Бераставіччына

Імгла над возерам.Пунцовы ранак.
Каштанаў шум.Сцюдзоная крыніца.
Кудзеля выбеленых сонцам хмарак.
Усё гэта ты , мая Бераставіца.

Мільёны кветак. тысячы людзей.
Лясныя сцежкі. Спелыя чарніцы.
Бусліны клёкат. Звонкі салавей.
І зноў жа ты, мая Бераставіца.

І колькі б потым не прайшло гадоў,
І дзе б не давялося пасяліцца,
Усё ж вяртацца буду зноў і зноў
У любую Бераставіцу
  
       Так   пранікнёна  і з любоў’ю піша пра родную зямлю мясцовая паэтэсса Наталля Бутава. Паэтэсса паказала ў гэтым вершы адданасць і духоўную прывязанасць да роднай зямлі.   У яе радках – пяшчотная прачуласць, глыбокая пашана,  вялікая   любоў да сваіх родных мясцін, прыроды, да мясцовых жыхароў. Можа таму старажылы і называюць сваю Бераставіцу ні казённым словам “пасёлак”, а ласкавым і патаемным – “мястэчка”.  Бо гэта іх роднае “месцечка”, якое абжывалі іх дзяды і прашчуры на працягу многіх стагоддзяў...
Як сведчыць гісторыя, на Бераставіччыне, не было сусветна вядомых падзей.  Але  наш край мае сваю слаўную гісторыю, дзе з сівой даўніны жылі людзі, якія працавалі, кахалі, нараджалі дзяцей, абаранялі сваю зямлю ад ворагаў як з захаду, так і з усходу, як з поўначы, так і  з поўдня. Знойдзеныя археолагамі каля вёскі Малыя Ёдкавічы знаходкі сведчаць, што на Бераставіччыне людзі жылі да нашай эры. Ужо тады яны ўмелі рабіць каменныя прылады працы, вырабляць посуд, апрацоўваць крэмень.  Ганчарнае рамяство атрымала сваё далейшае развіццё ў XI XII ст. Аб гэтым сведчаць раскопкі каля вёскі Верхаўляны, на тэрыторыі свяцілішча, якое з’яўляецца помнікам язычніцкага культу.
І на месцы Вялікай Бераставіцы жыццё пачалося на некалькі стагоддзяў раней, чым аб гэтым сведчаць пісьмовыя дакументы, вядомыя сучаснікам. Вось што апавядае аб гэтым легенда, якая з пакалення ў пакаленне перадаецца сярод жыхароў Вялікай Бераставіцы:
 Даўно гэта было, можа тысяча гадоў таму назад, а можа i болей. I наша мясцоваць тады была зусім іншай, тут нельга было прайсці пехатой, не тое што на кані пераехаць. Ды i коней тады яшчэ ў нашых мясцінах не было, не ведалі ix нашыя продкі. Затое лясы навокал такія стаялі, што крыкнеш з раніцы - да вечара рэха на абшарах гуляе, асесці не можа. А звяр'я усялякага, птушак самых дзівосных было гэтулькі, што лічыць не пералічыць. 3 голаду не памрэш... I рэчка ў той час працякала праз наш край не раўня цяперашняй: шырокая, паўнаводная. Калі стаіш на адным беразе, то другі бераг ледзь відаць было. I не было тады ў яе ні назвы, ні імя.
А жылі на яе берагах мужныя, працавітыя людзі. Мужчыны паляваць на звера хадзілі, а жанчыны за гаспадаркай прыглядвалі ды са шкураў адзенне i абутак шылі.
