Сядзіба Мнішкаў у Бераставіцы

    Аб існаванні асобнага двару Мнішкаў ў Вялікай Бераставіцы ўпершыню нам паведаміла польская даследчыца Аліна Барчык ў сваёй манаграфіі, прысвечанай роду Мнішкаў і іх рэзідэнцыям на тэрыторыі Рэчы Паспалітай ў ХVІІ – ХVІІІ ст. Мнішкі – польскі магнацкі род чэшскага паходжання. Мелі ўласны герб Сяміпер’е (Herb Konczyc). З 1661 па 1774 гады яны валодалі Вялікай Бераставіцай і навакольнамі вёскамі. Сярод выбітных прадстаўнікоў гэтага рода выдзяляецца Юзаф Вандалін Мнішак (1670 – 1747), маршалак вялікі каронны і кашталян Кракаўскі, ўладальнік Вялікай Бераставіцы з 1694 г.

     З карэспандэнцыі маршалка Ю.В.Мнішка да сваёй жонкі Канстанцыі Тарла за 1726 год стала вядома, што ён наведаў Вялікую Бераставіцу 19 верасня, калі прыязджаў на сейм у Гродна. Наша мястэчка яму спадабалася, але Бераставіцкі двор не здолеў прыняць маршалка на должным узроўні. Тады Юзаф Вандалін застаўся на некалькі дзён у Бераставіцы, каб навесці парадак у мястэчку. Ён распарадзіўся аб ўзвядзенні новага двару ў Бераставіцы насупраць старога двару Хадкевічаў. Так, у 1726 – 1728 гг. каля старога касцёла Звеставання Панны Марыі ўзнік новы двор – сядзіба Мнішкаў. Быў узведзены з дрэва гасцінны дом для адпачынку і невялікая канюшня. Уваход у сядзібу пачынаўся з вуліцы Луненскай (зараз вул. Дзяржынскага, дзе былы двор Мнішкаў займае Бераставіцкі масласырзавод) каля старога касцёла. На той час  касцёл быў драўляны, пабудаваны Хадкевічамі ў 1615 г. Галоўны фасад касцёла быў накіраваны на новы двор Мнішкаў і стаў часткай сядзібы. Месцапалажэння новага двару Юзаф Вандалін выбраў сам – на супрацьлеглым берагу ракі Бераставічанцы, бо прывы бераг ракі быў заняты старым дваром Хадкевічаў. Мнішак Ю.В. іх двор бярог у першасным выглядзе. З цягам часу паміж старым і новым дварамі быў узведзены драўляны мост. У XVIII ст. рака ў мястэчку Бераставіца была вельмі вузкая і асноўны мост, які вёў у мястэчка з боку Гродна, ужо існаваў. Пры Ю.В.Мнішку быў пабудаваны другі мост у Бераставіцы, праз які маршалак з жонкай прыязджалі ў сваю сядзібу на адпачынак і на сейм ў Гродна.

      У 1741 г. у Вялікай Бераставіцы згарэў драўляны касцёл Звеставання Панны Марыі. Пры гэтым пажары была пашкоджана частка новага двару Мнішкаў. Але гасцінны дом быў адноўлены ў мурах. У 1742 г. Юзаф Мнішак прыняў пасаду кашталяна Кракаўскага і па стану здароўя не мае магчымасць наведаць Вялікую Бераставіцу. Ён знаходзіцца ў замку Лашкі Мураваныя (Львоўская вобл.) і там прымае рашэнне аднаўляць у мурах касцёл Звеставання Панны Марыі ў Вялікай Бераставіцы. Справу бацькі прадоўжыў яго сын Ежы Аўгуст Вандалін (1715 – 1778), маршалак надворны каронны, які завершыў будаўніцтва касцёла ў Вялікай Бераставіцы і стаў ініцыятарам надання Магдэбургскага права гэтаму мястэчку. Новы двор Мнішкаў быў перададзены Вялікабераставіцкаму касцёлу, тэрыторыя якога павялічылася. У другой палове ХVІІІ ст. пры касцёле былі адкрыты парафіяльная школа, шпіталь і майстэрні на рэлігійныя патрэбы парафіі.

     У ХІХ ст. частка сядзібы Мнішкаў належыць Касакоўскім, уладальнікам Вялікай Бераставіцы і пакравіцелям старога касцёла. У ХХ ст. пасля Другой Сусветнай вайны касцёльная маёмасць прыйшла ў заняпад.

      Да нашага часу на былой тэрыторыі сядзібы Мнішкаў у Вялікай Бераставіцы застаўся невялікі гаспадарчы аднапавярховы будынак з паўвальмавым дахам і мансардамі (ХVІІІ ст.). Гэты мураваны будынак увайшоў з 1945 г. у комплекс сучасных пабудоў Бераставіцкага масласырзавода на вул. Дзяржынскага. Нажаль, даследванняў гэтага будынка і яго тэрыторыі не праводзілася. Захаваўся таксама старажытны касцёл, які змяніў фасад, арыентаваны на Рынкавую плошчу Вялікай Бераставіцы.


      Архіўныя матэрыялы і замежную літаратуру апрацаваў А.Ф.Втарушын у 2023 г.          
Страниц (31)1234567891011 Вперёд