СЯБРОЎСТВА

         Бацька Колі збіраў у вёсцы малако. Кожную раніцу, ледзь толькі пачне шарэць на ўсходзе неба, ён адкрываў склеп, выносіў на вуліцу мернік, абвязваў марляй малочныя бітоны, падрыхтоўваў маленькія бутэлечкі для проб і пачынаў прыёмку.

         Першая заўсёды ў даёнцы малако прыносіла баба Настуля. Жылі яны дзедам на другім канцы вёскі і карову трымалі. Той мінула ўжо восем гадоў, пара і замяніць, але старыя разумелі, што прывыкаць да другой каровы позна, ды і малака іхняя Чарнуха давала ўдосталь. Хапала для сябе і здавалі кожны дзень па дзесяць літраў.

         За бабай Настуляй пацягнуліся іншыя жанчыны. Хто прыносіў пяць, хто тры літры. Малако вылівалі ў мернік, а потым пералівалі ў бітоны. Тата занатоўваў у ведамасць колькасць здадзенага малака і рабіў адзнакі ў кніжках, якія прыносілі з сабою жанчыны. Час ад часу ён шкляной трубкай набіраў з мерніка малако і адліваў яго ў бутэлечкі для пробы.

         Усё гэта любіў назіраць Коля ў тыя ранкі, калі тата, паддаўшыся на яго просьбы, браў сына з сабой. Але не дзеля гэтых назіранняў прасіўся ён у бацькі.

         Калі пачыналі выганяць кароў на пашу, бацька гаварыў:

-         Ну што, Мікалай, пара збірацца.

Тата закрываў бітоны, ставіў іх на воз, а хлопчык ухапіўшы вуздэчку, шпарка ляцеў на круговіну, дзе пасвіліся коні. На лузе ляжаў туман і спіны коней ледзь-ледзь узвышаліся над яго шэранню. Але хлопчык здалёк пазнаваў Шпака, які быў замацаваны за бацькам. Ды і конь, пачуўшы хлопчыка, падымаў галаву і лёгка іржаў. Для такой сустрэчы ў Колі заўсёды быў падрыхтаваны акраец хлеба, пасыпаны соллю.

         Пачаставаўшы любімца, Коля надзяваў вуздэчку, здымаў з пярэдніх ног Шпака путы і падводзіў яго да вялікага каменя. Прыемна размясціўшыся на шырокай спіне каня, Коля паволі рушыў у вёску. Тут іх чакаў тата. Напаіўшы Шпака калодзежнай вадой, ён запрагаў яго і вёз здаваць малако.

         А больш усяго любіў Коля выводзіць Шпака на пашу. Калі здаўшы малако тата прыязджаў дадому, Коля ўжо чакаў з акрайцам хлеба. Пачаставаўшы Шпака, хлопчык дапамагаў выпрагчы каня з аглабель. Тата падсаджваў Колю на яго шырокую спіну і той ехаў на пашу. Коля ведаў, што тыя месцы дзе пасецца табун ужо выедзены, трава там ператоптаная і таму накіроўваўся на палявыя абмежкі, да кустоў і няўдобіц, якіх было шмат на палях. Хлопчык бачыў, што трава ў гэтых месцах вельмі падабаецца Шпаку і як мог дагаджаў сябру.

         Саслізнуўшы са спіны каня, ён адпускаў яго пасвіцца, а сам узяўшы канец ляйчыны ў руку, лажыўся у траву і аддаваўся марам. Здаралася Коля засынаў. І тады Шпак будзіў яго, лёгка тогаючы за адзежу.

         Аднойчы, калі тата прыехаў дадому, Коля ўбачыў, што ў воз запрэжаны другі конь: высокі, худы.

         -  Знаёмся, гэта Шуляк, - сказаў тата і растлумачыў: - У Шпака адарвалася падкова і ён недзе параніў нагу. Малако пакуль буду вазіць на гэтым кані.

         Тата распрог каня, вывеў яго за ваколіцу і, спутаўшы, адпусціў пасвіцца.  Коля зайшоў у хату, адрэзаў акраец хлеба, крута пасыпаў яго соллю і падаўся за ваколіцу.

         - Трэба ўстановіць сяброўскія адносіны з Шуляком, - вырашыў ён.

Конь скуб траву і касавурыўся на падыходзячага Колю. Калі хлопчык наблізіўся, Шуляк адвярнуўся да яго задам.

         - Кось, кось, Шулячок, - ласкава прамоўвіў Коля і працягнуў руку з акрайцам.

         Маланкай мільганулі заднія капыты каня, і хлопчык, адчуўшы рэзкі боль у жываце, адляцеў на некалькі метраў.

         Ачнуўся хлопец на ложку ў сваёй хаце. На жываце ляжаў цёплы кампрэс, а побач стаяла заплаканая мама. У хату ўвайшоў тата.

         - Заўтра ж  скажу заатэхніку, каб здаў гэтага Шуляка на бойню, - сказаў ён, - не ты першы такім чынам “пазнаёміўся” з ім.

         - Не трэба, тата. Мы з ім пасябруем. Ён добры конь, але не мая сапраўднага сябра, - са слязьмі на вачах прамовіў хлопчык.

Люты  1989 год