I жылі дзесці ў гэтых краях прыгожы, ростам ладны i да работы здатны юнак, якога ўсе празвалі за яго прыгажосць i статнасць Бераст. А ў суседняй сям’і жыла не менш прыгожая, увішная i да сямейных клопатаў спраўная дзяўчына з прыгожым імем Тавіца. 3 дзяцінства ведалі яны адзін аднаго, i калі прыспела часіна, то й мілавацца сталі. Такое ўжо каханне ў іх распачалося, што i расказаць пра яго цяжка. Глядзяць людзі, зайздросцяць. Кожны, вядома, маладосць сваю прыгадвае. Не адна сляза скацілася на грудзі ў мужчын i жанчын.
Усе было б добра, ды бацькі дзяўчыны ніяк не маглі пагадзщца на ix шлюб. I тады вырашылі маладыя: трэба ўцякаць i шукаць сабе новае месца для сумеснага сямейнага жыця.
Познім вечарам, калі месяц за хмаркі схаваўся, Бераст i Тавіца селі ў човен i паплылі ўніз па рэчцы шукаць сабе прытулку для сямейнага шчасця.
На досвітку хлопец i дзяўчына падплылі да берага. Знайшлі на пагорку ўтульнае мястэчка, перакусілі, чым бог паслаў ды й задрамалі. А калі прачнуліся, дык раніца светлая навокал праменні рассыпала, нібы ад вогнішча вугольчыкі раскідала. Тавіца працёрла вочы i прашаптала:
- Любы мой, прыгажосць навокал якая. Глядзі...
Азірнуўся Бераст i сказаў:
- Такой удалай мясціны не кожны можа знайсці. Усе для жыцця ёсць: i лес i рэчка побач, i луг зялёны. А што яшчэ людзям для жыцця патрэбна?..3 таго часу, не разгінаючыся, сталі працаваць Бераст i Тавіца, спяшаліся, каб да маразоў сякое-такое жыллё збудаваць.
Праз некалькі гадоў гэтую мясціну нельга было пазнаць, так распрацавалі i змянілі яе муж з жонкай. А тут i дзеткі пайшлі, ды й здругіх куткоў люд прыблудны стаў пасяляцца. I сталі месца тое называць па імёнах першых пасяленцаў: Бераст i Тавіца. Бе-рас-тавіца....
Легенда легендай, але вось нядаўна ў Бераставіцы знойдзена каменная сякера, якую навукоўцы адносяць за трэцяга тысячагоддзя да нашай эры.
У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі знаходзяцца ганчарныя вырабы, бранзалеты, завушніцы, якія знойдзены ў Бераставіцы (мяркуецца, пры будаўніцтве новага касцёла) і адносяцца да XIXII стагоддзяў ( іх перадаў у музей граф Касакоўскі). Але так ужо агульнапрынята, што ўзрост гарадоў і вёсак адлічваецца ад часу іх першага ўпамінку ў гістарычных дакументах.

З тых пісьмовых крыніц, што вядомы сёння даследчыкам, упершыню ўпамінаецца Бераставіца з навакольнымі вёскамі ў 1506 годзе ў Грамаце Вялікага князя Літоўскага, караля Польшчы Аляксандра Ягелончыка аб падараванні гэтых паселішчаў і земляў Аляксандру  Хадкевічу, вядомаму дзяржаўнаму дзеячу таго часу, за службу Айчыне.

ДАРАВАЛЬНАЯ  ГРАМАТА (ПРЫВІЛЕЙ) КАРАЛЯ ПОЛЬСКАГА I ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ ЛІТОЎСКАГА АЛЯКСАНДРУ ХАДКЕВІЧУ НА ВАЛОДАННЕ ВЯЛІКАЙ БЕРАСТАВІЦАЙ I ІНШЫМІ ЗЕМЛЯМІ
12 ліпеня 1506 г.
