Для кожнага жыхара Беларусі першая нядзеля верасня – асаблівая, святочная. Менавіта ў гэты дзень, пачынаючы з 1994 года, наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства і друку. Дзень беларускага пісьменства дае ўнікальную магчымасць усім жадаючым звярнуцца да вытокаў нацыянальнай культуры беларускага народа, падкрэсліць цесную ўзаемасувязь і арганічнае адзінства славянскіх культурных традыцый. Да гэтага свята ў чытальнай зале Бераставіцкай раённай бібліятэцы была падрыхтавана тэматычная кніжная выстава «Летапіс пісьмовай культуры». Па прадстаўленых матэрыялах нашы чытачы могуць бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй станаўлення і развіцця беларускага пісьменства, кнігадрукавання, даведацца пра выдатных беларускіх асветнікаў. Сярод іх «Асветнікі Беларусі», дзе сабраны выданні аб Францыску Скарыне, Еўфрасінні Полацкай, Кірыле Тураўскім, Сімяоне Будным, Міколе Гусоўскім, іншых першапраходцах беларускай пісьменнасці. Тут жа змешчана пашыранае выданне «Кніжная спадчына Беларусі», кнігі сучасных даследчыкаў роднага слова. Менавіта праз кнігу асветнікі зямлі беларускай выхоўвалі ў людзях лепшыя якасці, уплывалі на фарміраванне іх светапогляду. У 2023 годзе ўрачыстасці Да дня беларускага пісьменства пройдуць у самым паўночным рэгіёне нашай краіны. Сталіцай Дня беларускага пісьменства гэтым разам стане раённы цэнтр Гарадок – радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара вядомай сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».
Запрашаем усіх неабыякавых да беларускага друкаванага слова, гісторыі і культуры здзейсніць гістарычнае падарожжа па кніжных выданнях.