Млын Касакоўскіх (20-30 гг. ХХ ст.)

Вядучы размову аб гісторыі В. Бераставіцы «польскага» перыяду (20-30-я гг. XX ст.), было б няправільным не ўзгадаць аб вельмі важным аб’екце мястэчка – вадзяным млыне, што належаў у тыя часы ўладальнікам бераставіцкага маёнтку графам Касакоўскім. Гэты аб’ект, як і паравы млын Залмана Штайна. Будынак млына знаходзіўся пры самым мосце на левым беразе Бераставічанкі.
Цяпер тут размяшчаецца заасфальтаваная пляцоўка перад гандлёвымі павільёнамі. Фасад млына быў выкладзены з цэглы, а астатнія тры сцяны – з часаных камянёў. Вокны былі аздоблены цаглянымі пілястрамі, якія выразна кантраставалі з грубымі каменнымі сценамі. З двух бакоў – з поўдня і ўсходу млын быў абсталяваны ўваходнымі дзвярыма. Прычым галоўны ўваход знаходзіўся з боку дарогі і моста. Прама над гэтым уваходам была замацавана невялікая драўляная страха. Паміж млынам і мостам спецыяльна абсталявалі пляцоўку шырынёй у 5-7 метраў, на якую заязджалі для выгрузкі падводы. Мяшкі з падводаў на плячах сяляне самі заносілі ў сярэдзіну будынка. Перад вайной млын меў двухсхільны дах, накрыты ліставым жалезам, на адным са схілаў якога ўвесь час ляжала замацаваная доўгая драбіна. Верагодна, што па ёй перыядычна ўздымаліся на дах, каб пачысціць ад сажы закопчаны комін. Для таго, каб с цягам часу не рухнулі ў раку падмытыя імклівым патокам вады сцены, два аддаленыя ад моста вуглы млына дадаткова ўмацоўваліся магутнымі касымі падпорамі з камянёў.
Графскі млын меў два паверхі.Пад асноўным паверхам, дзе былі ўстаноўлены масіўныя круглыя камяні (жорны) для памолу зерня, знаходзіўся яшчэ і падвальны ўзровень. Пры неабходнасці туды можна было спусціцца па драўляных ступеньках. На ніжнім ўзроўні размяшчалася большая частка “жалезнай механікі” млына – колы з зубамі, восі з шасцярэнькамі, розныя рычагі.
Для функцыянавання бераставіцкага млыну ваду з рэчкі пусцілі па асобнаму рукаву. Такім чынам, з возера выцякалі фактычна дзве рэчкі ў адным накірунку, а дакладней, гэта былі асобныя рукавы адной рэчкі, якія ўжо далей, за млыном, ўлучаліся ў адно рэчышча. Атрымлівалася, што бераставіцкі млын знаходзіўся паміж мостам і гэтымі двума рукавамі ракі, быццам на выспе. Таму было і два масты. Адзін мост (вялікі) быў перакінуты праз асноўнае рэчышча ракі, а меншы на адлегласці каля 10-15 метраў – праз дадатковае. Прычым сам будынак прымыкаў да меншага моста. Масты былі цалкам даўляныя. Трымаліся яны на масіўных апорных слупах з трывалых пародаў дрэва, а іх праезная частка была выкладзена тоўстымі брусамі і злучалася з брукаванай вуліцай бетоннымі стыкамі. Зверху маставыя поручні таксама былі драўлянымі.
Падача вады з возера праз дамбу рэгулявалася спецыяльнымі застаўкамі (шлюзамі). І яшчэ называлі “ставідламі”. Пры неабходнасці яны паднімаліся ўверх і апускаліся з дапамогай ланцугоў. На асноўным рэчышчы было 5 “ставідлаў”, на дадатковым – 2. Праз заслонкі меншага рукава з возера паток вады трапляў у доўгі жалоб, зроблены з тоўстых дубовых брусоў і дошак. Гэты жалоб праходзіў пад мастом дапаможнага рэчышча. Адтуль струмень вады падаў ўніз на лопасці вертыкальнага кола.
Яшчэ адзін цікавы момант: млын Касакоўскіх меў вадзяное кола толькі на меншым (дапаможным) рукаве ракі. У той час, як галоўнае, больш шырокае рэчышча Бераставічанкі фактычна “бяздзейнічала”, а шлюзы на ім служылі выключна для скідвання з возера лішняй вады. Часцей гэта здаралася ўвесну падчас паводкі. Вадзяное кола млына было невялікім і знаходзілася нізка, на ўзроўні падвальнага паверху. На другім канцы восі, у сярэдзіне падвалу, было замацавана яшчэ адно “зубатае” кола, толькі ўжо меншых памераў. Кола прыводзіла ў дзеянне цэлы механізм шасцярэняк. Адсюль на другі паверх уздымаўся доўгі вертыкальны вал і прыводзіў у дзеянне масіўныя жорны – гарызантальныя круглыя