Мы, Аляксандр, ласкаю божай кароль Польскі, Вялікі князь Літоўскі, Pycкi, князь Прускі, Замойскі i іншых зямель i народаў гэтай Граматай пацвярджаем сваім подданным i ix будучым нашчадкам, каму ведаць гэта захочацца, вялікія заслугі продкаў вяльможнага пана Aляксандра Хадкевіча перад Айчынай, i яго бацькі перад уладаром нашым светлай памяці яго міласці каралём Kaзiмipaм, якім яны аддана i верна служылі, не шкадуючы жывата свайго i ciл свaix. Ушаноўваючы яго верную i самаадданую службу каралю, Вялікаму князю Літоўскаму i Айчыне i каб надалей ён ахвотна рабіў гэта i, жадаючы яго за такую службу ўзнагародзіць, мы падаравалі яму Радаўляны, Паплаўчаны, Спудзвілавічы з усімі ў гэтых сёлах людзьмі, што ў Бераставіцы сядзяць, i таксама Селянікі, i Канюхі, i Кавалі i людзьмі, якія ў гэтых сёлах жывуць, з усімі тых людзей ворыўнымі землямі, i барамі, i лясамi, і дубравамі, i звярынымі ўгоддзямі, i птушынымі ловамі, i сенажацямі, а таксама з рэкамі і ручаямі, з вадаёмамі i азёрамі рыбнымі, i мельніцы з іх рыштункамі, i бабрыныя гоны з грашовай данінай i мядовым, i бабрыным, i куніцавым дзяклом i з усімі іншымі выгадамі, якія могуць быць... Даравалі i гэтым пісьмом нашым на вякі запісваем тыя памянёныя сёлы: Радаўляны, Паплаўчаны i Спудзвілавічы i людзей ycix гэтых сёл, вольных i цяглавых, i Селянікі, i Канюхі, i Кавалі, i тыя людзі, што ў Бераставіцы сядзяць, іх землі ўсё пану Аляксандру Хадкевічу i будучым ix нашчадкам i ix блізкім родзічам на часы вечныя належаць. Яны маюць права гэтыя сёлы, i людзей, i ix зeмлi з ix гаспадаркай прадаць, падараваць, абмяняць, расшырыць для свайго карыстання, як захочацца iм i ix нашчадкам. Пры напісанні Граматы прысутнічалі пан Рады нашай, Маршалак дворны, уладар Бельскі i Уценскі князь Mixaiл Глінскі, ваявода Полацкі пан Cтaнicлaў Глябoвiч i іншыя паны Рады нашай. А для лепшай пэўнасці i большай цвёрдасці i пячатку нашу прыклалі да пісьма нашага. Пicaнa ў Biльнi ў лета сем тысяч чатырнаццатае месяца ліпеня, на дваццаты дзень індыкат дзевяты.
У ліпені 1563 года ўжо яго сыну, Вялікаму старасце Вялікага княства Літоўскага, Рыгору Хадкевічу “за успешно проведенные переговоры о перемирии с Великим князем Московским, которые он вёл с большим риском и государственной мудростью” пераходзяць у пажыццёвае валоданне “фальварак Клепачы з пабудовамі, землямі і царквой, што знаходзяцца пры ім”, а таксама навакольныя вёскі.
У 1588 годзе ў час інвентарызацыі каралеўскіх і вялікакняжацкіх уладанняў, да якіх адносіліся і некаторыя бераставіцкія вёскі, даецца падрабязная сацыяльна-эканамічная характарыстыка становішча сялян вёсак Кавалі, Валотынь, Рымуцеўцы, Каенеўцы, Князевічы, Грайна, Одла і іншых. Можна лічыць, што гэта першае ўпамінанне гэтых вёсак у пісьмовых дакументах.
На карце Вялікага княства Літоўскага, выдадзенай упершыню ў 1613 годзе, Бераставіца ўжо пазначана як мястэчка Гродзенскага павета , якое знаходзіцца на перакрыжаванні важнейшых тагачасных гандлёвых шляхоў.Афіцыйна мястэчкам стала паводле прывілея Аўгуста ІІ у 1725 г.
