17 снежня ў Беларусі адзначаецца Дзень беларускага кіно.
Кіно адлюстроўвае карціну сённяшняга жыцця і мінулага, фарміруе культуру
сучаснасці. У гэтай сферы працуюць творчыя людзі. Ствараючы кінафільмы, яны
выконваюць высокую місію па падтрымцы сапраўдных маральных каштоўнасцей. У
Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М.Кавалеўскага напярэдадні Дня
беларускага кіно адбылася прэм’ера кніжна-ілюстрацыйнай выставы “Зоркі
беларускага кіно”. Увазе наведвальнікаў бібліятэкі прапануюцца разнастайныя
выданні па гісторыі беларускага кінамастацтва. У кнізе “Магія белага экрана”
Уладзіміра Арлова можна знайсці цікавыя матэрыялы аб падзеях у жыцці вядомых
дзеячаў беларускага і расійскага мастацтва (мастакоў, пісьменнікаў, артыстаў,
кінематаграфістаў), з якімі сустракаўся аўтар. У выданні “Гісторыя кінамастацтва
Беларусі” (у 4-х тамах) узноўлена поўная карціна гісторыі беларускага
кінематографа ад нараджэння і станаўлення да сучаснасці, адлюстроўваюцца
творчасць вядучых майстроў, творчыя традыцыі і пошукі нацыянальнай
кінематаграфіі. Кніга “Экран и культурное наследие Беларуси“ – гэта даследаванне адлюстравання культурнай спадчыны
Беларусі ў экранным мастацтве. Важную ілюстраваную частку кнігі складаюць кадры
з фільмаў, працоўныя моманты кіназдымак, партрэты дзеячаў беларускай культуры. На
выставе таксама змяшчаюцца выданні, прысвечаныя беларускім артыстам тэатра і
кіно: Стэфаніі Станюце, Мікалаю Яроменка, Расціславу Янкоўскаму, кінарэжысёру
Міхаілу Пташуку і інш. Асобную палічку займае часопіс “На экранах”. Часопіс “На
экранах (Беларусі)” быў заснаваны ў жніўні 1957 г., і гэта дае яму права лічыць
сябе доўгажыхаром сярод рэспубліканскіх СМІ, ветэранам беларускай прэсы.
Часопіс стаяў ля вытокаў стварэння Мінскага МКФ “Лістапад” і з’яўляецца яго
летапісцам на працягу ўсіх гадоў існавання найважнейшага фестывалю краіны. Наведвальнікі
бібліятэкі маюць магчымасць пазнаёміцца са зместам розных нумароў часопіса.