Коля і Ваня – дваюрадныя браты. І сябравалі яны, як кажуць, вадой не разальеш. Але завадатарам усіх спраў заўсёды быў Коля. Гэта ён прыдумваў розныя свавольствы, планаваў паходы ў чужыя сады і агароды за агуркамі, морквай ці яблыкамі. Праўда за такія выхадкі яму нярэдка даставалася ад бацькі.
Раз у месяц у іх кампаніі кіраваў Ваня. І
было гэта тады, калі бацька Вані атрымоўваў палучку. У тыя пяцідзесятыя гады
працаваў ён на станцыі машыністам і ў дзень палучкі прыносіў дамоў розныя
прысмакі: рыбныя кансервы, якіх ніколі не было ў доме Колі, пячэнне, цукеркі і
ліманад. У гэты дзень хлапчукі выконвалі работу, якую атрымліваў ад бацькі
Ваня: складалі дровы, мялі падворак, сушылі сена. Ваня адразу ўсе прысмакі не аддаваў, але рабіў
гэта не дзеля выгады, а хацеў, каб Коля як мага больш бавіўся з ім.
Любімым месцам, дзе хлапчукі вялі гамонку,
складалі планы быў дрывотнік. Аднойчы, у час такога “пасяджэння”, Ваня сказаў:
- Каб у мяне былі грошы, я купіў
бы веласіпед.
- А мяне навучыў бы ездзіць на
ім, - спытаў Коля.
- Ну, каб яшчэ паламаў.
- Не дасі і не трэба. А я зараз
пайду катацца на веласіпедзе, - абурыўся Коля. Ён устаў з калоды, на якой
сякуць дровы і пайшоў да дзеда. У яго быў стары польскі “ровар”. Дзеда ў хаце
не было, а веласіпед стаяў замкнёны.
- Вось цяпер я пакатаюся, -
радасна выгукнуў Коля, выводзячы “ровар” з хлява.
- Ды ты ж не ўмееш, - вымавіў
сябра.
- А ты навошта. Трымай, каб я не
падаў.
Але аказваецца не так проста справіцца з
веласіпедам. Ён віхляў у бакі, не хацеў каціцца. Падаў.
- Слухай, давай з горкі, -
прапанаваў Ваня.
Усцягнуўшы
веласіпед на ўзгорак. Коля загадаў сябру трымаць яго, а сам асядлаў машыну.
- Ну, паехалі! - выгукнуў ён.
Ваня злёгку падштурхнуў веласіпед і той пакаціўся
з горкі ўсё хутчэй і хутчэй.
- Тармазі, тармазі, - крычаў
Ваня, - я не паспяваю за табой.
Але спыніць машыну Коля не мог:
тармазоў у “ровары” не было. І Ваня, не паспяваючы за веласіпедам, адпусціў
яго.
- Усё едзеш адзін, - крыкнуў
Ваня.
- Ура, такі навучыўся ездзіць, –
узрадавана закрычаў Коля.
І ў гэты момант веласіпед вільнуў
у бок, пярэдняе кола ўрэзалася ў вялікі камень, а хлопчык, пераляцеўшы праз
руль, утыркнуўся носам у дарожны пыл.
Борздзенька падхапіўшыся, ён падбег да веласіпеда. Пярэдняе кола выгнулася
накшталт лічбы “восем” і ніяк не пракручвалася.
- Давай хутчэй пацягнем назад, -
загадаў ён Вані.
З цяжкасцю зацягнуўшы веласіпед у
хлеў, хлопчыкі вярнуліся у свой “штаб”.
- І зноў папруга, - спачувальна
прамовіў Ваня.
- Трэба было
мацней трымаць веласіпед, - абурыўся Коля.
- А ты чаму не тармазіў. Я ж
крычаў табе.
- Ат, што тут гаварыць. Зрабілі
шкоду – прыдзецца адказваць, - у роспачы вымавіў Коля.
- А давай скажам, што не мы, -
кінуў выратавальную думку Ваня.
Сябры дамовіліся маўчаць аб тым,
што здарылася. Але не мінавала ўвечары бацькава папруга таго месца, якое
заўсёды адказвала за свавольствы Колі. І зноў, у каторы раз адбыўся чарговы
ўрок “выхавання”.
Коля не разумеў, чаму бацька не “выхоўваў”
такім чынам Ваню, а праводзіў з сынам доўгія гутаркі, пасля якіх хлопец плакаў
і доўга не згаджаўся на сябравы выдумкі.
Але аднойчы і Ваня атрымаў лупцоўку,
праўда ад дзеда. І ўсяму віной яго шавялюра. У хлопчыка віліся валася і мянушка
“Баранчык” не давала яму спакою. Гэта і стала тэмай іх размовы на адным з “
пасяджэнняў”.
- Ты змачы валасы вадой і яны
выпрасцяцца, – раіў Коля брату.
- Дык не надоўга. Высахнуць і
закруцяцца яшчэ больш.
-Тады чым-небудзь такім, каб
доўга не сохла. Напрыклад алеем,- гнуў сваю лінію Коля.
- А дзе ты яго возьмеш, таго
алею, - у роспачы вымавіў Ваня.
Гэтую размову Коля ўспомніў на другі дзень,
калі прыйшоў да Вані. У хаце ён застаў дзеда Васіля, які насіў у руках бутэльку
з-пад алею і шукаючы некага заглядаў у шафу, пад ложкі, пры гэтым буркацеў сабе
пад нос:
-
Ах ты нягоднік. Гэта ж трэба, столькі масла
сапсаваў і ўсё на галаву. Заўтра ж абстрыгу
нагола.
Коля заўважыў адкрытае вакно і, усё
зразумеўшы, паціхеньку рушыў у дрывотнік. На вялікай калодцы сядзеў Ваня і хітра ўсміхаючыся, расчэсваў грэбенем валасы.
Вечарам ён пазнаёміўся з дзедавай
папругай, а на заўтра бліскацеў голай галавой. Але “баранчыкам” болей Ваню не
называлі.
Май 1990 год