Як сцвярджаюць хронікі, у 1615 годзе ў мястэчку па фундацыі Гераніма Хадкевіча пабудаваны касцёл, які быў асвечаны ў імя Прасвятой Дзевы Марыі. У пачатку 1800-х гадоў пры касцёле была адкрыта парафіяльная школа, у якой вучыліся дзеці мясцовай шляхты, мяшчан і сялян. Як адзначаў расійскі даследчык П.В.Баброўскі, гэта была першая школа такога тыпу на Гродзеншчыне.
Частым госцем нашага мястэчка быў  знакаміты прадстаўнік роду Хадкевічаў, праслаўлены ваенаначальнік свайго часу, Вялікі гетман Вялікага княства Літоўскага, герой вайны Рэчы Паспалітай са шведамі Ян Караль Хадкевіч. Ён у 1621 годзе яшчэ разграміў і войска Асманскай імперыі ў бітве пад Хацінам (цяпер Украіна) і гэтым выратаваў Заходнюю Еўропу ад асманскага нашэсця і распаўсюджвання на хрысціянскіх землях іслама. За гэта ён атрымаў нават падзяку ад папы рымскага. І так упадабаў Вялікі гетман новы храм і гэтае мястэчка з такім ласкавым жаночым імем Бераставіца, а легенда апавядае --  не толькі мястэчка, але ўпадабаў і бераставічанку – што завяшчаў пасля сваёй смерці (ці пагібелі пад час бітвы) пахаваць сваё сэрца ў саркафагу ў скляпеннях храма. Што, як сцвярджаюць шматлікія гістарычныя крыніцы, і было зроблена ў 1621 годзе пасля яго смерці пад тым жа Хацінам.
         У 1754 г. Вялікая Бераставіца атрымала Магдэбурскае права, гэта значыць права на самакіраванне, а разам з ім герб з выявай вавёркі і адпаведныя льготы для жыхароў мястэчка. Была пабудавана ратуша.
Бераставіччына, як і ўся Беларусь, спрадвеку была арэнай крывавых канфліктаў, жорсткага супрацьстаяння розных дзяржаў. І заўсёды цярпела  ад забойстваў, пажараў, рабаўніцтва, гвалту наш бераставіцкі люд.
Так было і ў час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй у 1600-1629 гг. (бітва каля Малой Бераставіцы), і ў час вайны Расіі са Швецыяй (бой каля в.Краснае), і ў расійска-польскія войны. Крывавая драма разыгралася ў Вялікай Бераставіцы 19 верасня 1794 года. У баі вайсковых падраздзяленняў царскай арміі з паўстанцамі Тадэвуша Касцюшкі, якімі камандаваў палкоўнік Хлівінскі, загінула больш за 200 чалавек. У гэтай бітве, прымаў удзел камандзір экскадрона,маёр  князь Пётр  Баграціён. Той самы Баграціён, што камандаваў рускай арміяй у 1812 годзе ў вайне з французамі і штаб якога стаяў на пачатку вайны ў Ваўкавыску.
У 1863 паўстанне Кастуся Каліноўскага таксама захапіла Вялікую Бераставіцу. Сам Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў в. Мастаўляны (цяпер Польшча) Галынкаўскай воласці, яе цэнтр знаходзіўся ў Бераставіцкай  Галынцы, у дзяцінстве неаднаразова бываў у Бераставіцы на яе славутых кірмашах, ды і за абноўкамі разам з бацькам сюды часцяком прыяджаў. Таму што ў бераставіцкіх крамах і тавару было багата і выбар быў разнастайны, ды і местачковыя гандляры давалі тавар у крэдыт. А ў пачатку 1860-ых гадоў у нашым мястэчку ў Каліноўскага былі патаемныя сустрэчы са сваімі паплечнікамі-аднадумцамі, паэтам Феліксам Ражанскім і настаяцелем касцёла Прасвятой Дзевы Марыі ксёндзам Ігнаціем Казлоўскім. Менавіта яны дапамагалі Каліноўскаму арганізоўваць выданне і распаўсюджванне першай беларускай рэвалюцыйнай газеты “Мужыцкая праўда”. Некаторыя даследчыкі выказваюць меркаванне, што яе першыя нумары друкаваліся ў Вялікай Бераставіцы ў скляпеннях таго самага касцёла. Нездарма ж Віленская следчая камісія па справах паўстанцаў, а потым і ваенна-палявы суд, завочна прыгаварылі Ігнація Казлоўскага да смяротнага пакарання. 
