Верхаўлянскае свяцілішча


Значную цікавасць у плане вывучэння змены рэлігій на ўсходніх межах Гродзеншчыны ўяўляе сабой свяцілішча каля в. Верхаўляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.

 Помнік яшчэ ў 1895 г. згадваўся ў «Археалагічнай карце Гродзенскай губерні» Ф. Пакроўскага, а ў 1973 г. абследаваўся Я. Звяругам, які склаў ягоны план. У 1986 і 1996 гг. свяцілішча вывучалася аўтарам. У час даследаванняў 1986 г. было ўстаноўлена, што па асаблівасцях будовы (малыя памеры пляцоўкі і размяшчэнне рова паміж валам і пляцоўкай) помнік не адрозніваецца ад гарадзішчаў-свяцілішчаў Смаленшчыны і Паўночнай Букавіны. У тым жа годзе быў закладзены шурф памерамі 2 х 2 м у цэнтры пляцоўкі, а таксама тры шурфы ў рове (у паўднёвай, паўночнай і ўсходняй частках).


У паўднёвым і ўсходнім шурфах на глыбіні з 0,35-0,40 м да 0,6 м на мацерыку залягала выбрукоўка з дробных і буйных камянёў.

Гарадзішча-свяцілішча размешчана за 0,23 км на паўднёвы ўсход ад в. Верхаўляны, на марэнным узгорку, за 0,7 км на поўдзень ад месца, дзе з сажалкі выцякае ручай, адзін з прытокаў ракі Верацейкі, якая ўпадае ў Свіслач Нёманскую. Раней на месцы сажалкі была крыніца. Яшчэ да нядаўняга часу там ляжаў вялізны камень. Існавала павер’е, што калі прыняць гэты камень, то крыніца разальецца і затопіць вёску. Згодна легендзе, у крыніцы аднойчы ўтапіўся сын ведзьмы. За гэта ведзьма заткнула крыніцу мяшком з воўнай. Аналогіі гэтай легендзе вядомыя і ў іншых мясцінах Беларусі.

Мясцовая назва свяцілішча — «Гарадзішча». Па легендзе, раней на ім стаяла царква, якая потым правалілася пад зямлю. За 0,5-0,7 км на паўднёвы ўсход адтуль знаходзіцца поле, на якім асабліва часта (як лічаць мясцовыя жыхары) б’е ў час навальніцы пярун. «Гарадзішча» мае ў цэлым круглую форму. Пляцоўка дыяметрам каля 7 м абкружана амаль з усіх бакоў ровам, які ніжэй за яе на глыбіню ад 0,5 да 1,2 м, а ў паўночным рове нават больш 2 м. Вышыня вала адносна цэнтра пляцоўкі дасягае 1,6-2,9 м.

Уваход на пляцоўку свяцілішча з паўночна-заходняга боку, дзе паніжэнне вала злучана з пляцоўкай земляной перамычкай. Падобная перамычка ёсць і з паўночна-ўсходняга краю пляцоўкі і вядзе да пашкоджанай часткі вала. Магчыма, гэта перамычка больш позняга паходжання і насыпана за кошт паўночнай, найбольш шырокай і глыбокай часткі рова.

У 1996 г. раскоп на пляцоўцы меў плошчу 88 кв. м і заходзіў на паўднёвы схіл, а некаторыя квадраты размяшчаліся ў рове. За 4 м на захад ад паўночна-заходняга кута гэтага раскопа, паблізу ад увахода на свяцілішча была закладзена прарэзка вала даўжынёй 8 м і шырынёй 2 м. З паўночнага ўсходу да прарэзкі вала былі прырэзаны 4 квадраты і такім чынам утварыўся яшчэ адзін раскоп плошчай 32 кв. м.

Таўшчыня культурнага пласта (разам з дзёрнам) у раскопе на пляцоўцы вагаецца ад 0,14 да 0,28 м, а ў сярэднім складае 0,20-0,22 м. На схіле пляцоўкі ён патанчаецца да 0,1 м, а ў рове дасягае 0,53 м. Культурны пласт складаецца з цёмна-шэрага да чорнага пяску. У паўночна-заходняй частцы раскопа ў культурным пласце трапляюцца камяні-валуны дыяметрам 0,1-0,2 м. Там, дзе паўднёва-заходнія квадраты раскопа заходзяць у роў, у ніжняй частцы культурнага пласта залягае дробнае вуголле. 

У плане яна хутчэй за ўсё авальнай формы. Акрамя яе, у мацерыку раскопа на пляцоўцы было яшчэ 28 ям і ямак розных памераў, дыяметрам ад 0,1 да 1,74 м і глыбінёй ад 0,05 да 0,46 м. На пляцоўцы ў шэрагу месцаў размешчаны выбрукоўкі з валунных камянёў (найбольш выразна выдзяляюцца тры выбрукоўкі). Дыяметр валуноў — ад 0,05-0,07 да 0,25-0,32 м. Таўшчыня культурнага пласта пад камянямі — каля 0,06-0,08 м. Адлегласць паміж камянямі дасягае 0,15-0,20 м. Камяні не маюць слядоў абпаленасці. У рове суцэльнай выбрукоўкі, як пры шурфоўцы 1986 г., выявіць не ўдалося. Пры прарэзцы вала выявілася, што максімальная яго вышыня адносна мацерыка дасягае 1,76-1,80 м. На мацерыку прасочваецца прапластак пахаванай глебы (цёмна-шэрага гумусаванага пяску) магутнасцю 0,04-0,06 м. Пры прарэзцы вала на глыбіні 0,2-0,6 м трапляліся фрагменты ганчарскай керамікі Х-XII ст.ст., што можа сведчыць пра храналогію падсыпкі вала. Усяго на пляцоўцы знойдзена 124 абломкі ганчарскай керамікі, у тым ліку 16 фрагментаў венчыкаў. З тых фрагментаў, якія паддаюцца датаванню, 9 адносяцца да X-XI ст.ст., 7— да XII ст., 2 абломкі — да XIV-XV ст.ст. і 2фрагменты — да XVI — пачатку XVII ст.ст. 3 Кераміка больш позніх стагоддзяў (прынамсі, венчыкі) адсутнічае цалкам. Пры раскопках свяцілішча выяўлена 319 крэмняў, пераважная частка іх без апрацоўкі.

 

Бібліяграфія:

 

Верхаўлянскае свяцілішча // Памяць: Гіст.-лакум. Хроніка Бераставіцкага р-на. — Мн.: Белта, 1999. — С. 25.

Турок, Л. Археалагічныя помнікі Бераставіцкага раёна / Л. Турок // Бераставіцкая газета. — 2017. — 20 ліпеня.: Электронны рэсурс: https://www.beresta.by/54037/. — Дата доступа: 24.05.23. г.