Марыя Кажанеўская

    Жанчына нарадзілася ў 1938 годзе ў вёсцы Одла Бераставіцкага раёна. Яе дзяцінства прыйшлося на суровую пару ваеннага ліхалецця і нялёгкі пасляваенны перыяд. Марыя расла сіратой, бо тата не вярнуўся яшчэ з польскай вайны. Маме дапамагалі гадаваць дзядзька і бабуля, бо да маіх чатырнаццаці гадоў мы жылі разам з імі. — расказвае Марыя.
    У школу хадзіла ў Сарасекі, закончыла там чатыры класы, і бабуля сказала: “Ткаць і прасці ўмее, даволі ёй ужо і гэтай навукі”. Так мая вучоба і скончылася. З 14 гадоў я пайшла працаваць у калгас. Працавала шмат, на розных работах: і на сеялцы была, і на саджалцы, і снапы рэзала, і малаціла – цяпер усё бокам выходзіць: і спіна, і рукі-ногі вельмі баляць. У 17 гадоў Марыянна сустрэла будучага мужа – Юзафа Кажанеўскага.

    – Тры гады ён прыязджаў да мяне, а ў 1958 годзе мы ажаніліся, – расказавае жанчына. – Бацькі яго ў Плябанаўцах купілі маленькую хатку, дзе цяпер у нас гараж стаіць, а потым мы пабудавалі сабе гэты дом. Дзесяць гадоў я жыла са свякрухаю, але яна была нядрэнная для мяне, я жыла пры ёй, як пры маці. Тым больш, што дэкрэтнага адпачынку тады ніякага не было: нарадзіла дзіця, тры месяцы пабыла дома і трэба было ісці на працу. Толькі гэта і ратавала, што бацькі мужа дапамагалі з дзецьмі.
    Сям’я Марыянны і Юзэфа Кажанеўскіх была немалая: у ёй нарадзіліся і выраслі пяцёра дзяцей. Цяпер яны ўжо ўсе дарослыя, маюць сваіх дзяцей і ўнукаў.
    – У 1959 годзе на свет з’явілася старэйшая дачка Тэрэза, – пералічвае Марыянна Уладзіславаўна. – Яна і цяпер жыве недалёка ад мяне ў Плябанаўцах, засталася на малой радзіме, выйшла тут замуж і працавала ўсё жыццё ў калгасе, цяпер на пенсіі ўжо. Затым нарадзіўся сын Станіслаў, Станіслаў Юзэфавіч, як называюць яго вучні. Ён шмат гадоў працуе настаўнікам фізічнай культуры ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе. Наступнай у нашай сям’і з’явілася дачка Генрыка, яна жыве ў Гродна, працуе касцюмеркай. Пасля яе – сын Міхаіл, ён жыве ў Аульсе, працуе шафёрам – як прыйшоў з арміі, так і “круціць баранку” ўсё жыццё. Ну а малодшая дачка Марыся ў Гродне на хлебазаводзе працуе. Унукаў у мяне таксама пяцёра, падрастаюць тры праўнукі і яшчэ адзін “у дарозе”. На выхадныя дзеці прыехалі на мой юбілей, дык поўная хата гасцей была. Я вельмі шчаслівая, што яны ў мяне ёсць.
    Старэйшая дачка майстрыхі Тэрэза жыве ў адной вёсцы з маці, Марыянна Уладзіславаўна жартам называе яе намесніцай ткачыхі – Тэрэза Юзэфаўна таксама ўмее ткаць, ведае, як заправіць кросны, бо не раз дапамагала маці ў гэтай справе.

    Як і належыць народнаму майстру, яна не можа сядзець без справы, а пакуль зрок дазваляе, стараецца навязаць дзецям перад зімой цёплых шкарпэтак. Жанчына шчыра радуецца гасцям і запрашае ў хату, заходзячы ў якую нібы трапляеш у музей ткацкага мастацтва. Адразу кідаюцца ў вочы самаробныя дываны, посцілкі, ходнікі і сурвэткі з цікавым геаметрычным малюнкам, створаныя сапраўды залатымі рукамі гаспадыні. Сціплая вясковая жанчына не лічыць чымсці незвычайным сваё ўменне ткаць на кроснах, бо раней практычна кожная жанчына на сяле валодала гэтым майстэрствам. Але цяпер у рэдкай хаце сустрэнеш такое багацце, у якім захоўваецца душа беларускага народа!           
    Самабытная калекцыя вырабаў Марыянны Кажанеўскай неаднаразова выстаўлялася на выставах рознага ўзроўню, у тым ліку ў Гродне і Мінску. З 1997 года яна з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, а ў 2020 годзе атрымала ганаровае пажыццёвае званне “народны майстар”.