Гістарычныя крыніцы,  французскія, нямецкія, польскія  ваенныя пахаванні сведчаць аб тым , што на “ нашай зямлі” праходзілі  жорсткія баі і ў час вайны з Напалеонам, і ў першую сусветную вайну, і ў 1920 годзе пад час савецка-польскай вайны.   
У ліпені 1920 года, калі часці Чырвонай Арміі вызвалілі Бераставіччыну ад польскіх легіянераў, тут былі арганізаваны рэўкомы, якія прыступілі да арганізацыі савецкай улады. Беззямельныя і малазямельныя сяляне надзяляліся зямлёй, ствараліся першыя сельскагаспадарчыя камуны, арганізоўвалася школьная сістэма.
Але нядоўга трымалася савецкая ўлада на Бераставіччыне. У верасні 1920 года часці Чырвонай Арміі, пасля паражэння пад Варшавай, вымушаны былі адступаць. Камандаванне Заходняга фронту на чале з Тухачэўскім прыняло рашэнне замацавацца на рубяжы ракі Свіслач, сканцэнтраваўшы тут некалькі дывізій, і даць рашучы бой легіянерам, а затым перайсці ў контрнаступленне. Чатыры дні  ішлі баі паміж варожымі бакамі на лініі Каласы - Клепачы – Гарбачы – Кватары –Паўлюшкі – Вялікая Бераставіца – Карпаўцы – Малая Бераставіца... У іх з абодвух бакоў удзельнічала некалькі пяхотных дывізій, артылерыя, кавалерыя і нават авіяцыя.
Як сведчаць гістарычныя мемуары, салдаты як з аднаго, так і з другога боку праяўлялі мужнасць і гераізм, кожны змагаючыся за сваю праўду. Вышэй пералічаныя населеныя пункты, захлістываючыся ад агню і дыму, на працягу дня некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Па сведчанню польскіх ваенных спецыялістаў таго часу, баі пад Бераставіцай у савецка-польскай вайне 1920 года былі значнай аперацыяй, як з тактычнага так і стратэгічнага пункту гледжання для абодвух бакоў. З савецкага боку тут ўпершыню на Заходнім фронце прымала ўдзел нават авіяцыя. Мужнасць як савецкіх, так і польскіх салдат заслугоўвае павагі і добрай людской памяці.
У 1921-1939 гадах, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы, на Бераставіччыне дзейнічалі нацыянальна-асветніцкія і нацыянальна-вызваленчыя арганізацыі Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Таварыства беларускай школы, падпольныя Бераставіцкі, Алекшыцкі, Галынкаўскі райкомы КПЗБ (Камуністычная партыя Заходняй Беларусі) і КСМЗБ (Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі), якія абуджалі нацыянальную самасвядомасць грамадства, прапагандавалі нацыянальную культуру, змагаліся за сацыяльныя правы і нацыянальнае вызваленне, за ўз’яднанне з БССР. З Вялікай Бераставіцай, вёскамі Жабры, Жукевічы, Кавалі, Карпаўцы, Малая Бераставіца цесна звязаны пачатак падпольнай рэвалюцыйнай дзейнасці Сяргея Восіпавіча Прытыцкага. У 1930-1933гг. ён, тады сакратар падпольных Крынкаўскага раённага, Гродзенскага акруговага камітэтаў КСМЗБ, неаднаразова бываў тут, сустракаўся з людзьмі, праводзіў інструктыўныя нарады з падпольшчыкамі, арганізоўваў маёўкі і  палымяна выступаў на іх. У раёне і сёння жывуць людзі, якія сустракаліся з ім і добра памятаюць яго.
