў разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 гг. Зараз на месцы ратушы стаяць будынкі раённай бібліятэкі і школы мастацтваў.

Знешні выгляд ратушы стаў вядомы на літаграфіі Адольфа Казарскага 1882 года, выкананы па фотаздымку 1873 г. Шмат фотаздымкаў былой ратушы аставілі жыхары Вялікай Бераставіцы і мясцовай сядзібы (Валынцэвіч П. К, граф Касакоўскі С. К, сям’я Малыніч і інш), а таксама нямецкія салдаты.

Бібліяграфія:

Втарушын, А. Архітэктар Клем у Бераставіцы / Андрэй Втарышын // Бераставіцкая газета. — 2012. — 9 чэрвеня. — С. 4.

Втарушын, А. Рэха магдэбургскага прывілея Вялікай Бераставіцы / Андрэй Втарушын // Бераставіцкая газета. - 2017. — 1 ліпеня (№51). — С. 11.

Втарушын, А. Сем пераў страўса для Бераставіцы. Да 350-годдзя з часу валодання мястэчка Бераставіца магнацкім родам Мнішкаў. Гісторыка-біяграфічны нарыс. Вялікая Бераставіца. — 2011. — С. 43.

Лушчык, С. Хто маляваў бераставіцкую ратушу ? / Сяргей Лушчык // Бераставіцкая газета. — 22.07.2017. — № 57.  С.11

Цітоў, А. К. Гербоўнік Беларускіх гарадоў (ХVI — пач. ХХ ст.) / А. К. Цітоў. — Мн. 2015 г. — 175 с.: іл.

Якімовіч, Ю. А. Бераставіцкая ратуша / Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5-ці тамах. Т. 1 А-Г. Мн. 1984. — 727 с., іл.