Паважаныя чытачы! Пры Бераставіцкай раённай бібліятэцы дзейнічае праграма “Дыстанцыйная прававая дапамога насельніцтву” для малазабяспечаных грамадзян. Кожны другі аўторак месяца Вы маеце магчымасць атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю на хвалюючыя Вас пытанні.
         

Часопіс "На Нёманскай хвалі" прапануе вашай увазе некаторыя ўрыўкі з вершаў Гродзенскіх паэтаў.


Войтка Ірына Антонаўна нарадзілася 23.10.1961 г. у в. Каралін Зэльвенскага раѐна Гродзенскай вобласці. Паэтэса, член СПБ. Кіруе Слонімскім літаратурным аб’яднаннем. Аўтар кніг “Спасціжэнне” і “Пагляджу вачамі неба”. Жыве ў г. Слоніме.



            

Роднае слова

Дораць мне кветкі за вершы,
дораць мне кветкі за словы.
Я не апошняй, не першай
была ў цябе, родная мова.

Скарб свой сабраны прынесла
дзецям — у сэрцы, у вушы...
Родная ўсцешыла песня
і перапоўніла душы.

І загучала пад небам:
“дзякуй”,
“прабач”,
“калі ласка”...
З роднаю мовай — да хлеба,
З роднаю мовай — у казку.

Я вас прашу: беражыце
і блаславіце нанова
сэнсу зямнога аснову —
роднае слова.


Ірына Данік










Доля

Ад вады, ад зямлі, ад матулі
Гэты боль у яе, гэты звон.
Беларускую мову святую
Уздымае да месяца ён.
Лета... Восень... Сялянская доля —
Жаць і сеяць, каб праўда была.
Наш палетак — бяскрайнае поле,
Да і крылле — з размахам арла.
А з дарогі вяртае дадому
Беларускае скрыпкі туга.
Наша родная вёска, вядома,
Сын маленькі, крыніца і гай.
Зноў, як думка, імклівая чайка
Абдымае бяскрайні абшар...
Можа гэта — Пашкевічанка,
А праменне — яе душа?...
Усміхаецца кветкамі поле,
І галінкамі свеціцца сад.
... Паглядзі: не маркоціцца болей

Беларусі шчаслівы пагляд...


       
Кебіч (Вайтулевіч) Людміла Антонаўна - 17.07.1951 года. Нарадзілася ў г.п. Краснасельскі Гродненскай вобласці Ваўкавыскага раёна ў сям’і настаўнікаў.Паэтэса, музычны педагог. Ганаровы член СПБ. Вучылася з 1958 па 1967г.г. у Краснасельскай СШ, адначасова – мясцовай музычнай школе па класе фартэпіяна, з 1967 па 1971 г.г. – на адзяленні тэорыі музыкі ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, з 1976 па 1981 г.г. – на філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы (руская мова і літаратура). Лаўрэат прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” па намінацыі “Пісьменнік года” - 2002 . З 2005 года – старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ. Пачала друкавацца ў газетах “Зорька”, “Піянер Беларусі” ў 1962г


Маёй Радзіме
(ўрывак з верша)



Мая ласкавая, пяшчотная

Радзіма,

сагрэй мяне агнём сваёй любові,

і, можа, я адтану ўсім на дзіва,

знайду адхланны тон у роднай
мове.
Твая любоў — найдарагі
мне падарунак.
Якое шчасце жыць,
дзе нарадзіўся!
Дзе першы крык — як першы
паратунак —
з жыццём айчыны назаўсёды
зліўся.
Ты прыгарні мяне зялёнымі
рукамі
палёў вясновых і лугоў
квяцістых
ды правядзі сваімі доўгімі
шляхамі
да рэк крыштальных і азёраў
чыстых.
О, як прыемна засынаць
пад шапаценне
дуброў вячыстых, залатога
збожжа,
няхай не сонцам быць зіхоткім,
але ценем,
ды толькі каб пад небам
тваім гожым.......

Закалышы мяне
(ўрывак з вершу)

Закалышы мяне, закалышы
Пахам начных фіялак,
зорнаю музыкай сініх вышынь,
доўгага дня фіналам.

Ды праспявай не ўрачысты гімн —
сціплую калыханку:
як убяруцца ў расу лугі
заўтра на светлым ранку.....



Тамара Міхайлаўна МАЗУР (Баўтрукевіч) нарадзілася 30 лістапада 1964 года ў вёсцы Лазы Ваўкавыскага раёна. Скончыла Роскую сярэднюю школу і факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

      Тамара Мазур – аўтар трох надрукаваных у мінскіх выдавецтвах зборнікаў паэзіі – «Спакуса траўня» (Полымя, 1995 г.), «Ваўкавыск – радзімка Беларусі» (Беллітфонд, 2005 г.) у сааўтарстве з Т. Кашавой, «Пакуль кахаю» (Тры чвэрці, 2013 г.). А таксама чатырохтомніка «Беларусачка» (2012 г.) на двух электронных аптычных дысках (СD-ROM), якія заховаюцца ў фондзе Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага.

Сяброўства

Загаіць твой боль па іншай
не спрабую:
прэч каханне адганяю
і.... сябрую.

