“Бібліятэка на хвалях
часу” – пад такой назвай у Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М.Кавалеўскага
пачаўся Тыдзень бібліятэкі, прысвечаны
Дню бібліятэк Беларусі, які адзначаецца 15 верасня. У гэты дзень раённая
бібліятэка парадавала сваіх чытачоў цікавымі выставамі і мерапрыемствамі і
магчымасцю зрабіць сэлфі ў маляўнічай фотазоне, аформленай на абанеменце.
Першымі павіншавалі бібліятэкараў удзельнікі клуба маладых інвалідаў “Вясёлка
дабра”, для якіх супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі пазнавальна-забаўляльную
праграму “Бібліятэка – твой сябар”, падчас якой гасцей пазнаёмілі з гісторыяй
стварэння першых бібліятэк, расказалі аб святкаванні Дня бібліятэк у нашай
краіне. Прадоўжыла імпрэзу прэзентацыя кніжных выстаў “Ёсць храм у кнігі –
бібліятэка” і “Нашы рарытэты”. На першай экспазіцыі можна ўбачыць гістарычны
шлях бібліятэк з глыбіні стагоддзяў да сучаснасці, атрымаць інфармацыю па гісторыі
раённай бібліятэкі і бібліятэк Бераставіцкага раёна. Назва другой экспазіцыі
гаворыць сама за сябе. Тут прадстаўлены выданні, якія паступілі ў фонд
бібліятэкі першымі, пачынаючы з 40-х гадоў. На завяршэнне сустрэчы
госці сфатаграфаваліся ў маляўнічай фотазоне і напісалі пажаданні бібліятэкарам
у гонар іх свята.