29.07.2021г. Краязнаўчая гадзіна - прэзентацыя “Ад Алекшыц да Эйсмантаў: час, прастора, лёсы”

У філіяле "Алекшыцкая сельская бібліятэка" адбылася краязнаўчая гадзіна - прэзентацыя “Ад Алекшыц да Эйсмантаў: час, прастора, лёсы”. У мінскім выдавецтве “Колорград” выйшла ў свет кніга нашага земляка, настаўніка гісторыі Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Леаніда Калесніка “Ад Алекшыц да Эйсмантаў: час, прастора, лёсы” –  зборнік краязнаўчых матэрыялаў, архіўных дакументаў і творчай спадчыны знакамітых выхадцаў бераставіцкай зямлі, якія жылі на акрэсленай у назве кнігі тэрыторыі. Леанід Калеснік добра знаёмы нашым чытачам, яго допісы не раз друкаваліся на старонках раённай газеты, ведаюць бераставічане і пра створаны яго рукамі музей “Каменны летапіс Зямлі”, які дзейнічае ў Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе. І  сёння мы запрасілі Леаніда Раманавіча расказаць аб тым, як стваралася гэтая кніга, адкуль узнікла яе ідэя і на якое кола чытачоў яна разлічана.