Масалянская Свята-Ражства-Багародзіцкая царква

Пабудавана з каменю ў 1796г. Па сцвярджэнню доктара архітэктуры А. Кулагіна, пабудаваны як касцёл. Ёсць і другая думка: храм будаваўся як уніяцкая царква. Ва ўсякім выпадку, у шматлікіх архіўных дакументах 1800-1840-х гадоў да адмены ўніяцтва. Масалянская царква неаднаразова ўпамінаецца, як уніяцкая царква.
Помнік архітэктуры позняга барока з элементамі класіцызму. Вырашана прамавугольным высокім аб'ёмам з працяглай паўкруглай апсідай. Плоскасць франтальнага фасада крапавана пілястрамі на 3 праслы і апяразана вытанчан прафіляванымі карнізам і антаблементам. У завяршэнні фасада 4-гранная шатровая вежа-званіца, якая бакавымі валютамі плаўна злучаецца з асноўнай плоскасцю, адзначанай па ўскрайках зграбнымі 2-яруснымі вежачкамі з макаўкамі. Такая ж вежачка вянчае дах над апсідай. Прамавугольныя высока ўзнятыя аконныя праёмы раўнамерна чляняць галоўны, а лучковыя - бакавыя фасады.
У перакрытую плоскай столлю прастору малітоўнай залы 3 магутнымі аркамі адкрываюцца ўчыненыя над вузкім прытворам хоры. Сцены расчлянёны пілястрамі са спрошчанымі капітэлямі. За перагародкай у апсідзе створана тарцовая рызніца. Апсіда вылучана драўляным 2-ярусным пазалочаным іканастасам канца 19 ст. Яго 2-ярусная кампазіцыя расчлянёна паўкалонамі карынфскага ордэра і прафіляваным карнізам, упрыгожана разным арнаментальным спляценнем акантавага лісця. У левым клірасе знаходзіцца ківот, упрыгожаны арабескавай арнаментальнай разьбой па дрэве. Абраз «Іаан Багаслоў» (1882, мастак МЛ.Пліс). У алтары 2 латунных падсвечнікі з гравіроўкай (вышыня 2,2 м). У 1891 г. прыхаджане на добраахвотныя ахвяраванні набылі для царквы панікадзіла.
Побач з храмам у 2-й пал. 19 ст. пастаўлена бутавая капліца - 4-гранны кубападобны аб’ём пад шатровым дахам. Храм дзейнічае.

                                                      Бібліяграфія:

1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. Кал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 371 с.: іл.
2. Койта, К. З гісторыі архітэктурных помнікаў Бераставіччыны / Казімір Койта // Памяць: Гіст-дакум. хроніка Бераставіцкага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 1999. — С. 558.
3. Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі. — Мінск: Бел.Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. — 488 с.: іл.
4. Лушчык, А. В. Помнікі гісторыі і культуры Бераставіцкага раёна / Аляксей Лушчык // Памяць: Гіст.- дакум. хроніка Бераставіцкага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 1999. — С. 571.
5. Гарады і вескі Беларусі. Энцыклапедыя том 9. Гродзенская вобласць. Кн.1/рэдкал.: У.У. Андрыевіч і інш. Выдавецтва "БелЭнцыкл ім. П. Броўкі".- Мінск: 2015.-656с.