Румак (Жывіца) Галіна Уладзіміраўна

Нарадзілася ў сям’і трактарыста Владка і Наталлі Жывіцы 26 снежня 1958 г. у в. Крывое Сяло Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1973 годзе скончыла Малагарадзішчанскую васьмігадовую школу Ляхавіцкага раёна. З верасня 1973 г.стала навучэнкай аддзялення пачатковага навучання Пінскага педагагічнага вучылішча імя А. С. Пушкіна. Спецыяльнасць па дыплому – настаўнік пачатковых класаў, старэйшы піянерскі важаты. У 1975 г. спявала у харавой групе народнага ансамбля песні і танца "Палескія зоры". Некалькі разоў гастралявала з ансамблем за мяжой у якасці салісткі. З 1977 г. працавала ў розных установах адукацыі Брэсцкай і Мінскай абласцей. У 1985 годзе скончыла завочны факультэт Белдзяржуніверсітэта імя У. І. Леніна (філалагічнае аддзяленне), спецыяльнасць па дыплому філолаг, выкладчык беларускай і рускай мовы і літаратуры. З 1989 г. пераехала ў Гродзенскую вобл., дзе працавала выхавальнікам дзіцячага садка, настаўнікам, а з 1995 г. — намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце масалянскай сярэдняй школы, з 2013 г. — настаўнікам той жа школы. Шмат гадоў кіравала вучнёўскім драматычным гуртком, які стаў лепшым у раёне. У 2005-м годзе ўдзельнічала ў фестывалі "лідар пазашкольнага выхавання". Заняла першае месца ў вобласці, стаўшы лідэрам. Яе аўтарская праграма працы гуртка "Праз прыгажосць дасканаласці" была надрукавана ў часопісе "Пазашкольнае выхаванне" № 2 за 2005 г. З двухтысячнага года стала актыўна друкавацца.  Вершы Галіны Румак неаднаразова друкаваліся ў "Настаўніцкай газеце"," Нашай ніве"," Краязнаўчай газеце", штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва", часопісе "Роднае слова", Ляхавіцкай, Бераставіцкай і Ваўкавыскай раённых газетах. Адначасова выступала ў "Настаўніцкай газеце", часопісе “Беларуская мова літаратура” з метадычнымі напрацоўкамі. У 2011 г у Гродзенскай друкарні выйшаў зборнік вершаў "Вачыма берасцянкі". У 2014 годзе выйшла ў свет кніга Галіны Румак "Масаляны праз смугу стагоддзяў".

Нягледзячы на…

Ён некалі прыйдзе, прызначаны дзень,
што стане падзеяй між іншых падзей –
і ў сэрцы зімою настане вясна…
Дзякую, лёс мой, нягледзячы на…

Што даў наталіцца каханнем і болем,
шукаць і знайсці, і застацца сабою,
што добра вядома сяброўства цана,
дзякуй, мой лёсе, нягледзячы на…

За шчасце і слёзы, за горыч і смех,
за спёку і лівень, за  сонца і снег,
за ўсё, што ўжо выпала зведаць спаўна,
дзякую долі, нягледзячы на…

За тое, што сталі дарослымі дзеці,
за ночы без сну, і за сны на дасвецці,
за стому ў рабоце з відна да цямна
шчыры мой дзякуй, нягледзячы на…

За водар лясны, за шаўкі мурагу,
за тое, што я ўжо змагла і змагу,
што спее на полі маім збажына,
дзякуй вялікі, нягледзячы на…

За ўчора і заўтра, бясконцасць дарог,
за сілу, што даў мне бацькоўскі парог,
хоць вымавіць нехта: - Якога ражна
тут дзякаваць лёсу, нягледзячы на?..