    Нялёгкім было жыццё Марыянны Кажанеўскай, але яно не ачарсцвіла яе душу і не прыбрала жадання ствараць прыгажосць. Не палічыць, колькі метраў тканіны яна выткала за гэты час на сваіх кроснах, колькі цудоўных узораў з’явілася на яе дыванах і посцілках, якія і сёння захоўваюць цеплыню і шчырасць яе рук і сэрца. Ды і само жыццё народнай майстрыхі захапляе сваім непаўторным узорам, які знаходзіць свой працяг у яе дзецях і ўнуках.
    Марыя Кажанеўская была адзначана падзячным лістом Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці за шматгадовую працу па адраджэнні, зберажэнні і папулярызацыі рэгіянальнай народнай культуры і ўдзел у абласной выставе творчасці народных майстроў Гродзеншчыны «Народных традыцый выток» Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
    





                                                                                
На працягу свайго жыцця Марыя Уладзіславаўна Кажанеўская не толькі ткала для сябе, але і стварыла цэлую калекцыю дываноў для Бераставіцкага Дома рамёстваў, удзельнічала з выставамі сваіх вырабаў у раённых і абласных мерапрыемствах, была актыўнай ўдзельніцай аматарскай творчасці пры мясцовым сельскім клубе, членам Беларускага Саюза народных майстроў.
    У традыцыйных беларускіх рамёствах і промыслах жыве душа народа, праследжваюцца яго характэрныя рысы. Таму папулярызацыя нацыянальнай культуры з’яўляецца ўсё больш распаўсюджанай практыкай у нашай краіне, а тэма ўжывання беларускага традыцыйнага арнаменту ў сферы сучаснай нацыянальнай стылістыкі набывае развіццё. Традыцыйны арнамент пранікае ў горад, у культурныя асяродкі, дзе становіцца нацыянальным сімвалам. Яго элементы прысутнічаюць у афармленні лагатыпаў, прамысловай упакоўкі, рэкламы, кніжных выданняў, адзення, прадметаў побыту, інтэр’ераў і аб’ектаў гарадской архітэктуры.





Бібліяграфія:


Ганчарова, С. Бераставіцкія ткачыхі — у ліку народных майстроў / Святлана Ганчарова; фота // Бераставіцкая газета. - 2021. — 3 красавіка (№ 25). — С. 4. ББК 74

Ганчарова, С. "Бераставіцкія ўзоры" ад Марыі Кажанеўскай і Алены Барцэвіч / Святлана Ганчарова; фота // Бераставіцкая газета. - 2019. — 21 мая (№ 39). — С. 4. ББК 74

Ганчарова, С. Першыя на Бераставіччыне народныя майстры / Святлана Ганчарова; фота // Бераставіцкая газета. - 2020. — 24 кастрычніка (№ 83). — С. 4. ББК 74

Ганчарова, С. Плябанаўскія ткачыхі / Святлана Ганчарова; фота // Бераставіцкая газета. - 2018. — 7 сакавіка. — С. 8. ББК 74+98

Ганчарова, С. Яны сталі першымі... / Святлана Ганчарова; фота // Звязда. - 2020. — 4 лістапада. — С. 7. ББК 64+74

Лабачэуская, В. А. Беларускія посцілкі і дываны [Изоматериал] : антрапалогія і мастацтва традыцыйнай рэчы / Вольга Лабачэўская. – 2-е выданне. – Мінск : Беларуская навука, 2022. – 286 с.: іл., каляр. іл., партр.

Міклаш, І. Узор жыцця Марыянны Кажанеўскай / Ірына Міклаш; фота аўтара // Бераставіцкая газета. - 2023. — 11 кастрычніка (№ 56). — С. 4. ББК 74
Страниц (31)1234567891011 Вперёд