20.09.2023 г. Час здароўя “Беражы сэрца змоладу”

    Сусветны дзень сэрца, які адзначаецца штогод 29 верасня, упершыню быў арганізаваны ў 1999 годзе па ініцыятыве Сусветнай федэрацыі сэрца і праводзіцца пад дэвізам "Сэрца для жыцця". Гэтую акцыю падтрымалі Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), ЮНЕСКА і іншыя значныя арганізацыі.  Напярэдадні гэтай даты ў чытальнай зале Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага адбыўся пазнавальны час здароўя “Беражы сэрца змоладу” для ўдзельнікаў клуба маладых інвалідаў “Вясёлка дабра”. Падчас мерапрыемства быў прадэманстраваны відэаролік, дзе асаблівая ўвага была ўдзелена праблеме маларухомага ладу жыцця. Госці мерапрыемства даведаліся, што неабходна і карысна сэрцу і якія шкодныя звычкі прыводзяць да яго захворвання. Усе прыйшлі да адзінай думкі, што правільнае харчаванне, рэгулярная фізічная актыўнасць, адмова ад шкодных звычак, своечасовы зварот да лекара, ды і, навогул, здаровы лад жыцця - гэта тое, да чаго нам усім неабходна імкнуцца, што дазволіць нам захаваць сэрца здаровым.