У верасні 1939 года Заходняя Беларусь уз’ядналася з БССР. 15 студзеня 1940 года разам з іншымі ўтвораны Крынкаўскі раён, які ўваходзіў у склад Беластоцкай вобласці (утворана 4 снежня 1939 года). У яго ўвайшла амаль уся тэрыторыя цяперашняга раёна (Кватарскі і Грыцавіцкі сельсаветы ўваходзілі ў склад Свіслацкага раёна).
Пачалося будаўніцтва савецкага ладу жыцця. Адкрываліся школы, амбулаторыі, бальніцы , малазямельныя і беззямельныя сяляне надзяляліся зямлёй. Пачалася калектывізацыя. У лютым-сакавіку 1940 года створаны калгасы ў  вёсках Гольні, Кудрычы, Масаляны, Ярмолічы. У маі 1941 года ў раёне было 22 калгасы. Для аказання ім дапамогі ў правядзені сельскагаспадарчых работ на базе маёнтка Малая Бераставіца створана МТС ( машына - трактарная станцыя).
У маі – чэрвені гэтага ж года некалькі калгасаў раёна,  а таксама асобных перадавікоў гаспадарак прымалі ўдзел ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы.
22 чэрвеня 1941 года – трагічны дзень, які паставіў крывавую кропку над мірным, поўным надзей і спадзяванняў жыццём.У першыя гадзіны вайны на ваенны аэрадром у Кватарах і чыгуначную станцыю Бераставіца пасыпаліся варожыя бомбы.У час вайны на Бераставіччыне дзейнічалі асобныя аператыўныя і дыверсійныя групы партызанскіх атрадаў  “Звязда”, “Камсамол Беларусі”, імя Матросава, імя Каліноўскага партызанскай брыгады імя Кастуся Каліноўскага, партызанская група “Гроза”, падпольны Крынкаўскі райкам камсамола. Наш рэгіён часткова таксама ўваходзіў у зону дзеянняў падпольных Гродзенскага і Свіслацкага райкамаў партыі. У зоне дзеяння Гродзенскага падпольнага гаркама камсамола, які ўзначальвала бясстрашная камсамолка-партызанка з вёскі Лаша Вольга Соламава, быў не толькі горад Гродна, але і тэрыторыя Гродзенскага, Скідзельскага, Сапоцкінскага і Крынкаўскага раёнаў. 2 лютага 1944 года ў баі з нямецкімі захопнікамі каля вёскі Жорнаўка Вольга Соламава гераічна загінула.
20 ліпеня 1942 года немцы спалілі вёску Верхаўляны, а мужчын вывезлі ў Беласток і расстралялі. У першы год  акупацыі сотні яўрэяў, якія жылі ў Бераставіцы і асобных вёсках, фашысты сагналі ў гета, а потым вывезлі і знішчылі. Такі лёс напаткаў многіх жыхароў Бераставіччыны. Сотні нашых землякоў загінула і на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Іх памяць увекавечана ў помніках і абелісках, на Сцяне Памяці ў райцэнтры.
16 ліпеня 1944 года Бераставіччына была вызвалена ад нямецкіх акупантаў. Пачалося аднаўленне разбуранай гаспадаркі. Органы раённай улады спачатку размясціліся ў Крынках, а ў жніўні пераехалі ў Бераставіцу. У гэтым жа месяцы пачынаецца работа па аднаўленні хлебапякарні, рамонту бальніц, школ, прымаецца рашэнне аб выданні раённай газеты. 20 верасня гэтага ж года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР створаны Гродзенская вобласць і Бераставіцкі раён.