камяні, пакладзеныя адзін на другі. Жорнаў было двое. Верхні камень (“бягун”) круціўся, а ніжні (“ляжак”) быў замацаваны нерухома. Пасярэдзіне “бегуна” было так званае “вока” – дзірка, куды з мяхоў альбо кашоў падчас працы механізму раўнамерна сыпалі збожжа. Паміж цяжкімі камянямі зерне сціралася ў муку. За працэсам трэба было ўвесь час сачыць, а хуткасць абароту жорнаў перыядычна рэгулявалася, паколькі на нізкіх абаротах атрымлівалася грубая мука, а на высокіх камяні награваліся і хутка зношваліся, а мука пры гэтым мела прыпалены смак. Па словах местачкоўцаў, на млыне перад вайной рабілі ў асноўным асыпку – корм для хатняй жывёлы.
Унізе на “выспе”, побач з заходняй сцяной млына (супрацьлеглай ад моста) стаяў яшчэ адзін невялікі драўляны будыначак. Кажуць, што гэта быў склад для мукі, за якім два рукавы рэчкі ўжо злучаліся ў адно рэчышча.
Меншы рукаў ракі быў кароткім і больш плыткім, вады тут было “да калена”, таму падчас летняй спякоты ў ім любіла купацца дзетвара, а жанчыны мылі хатнюю бялізну і потым развешвалі сушыць яе на драўляных бэльках. На адлегласці каля 100 метраў уніз па цячэнню праз Бераставічанку была зроблена драўляная кладка, да якой з вуліцы Дольнай (Кастрычніцкая) праз агароды вяла вузкая сцежка. Па ёй людзі напрасткі хадзілі ў касцёл на набажэнствы. Жыхары Бераставіцы старэйшага ўзросту гавораць, што ў даваенныя часы вада ў возеры і рэчцы была даволі чыстая. Не дзіва, што ў такой вадзе было шмат рыбы. У тыя часы тут вадзіліся плоткі, акуні, ліні, келбы, шчупакі. Далей за млыном да левага берага рэчкі выходзілі гароды. Кожная хатняя гаспадыня пры рэчцы насупраць свайго гароду мела камень альбо драўляную кладку для мыцця бялізны.
Гавораць, што вадзяны млын Касакоўскіх акрамя гэтага выконваў у перадваенныя гады яшчэ адну немалаважную функцыю – даваў электрычнасць у графскі маёнтак, таму працаваў пераважна па вечарах. Да позняй ночы ў яго вокнах палілася святло. У будынку зманціравалі спецыяльнае абсталяванне для выпрацоўкі току.
Апошнія перадваенныя гады млынаром у Касакоўскіх працаваў чалавек, якога звалі Габрыэль Каваленя. Жыхары Бераставіцы далі яму мянушку “Габрык”. Апошні уладальнік маёнтку малады граф Станіслаў Юзэф Касакоўскі пастараўся знайсці незаменнаму працаўніку асобнае жыллё – хату на ўскрайку Бераставіцы. Гэта хата стаяла з правага боку напрыканцы вуліцы Эймінаўскай (прыкладна на тым месцы, дзе сёння знаходзіцца ўезд на базу філіяла райспажаўтаварыства).
Пры нямецкай акупацыі, калі Касакоўскіх у Бераставіцы ўжо не было, абавязкі млынара выконваў нехта Саўлевіч. Казалі, што гэты чалавек жыў прама ў будынку млына, у якім было для гэтага абсталявана спецыяльнае памяшканне з печкай.
Сёння, праходзячы па мосту па вуліцы Леніна праз Бераставічанку і зазірнуўшы туды, дзе збягае з возера вялікі паток вады, можна заўважыць нешматлікія раскіданыя паўсюдна вялікія камяні. Гэта бадай і ўсё, што засталося ад вадзянога млына. Разабраны ён быў, як і многія гістарычна важныя аб’екты мястэчка, у пасляваенныя гады.

Бібліяграфія:

1. Лушчык, С. Ваколіцы Бераставіцы ў даваенны час: [Электроны рэсурс] / Сяргей Лушчык // Бераставіцкая газета. — 26.11.2010. URL: http://www.beresta.by/?p=3025
2. Лушчык, С. Млын Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы: [Электронны рэсурс] / Сяргей Лушчык // Бераставіцкая газета. — 28.01.2013. URL: http://www.beresta.by/?p=15419
3. Лушчык, С. Млын Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы: [Электронны рэсурс] // Бераставіцкая газета. — 25.09.2012. URL: http:// www.beresta.by/ ?p=15419
4. Сяменава, А. Бераcтавіца, якая завецца Вялікай: [Электроны рэсурс] / Алена Сямёнава // Советская Белоруссия. — 07.10.2009. URL: https:// www.sb.by/ articles/beractav-tsa-yakaya-zavetstsa-vyal-kay.html

Страниц (31)1234567891011 Вперёд