А ці трэба быць сяброўкай
выпадковай —
разумець, што быць з Табою
мне часова —

Для загойвання, лячэння
Даўніх ранаў —
І чакаць, калі Тваёю
Музай стану.


Тваё імя

Сярод спакусаў свету ёсць адно —
Тваё імя,  прыгожае надзіва.
Яно,  нібы каўказскае віно,
З яго мой свет становіцца шчаслівым.

З яго мой свет адкрыты для любві...
Тваё імя пяшчотна прамаўляю,
Яно няўзнак дыктуе мне: “Жыві...
Цяпер і тут, у гэтым родным краі”.

Тваё  імя на вуснах — не палын,
А мёд, сабраны з кветкавых тычынак.
І не знайсці цяпер ужо прычын
Для адзінотных, без цябе, хвілінак.


 Мікола Мятліцкі

      Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта(1977). Працаваў карэспандэнтам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1977—1983), старэйшым рэдактарам рэдакцыі крытыкі, літаратуразнаўства і драматургіі выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1983—2002). У 2002—2014 гадах галоўны рэдактар часопіса «Полымя».


Быстрыцкі касцёл
(ўрывак з верша)

Лясная ціша навокал
І крутабокі бераг стромы.
Тут размяняў ужо век сёмы
Славуты Быстрыцкі касцёл.

Калісь закладзены Ягайлам,
Ускінуў гордыя крыжы.
З забытай прошласці імжы
Сягоння ў новы дзень сягае.

Алена Вітальеўна Руцкая нарадзілася 11 студзеня 1950 года ў вёсцы Дзякаўцы Шчучынскага раёна ў сям’і служачых. Чытаць навучылася вельмі рана, у 5-гадовым узросце. Напэўна, таму першыя вершы будучай паэтэсы пачалі з’яўляцца яшчэ ў малодшым узросце. 

      У 1982 годзе Алене Руцкай прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы”. У 1986 годзе – “Заслужаны настаўнік Беларусі”.
     З 1985 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
З 1992 г. жыве ў Гродна. Працуе ў Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Янкі Купалы, выкладае методыку літаратуры, рыторыку. Супрацоўнічае з абласным інстытутам удасканалення настаўнікаў.

Алімпіядка

У даўніх казках і паданнях
Ёсць заўжды выпрабаванні,
Дзе не сілаю, не зброяй
Зло адольваюць героі.
Розум, кемлівасць заўжды
Выратоўвалі з бяды.
Тры загадкі задавалі,
Але веды выручалі —
З назіральнасцю ў падмогу
Здабывалі перамогу.
І цяпер жывуць загадкі —
Для дзяцей — алімпіядкі,
Каб спаборнічаць маглі
І ў ведах, і ў гульні.


      
Вікторыя Смолка – нарадзілася 22 сакавіка 1996 года ў Гродне. Вікторыя  – студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы філалагічнага факультэта, са школьных гадоў удзельніца шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і фестываляў творчых дзяцей і моладзі. З маленства піша вершы на беларускай і рускай мовах, захапляецца музыкай і літаратурай. Яе паэтычныя творы пра “Дзяўчынку і Мару”, пра “Вясніцу” і “Вяснянку”, пра “Сінякрылы цягнік” добра вядомыя чытачам “Літаратуры і мастацтва”, “Маладосці”, “Белай вежы”, “Новаму замку”, “Паэзіі Мегаполіса”, “Перспектыве” і г.д.



(Ўрывак з вершу)

Я чакаю вясну — ручаі і пралескі,
Абуджэння нябеснага гулкай ракі,
Каб ад хваляў блакітных вясёлыя песні
Неба сыпала сонечныя медзякі.

Я чакаю таго, хто чаканню спрыяе,
І таго, хто мяне называе вясной.
За акном — за акенцам сняжынкі павялі,

Але хутка зямля пабялее ізноў......

Сучкова Таццяна Аркадзьеўна    
   Нарадзілася  4.01.1956 года ў в. Губачава Кіняшэмскага раёна Іванаўскай вобласці (Расія) у сям’і рабочай і служачага. Дзіцячая пісьменніца. Член СПБ. З 1971г. жыве ў г.Гродна. Скончыла СШ №3 Г.Гродна.  У 1979 годзе закончыла філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы. Працавала выхавальнікам у дзіцячым садку в.Панямунь Гродзенскага р-на. Зараз працуе бібліятэкарам у дзіцячай бібліятэцы № 6 г.Гродна.  
          Друкавалася ў раённых, абласных і рэспубліканскіх газетах і часопісах (“Сельская навіна”, “Аркуш”, “Гродзенская праўда”, “Вясёлка”, “Гаспадыня”, “Пралеска”, “Пачатковая школа”, “Зорька”, “Качели» і інш.), а таксама ў расійскай дзіцячай раман-газеце (2005). Піша на рускай і беларускай мовах.

Вавёрачка

Падаў белы снег пушысты
Над рачулкаю празрыстай.
Нібы свечкі, дрэвы ззялі
Ды з-за гурбаў выглядалі.
Цёмны бераг пабялеў,
І вавёрачка ля дрэў
Вельмі весела скакала,
Рудым хвосцікам махала,
То мільгала, як страла,
То агеньчыкам была:
Узлятала над кустамі
І блакітнымі слядамі
Снег між елак вышывала,
І вакол прыгожа стала.