Вялікай падмогай сельскай гаспадарцы стала аднаўленне ў Малой Бераставіцы ў верасні 1944 года МТС, у якой спачатку было толькі некалькі трактараў і адзін камбайн. У Белым Дворку адкрылася раённая бальніца, пачаліся работы па адбудове разбуранных у час вайны маслазавода і электрастанцыі ў Бераставіцы, Айцоўскага спіртзавода. Для больш эфектыўнай работы мясцовай прамысловасці ў снежні 1944 года арганізаваны райпрамкамбінат, у структуру якога ўвайшлі млыны, швейныя, абутковыя, сталярныя і іншыя майстэрні. У гэтым жа годзе адноўлены першы пасляваенны калгас “Кастрычніцкая рэвалюцыя” у в. Людзвінова. У 1945 годзе ў вёсцы Стары Дворац утвораны калгас, які назвалі яго “Перамога”. У той жа час у Старым Дворцы арганізаваны дзіцячы дом для сірот, у якім на дзяржаўным забеспячэнні знаходзілася больш за 100 дзяцей.
У 1945 годзе ў сувязі з падпісаннем паміж СССР і Польскай Народнай Рэспублікай пагаднення аб свабодным выездзе  палякаў у Польшчу, а беларусаў – у БССР дзесяткі і сотні сямей выехалі з родных месцаў як у Польшчу, так і Беларусь. У 1947 годзе Указам Прэзыдыума Вярхоўнага Савета БССР Вялікай Бераставіцы надаецца статус гарадского пасёлка. У той жа год пачынаецца яшчэ адно, больш жорсткае перасяленне, якое закранула жыхароў прыгранічных вёсак. Там ужо ніхто не цікавіўся іх жаданнем. У сувязі з падпісаннем дагавора аб дэмаркацыі савецка-польскай граніцы сотні сем’яў перасяляліся з Галынкі, Рудаўлян, Уснара Дальнага і іншых пагранічных вёсак.
Пасля вайны, ў першую пяцігодку, актыўна праводзілася калектывізацыя, якая была ў асноўным завершана ў 1950 годзе. У раёне было арганізавана больш за 70 калгасаў, ледзь не ў кожнай вёсцы – калгас.
У пачатку 50-х гадоў пачалося іх узбуйненне. У 1953 годзе іх заставалася 16. Сельскагаспадарчая  вытворчасць стала больш эфектыўнай. Ужо ў 1958 годзе ў раёне на 4 цэнтнеры павялічылася ўраджайнасць зерневых і склала 15 цэнтнераў з гектара, а ў саўгасе “Бераставіцкі” (цэнтр-Масаляны) – 19 цэнтнераў. У два разы павялічыліся надоі і ў сярэднім склалі 1940 кілаграмаў ад каровы. Мяса рэалізавана 840 тон, што на 415 тон больш, чым у 1953 годзе.
13 лютага 1960 года да Бераставіцкага раёна далучаны Грыцавіцкі і Кватарскі сельсаветы, якія ўваходзілі ў склад Свіслацкага раёна. А 25 снежня 1962 года Бераставіцкі раён ліквідаваны, а яго тэрыторыя далучана да Свіслацкага раёна.
30 ліпеня 1966 года раён адноўлены. У гэты год на палях раёна атрымана збожжавых па 10,3 , бульбы – 109, цукровых буракоў – 240 цэнтнераў з гектара, а ў калгасах “Гвардыя” (цэнтр – в. Вялікія Эйсманты), імя Леніна (цэнтр – в. Алекшыцы), саўгасе “Бераставіцкі” ураджайнасць зерневых склала 13-15 цэнтнераў. Гэта былі параўнаўча высокія паказчыкі сярод іншых раёнаў
У гэтым жа годзе раён выйшаў пераможцам у рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве і быў узнагароджаны пераходным Чырвоным сцягам ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР, а старшыні калгаса “Гвардыя” А.М.Варанецкаму прысвоена ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы. У 1967 годзе гэты калгас узнагароджаны вышэйшай дзяржаўнай узнагародай СССР – ордэнам Леніна.
