Вядома, што лёс старога
мураванага касцёла ў Вялікай Бераставіцы багаты на розныя цікавыя гістарычныя
падзеі і, адначасова, трагічны. За сваю доўгую гісторыю святыня здолела
перажыць вялікую колькасць войнаў і іншых катаклізмаў. Храм неаднаразова
рамантаваўся, перабудоўваўся, пераасвячаўся і мяняў назвы, пераходзячы з рук у
рукі, ад католікаў да праваслаўных і наадварот. Аж пакуль у сярэдзіне ХХ ст.
урэшце не аказаўся нічыйным. Ужо больш як 70 гадоў за будынкам замацавалася
куды больш як сціплая назва “Стары касцёл”.
Большасць гістарычных крыніц
гаворыць аб тым, што касцёл у Вялікай Бераставіцы быў пабудаваны ў 1615 годзе
магнатамі Хадкевічамі і асвечаны ў гонар Звеставання Багародіцы.
Поўная яго назва гучыць так – касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі з
Назарэту. Звеставанне – апавяшчэнне Марыі нябеснымі анёламі аб тым, што яна
хутка стане маткай Ісуса.
Летам 1741г. пажар знішчыў драўляны касцёл
Прасвятой Дзевы Марыі. Не пашкадаваў грошаў кашталян кракаўскі Юзаф Мнішак на будаўніцтва ў
гэтым мястэчку новай, ужо мураванай святыні. Моц і веліч гэтай архітэктуры і
сёння здзіўляе жыхароў і гасцей Вялікай Бераставіцы. А як па-майстэрску была
аздоблена ўнутраная прастора касцёла! Драўляная скульптура і разьба была ў
згодзе з алейным жывапісам на дошках і палатне. Стыль позняга барока, які
пераўтварыўся ў грацыёзны і лёккі стыль ракако, спрыяў боскай прысутнасці ў
бераставіцкім касцёле. А некалькі
пазней, на рубяжы ХVІІІ --
ХІХ стагоддзяў, мастакі працягвалі рабіць асабістыя ўклады ў інтэр’ер касцёла.
Напрыклад, Ф. Смуглевіч (1745-1807) намаляваў абраз анёлаў- ахоўнікаў, а
С.Ш.Касакоўскі (1795-1872) – рэлігійную карціну з жыцця Панны Марыі, вядомую
пад назвай “Святая Ганна вучыць
чытаць Панну Марыю”, якая захоўваецца ў новым касцёле В. Бераставіцы.
Нажаль, ад убрання інтэр’ера бераставіцкага
касцёла захавалася толькі карціна
С. Ш. Касакоўскага і статуя Святы Яна
Божага. Лёс гэтага францысканскага манаха, які сапраўды жыў у Партугаліі у ХVІ ст., вельмі падобны лёсу сучаснага
бераставіцкага касцёла, які патрабуе рамонту як лячэння. Бо вядома, што Святы
Ян Божы з’яўляецца заснавальнікам шпітальнага ордэна баніфратраў – міласэрных
братоў, якія займаліся выратаваннем хворых і ўбогіх. Статуя мае высокі ўзровень
выканання, які характэрны майстэрнi
нямецкага скульптара Яна Плерша
(1704-1774).
“Год 1865. Насталі судовыя дні ў Бераставіцы,
дзеці мае каханыя,” – піша ў сваіх “Успамінах” граф Касакоўскі С.К., уладальнік
гэтага мястэчка. Пасля паўстання К.Каліноўскага касцёл Прасвятой Дзевы Марыі зачынілі. Прычына адна: у
Бераставіцы жылі ксёндз Ігнат Казлоўскі і каморнік Фелікс Ражанскі – актыўныя
члены Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі.
Пасля паўстання 1863 года касцёл быў зачынены і перададзены праваслаўнаму духавенству ў 1865 годзе. У 1867 годзе касцёл асвечаны пад тытулам "Царква Спаса Нерукатворнага" .