А я запярэчу:  - Удачы не знаць,
як лёсу дазволіць сябе шкадаваць.
У поспеху перадумова адна:
устояць у бойцы з “нягледзячы на …”

Дык дзякуй, жыццё, за тваю паўнату,
за слодыч быцця і за гаркату.
То  вып’ем напоўнены келіх да дна
За ўсё, што завецца “нягледзячы на…”


Бібліяграфія:

Артыкулы Галіны Румак

1. Жывіца, Г.  Белакапытнік / Галіна Жывіца //  Бераставіцкая газета. —  2015. —    1 верасня (№ 69). —  C. 5.
2. Жывіца, Г.  Карабель багародзіцы//  Бераставіцкая газета. —  2015. — 1 верасня (№ 69). —  C. 5.
3. Румак, Г. Алекшыцкі вучань Серафім Гмір выступіў на міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Казані / Галіна Румак // Бераставіцкая газета. — 2018. — 17 октября. — С. 7.
4. Румак, Г. Будзем вернымі роднаму слову / Галіна Румак // Бераставіцкая газета. - 2016. — 13 снежня (№ 97). — С. 5.
5. Румак, Г.  Восень танцуе фламенка / Галіна Румак //  Бераставiцкая газета. — 2007. —   6 лістапада (№ 86). — C.7.
6. Румак, Г.  Ганарацца ёю / Галіна Румак //  Бераставіцкая газета. —  2006. — 13 мая (№ 35). —  С. 5.
7. Румак, Г. Ігнацій Якуб Масальскі – біскуп Віленскі / Галіна Румак // Бераставіцкая газета. — 2017. — 26 марта. — С. 10.
8. Румак, Г.  Імкніцеся за вераю паэтаў / Галіна Румак //  Бераставіцкая газета. — 2008. —    19лютага (№ 14). —  C.6.
9. Румак, Г. Калегам : паэзія / Галіна Румак // Бераставіцкая газета. - 2018. — 19 мая (№ 39). — С. 9.
10. Румак. Г. Масаляны – крыніца натхнення Адольфа Дыгасіньскага / Галіна Румак // Бераставіцкая газета. — 2014. — 23 мая. — С. 8.
11. Румак, Галіна Уладзіміраўна. Масаляны праз смугу стагоддзяў: старонкі гісторыі / Г.У.Румак. - Слонім : Слонімская друкарня, 2014. — 256 с.
12. Румак, Г.  На роскрыжы стагоддзяў і шляхоў //  Бераставіцкая газета. —  2009. — 11 ліпеня ( № 53). —  С. 6. ( Працяг. Пачатак у №№ 36, 40, 47).
13. Румак, Г.  Паэтычныя традыцыі / Галіна Румак //  Бераставіцкая газета. —  2008. — 2 лютага (№ 9).   C.2.
14. Румак, Г. Роздум каля масалянскай брамы / Галіна Румак // Бераставіцкая газета. — 2017. — 30 сентября. — С. 7.
15. Румак, Г.  Слово об учителе / Галина Румак //  Бераставіцкая газета. —  2011. —    22сакавіка (№ 22). —  C.3.
16. Румак, Г. Таямніца Масалянскай капліцы / Галіна Румак // Бераставіцкая газета. — 2012. — 16 марта. — С. 6.
17. Румак, Г.  Урывак з трыпціха "Бераставіца" / Галіна Румак //  Бераставіцкая газета. —  2015. — 10 кастрычніка (№ 80). —  C. 8.

Артыкулы пра Галіну Румак

1. В Гродно прошел областной фестиваль поэзии среди учителей // Бераставіцкая газета. — 2016. — 3 октября. — С. 6.
2. Ганчарова, С. Высокая планка Галіны Жывіцы / Святлана Ганчарова // Бераставіцкая газета. — 2012. — 6 марта. — С. 8.
3. Курчицкая, Е. Галина Живица – победитель областного фестиваля «Поэзия – души движение» / Елена Курчицкая // Бераставіцкая газета. — 2018. — 17 декабря. — С. 10.
            4. Перапечка, Н. Ляхавічане сустрэліся з творчымі зямлячкамі / Наталля Перапечанка // Ляхавіцкі веснік. — 2012. — 2 лістапада. — С. 7.
4. Чикун, В. В Берестовице состоялась презентация книги Галины Румак «Масаляны праз смугу стагоддзяў» / Валентина Чикун // Бераставіцкая газета. — 2015. — 29 мая. — С. 11.