Штогод узрастала эфектыўнасць народнай гаспадаркі, паспяхова выконваліся эканамічныя і сацыяльныя планы. Раён неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі і Дыпломамі, пераходнымі Чырвонымі сцягамі ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ, а таксама ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, аналагічнымі ўзнагародамі абласнога ўзроўню. Працоўныя калектывы заносіліся на Усесаюзную і Рэспубліканскую  Дошкі гонару.
У пачатку 1980-х гадоў раён, як і іншыя рэгіёны рэспублікі, у сілу вядомых абставін, звязаных з распадам СССР, пачаў страчваць свае пазіцыі ў сацыяльна-эканамічным развіцці. Але пачынаючы з другой палавіны 90-х і асабліва ў апошнія гады мінулай пяцігодкі аб’ёмы сельскагаспадарчай вытворчасці пачалі ўзрастаць. Па многіх паказчыках раён заняў прызавое месца сярод лідэраў не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Знамянальным у гэтым плане быў 2004 год, калі паказчыкі ў сельскагаспадарчай вытворчасці перавысілі узровень самых спрыяльных гадоў савецкага часу.
Аналізуючы ў цэлым вынікі мінулай пяцігодкі, можна адназначна сказаць, што 2001-2005 гады для Бераставіччыны былі пяцігодкай шматгранных станоўчых змен. Раён неаднаразова займаў першыя месцы ў вобласці і рэспубліцы, узнагароджваўся за высокія паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці. У 2002 годзе – першае месца ў аграпрамысловым комплексе рэспублікі і першае месца ў вобласці па прамысловасці, транспарту і развіццю сферы паслуг.
У 2004 годзе на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі - 2004” раён узнагароджаны Ганаровым дыпломам, як пераможца рэспубліканскага спаборніцтва сярод раёнаў Гродзеншчыны па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур.
У 2005 годзе Бераставіцкаму раёну прысуджана першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве за высокую культуру земляробства.
У прамысловасці тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці за пяцігодку павялічыўся на 77,5 працэнта. З году ў год пашыраецца асартымент выпускаемай прадукцыі, паляпшаецца яе якасць.
Бераставіччыну ў розны час наведвалі вядомыя палітычныя і дзяржаўныя дзеячы Беларусі. Тут бывалі К.Т.Мазураў (1-ы сакратар ЦК КПБ у 1956-65 гг.), П.М.Машэраў (1-ы сакратар ЦК КПБ у 1965-80гг.), С.В.Прытыцкі (сакратар ЦК КПБ, намеснік старшыні Савета Міністраў, Старшыня Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР у 1968-71гг.), Г.С.Таразевіч (Старшыня Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР у 1985-89гг.), Ц.Я. Кісялёў (Старшыня Савета Міністраў БССР у 1959-78гг.), А.Н. Аксёнаў (Старшыня Савета Міністраў БССР у 1978-83 гг., 1-ы сакратар ЦК КПБ у 1980-1983 гг.). Двойчы раён наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка.
На Бераставіччыне бывалі Патрыярх усяе Русі Алексій II, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. У гасцях у бераставіцкіх працаўнікоў былі вядомыя выканаўцы: Віктар Вуячыч, Яраслаў Еўдакімаў, Тамара Раеўская, вакальна-інструментальны ансамбль “Песняры” пад кіраўніцтвам   Уладзіміра Мулявіна (1977г.) вядомыя пісьменнікі: Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Рыгор Барадулін, Сяргей Грахоўскі, Анатоль Астрэйка, Генадзь Дзмітрыеў, Леанід Дайнэка, Яўгенія Янішчыц; кампазітары: Ігар Лучанок, Леанід Захлеўны; і іншыя.
                                          

                          Бераставічына мая, Бераставіца!
                         Да болю любы і радзімы край...
                         Дзіўлюся і ніяк не надзівіцца
                        На твой зямны і непаўторны рай.....