У першую сусветную вайну,
незадоўга перад уступленнем у мястэчка кайзераўскіх войск, царкоўны прычт эвакуіраваны ў глыб Расіі. Нейкі час храм
выкарыстоўваўся не па прызначэнню, урэшце пакуль у 1920 гг. не быў вернуты
католікам згодна Рыжскага мірнага дагавору.
Па некатарым звесткам бераставіцкі касцёл у міжваенны (польскі) перыяд называлі Петрапаўлаўскім. Справа ў тым, што ў яго алтары ў той час знаходзіліся
драўляныя фігуры Св.апосталаў Пятра і Паўла, якія вылучаліся сярод іншых фігур
алтара (адсюль і назва касцёла). Фігуры выглядалі так: Пётр трымаў вялікія
ключы ад раю, якія даў яму Ісус, а Павел меў у адной руцэ меч, а ў другой
кнігу. Штогод, 29 чэрвеня, у мястэчку
ўрачыста адзначалася свята гэтых апосталаў (Пятра і Паўла). У старым касцёле
падчас святкавання праходзіла 40-гадзіннае набажэнства (імша), на якое
з’язджаліся ксяндзы з іншых мясцовасцяў, а на рынку перад касцёлам у гэты час
праходзіў фэст (кірмаш). Тут можна было купіць розную дробязь: слодыч,
ледзянцы, а таксама малітоўнікі, крыжыкі, абразкі, ружанцы і іншыя літургічныя
рэчы.
Пасля вялікага пажару 30 жніўня 1992 года, які пашкодзіў касцёльны дах, помнік архітэктуры 17-18 ст. не адноўлены і стаіць у руінах. У 2007 годзе рэшткі касцёла Візітацыі Найсвяцейшай Дзевы Марыі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Бібліяграфія:
1. Втарушын, А. Пераўтварэнне Святога Яна ў Бераставіцы. Гістарычны нарыс / Андрэй Втарушын. — Вялікая Бераставіца: Выдавецтва Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага, 2012. — 39 с. іл.
2. Втарушын, А. Сем пёраў страуса для Бераставіцы.
Гістарычны нарыс / Андрэй Втарушын. Выдавецтва раённай цэнтральнай бібліятэкі
імя В. М. Кавалеўскага, 2011. — 42 с.: іл.
3. Вялікая Бераставіца і ваколіцы / галоўны рэдактар
Уладзімір Шпарло — Брэст: ТАА “Рэкламна-інфармацыйнае агенцтва “Вечерний
Брест», 2011. — 96 стар.: ил.
4. Габрусь, Т. В. Мураваныя харалы: Сакр. арх бел барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001. — 287 с.: іл.
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск: БЕЛТА, 2009. — 684 с. іл.
5. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі.
Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору;
Рэд. Кал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 371 с.: іл.
6. Койта, К. З гісторыі
архітэктурных помнікаў Бераставіччыны / Казімір Койта // Памяць: Гіст-дакум.
хроніка Бераставіцкага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 1999. — С. 558.
7. Кулагін, А.М. Каталіцкія
храмы Беларусі / А.М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі. - Мінск:
Бел.Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. - 488 с.: іл.
8. Лушчык, С. Званы старога бераставіцкага касцёла / Сяргей Лушчык //
Бераставіцкая газе. — 10.01.2015 г.
9. Лушчык, С. Унутраны інтэр'ер старога касцёла
/ Сяргей Лушчык // Бераставіцкая газета. — 2015. —
15 жніўня (№ 64). — C. 7.
10. Лушчык, С. Яшчэ раз пра "стары касцёл"
/ Сяргей Лушчык // Бераставіцкая газета. — 2013. —
27жніўня (№68). — C.4.
11. Пацэнка,
М. Храм пад птушыны крыламі / Мікалай Пацэнка // Бераставiцкая
газета. — 2006. — 26 красавіка (№
32). — C.5.