Палацы Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы

Род Касакоўскіх, да якога належаць таксама былыя ўладальнікі Бераставіцы, вялікі і разгалінаваны. Сярод яго прадстаўнікоў былі таленавітыя дыпламаты і ваенныя, каcцёльныя іерархі і мецэнаты мастацтва, калекцыянеры і дзяржаўныя чыноўнікі вышэйшых рангаў. Касакоўскія мелі вялікую славу і аўтарытэт у грамадстве. Акрамя гэтага яны валодалі напрыканцы ХIХ - пачатку ХХ стагоддзяў вялізнымі матэрыяльнымі каштоўнасцямі, у тым ліку нерухомасцю ў Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай губернях, Каралеўстве Польскім (у складзе Расіі), а таксама ў расійскай глыбінцы. Менавіта ў гэты перыяд часу графскі род дасягнуў найвялікшай славы і заможнасці. 

З 1901 па 1905 гады гаспадары бераставіцкага маёнтка адначасова валодалі трыма велічнымі палацамі ў розных сваіх вотчынах: у Вайткушках, Варшаве і Вялікай Бераставіцы.

Палацавы комплекс Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы складаўся з трох будынкаў розных эпох. У пачатку ХХ стагоддзя комплекс быў падзелены на “Стары палац” і “Новы замак”.




У Стары палац уваходзілі два будынкі, злучаныя пераходам унутры дамоў. Меншы будынак быў узведзены ў канцы XVIII – пачатку ХІХ стагоддзя. А к сярэдзіне ХІХ стагоддзя быў дабудаваны другі дом класічнага стылю з калончатым ганкам і верандай. Будынкі былі мураваныя і мелі 12 пакояў, дзе знаходзіліся салоны з більярдам, камінам, Чырвоны салон з піянінам, кабінет, бібліятэка, спальня, сталовая, будуар. Усе пакоі былі абсталяваны разнастайнай мэбляй у стыле Людовіка XV і Людовіка XVI, а таксама ў стыле ампір і бідэрмэйер, Княства Варшаўскага і стыля Гданьскага. Сцены ўпрыгожаны былі шпалерамі, карцінамі, габеленамі, скульптурнымі партрэтамі рода Касакоўскіх. Напрыклад, бюсты Людвікі Патоцкай, С. Ш. Касакоўскага — сенатара і яго жонкі А. дэ Лаваль, бюст папы рымскага Льва ХІІІ, бюст Юзэфа Каржанеўскаго. Усе гэтыя працы вядомага польскага скульптара Т.О. Сасноўскага (1812-1886).

Чатыры печы з камінамі былі ўпрыгожаны паліванай кафляй бронзавага і цёмназялёнага колераў. На камінах стаялі гадзіннікі і люстэркі ў рамах. Падлога была з паркету, столь размалявана раслінным арнаментам, упрыгожана бронзавымі люстрамі-жырандолямі і невялікімі падсвечнікамі.

Фундатарамі Старога палацу былі Юзаф Дамінік Касакоўскі (1771 — 1840) і яго сын Станіслаў Шчэнсны (1795 — 1872), сенатар і тайны радца.




Новы замак — самы вялікі і прыгожы двухпавярховы будынак палацавага комплексу Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы. Пабудаваны ў 1900 — 1901 гг. па праекту польскага архітэктара Ю. Васюцінскага.

Фундатар палаца — вядомы геральдыст Казімір Касакоўскі  (1837 — 1905) з сынам Юзафам. Палац меў выгляд рэнесанснага замку з дзвума вежамі і эркерамі. Быў пабудаваны замест драўлянай сядзібы Хадкевічаў (XVII ст.) і злучаўся пераходам са Старым палацам. Новы замак быў трэцім і апошнім будынкам бераставіцкага палацу Касакоўскіх, пабудаваных на адной падоўжанай восі і няроўным рэльефе.

У новым замку было 35 пакояў. Яны размяшчаліся ў падвальным сутарэнні, на першым і на другім паверхах, у вежах і эркерах. Самай вялікай залай быў Жоўты салон з раялем і партрэтамі ўладальніка Казіміра Касакоўскага і яго жонкі Аляксандры Хадкевіч (1840 — 1880). Салон меў выхад да сталовай і да круглай альтанкі з боку двара. На другім паверху меліся прыватная малельня, гасцёўні, будуар, бібліятэка, більярдная зала, салон з балконам, калідор. На першым паверсе месціліся спальні (5), пакой бацькоў, сталовая, Жоўты салон, прыбіральня, прыхожая, калідор. У вежах былі лесвіцы, швейцарня, назіральная пляцоўка (у прамавугольнай вежы).

У падвальным сутарэнні меліся гаспадарчыя пакоі: кухня, лазня, пякарня, пральня, кладоўкі (4), вінны склеп, вадзяны насос, службовы пакой. Большая частка гаспадарчых пакояў мела электрычнае святло. Астатнія паверхі мелі газавыя лямпы на сталах і на сценах. Каштоўная мебля была перанесена са Старога палацу, але навінкай стаў венскі стул. Новы замак меў 15 печаў з белай кафлі, якія ў асноўным стаялі на калідорах. А самі шырокія калідоры нагадвалі карцінныя галерэі, абсталяваныя мэбляй, бюстамі, карцінамі розных памераў. У трох палацах захоўвалася каля 200 карцін італьянскай, галандскай, французскай, польскай школы жывапісу. У бібліятэцы двух палацаў налічвалася звыш 4 тысяч кніг.У шафах сталовай залы захоўваліся сярэбраны посуд, фарфор, наборы са шкла. Більярдная зала была абсталявана вітрынамі з нумізматычнай калекцыяй С.Ю.Касакоўскага (1901-1961), апошняга ўладальніка бераставіцкіх палацаў.

У часы Першай Сусветнай вайны ў Новым замку размяшчалася камендатура. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г. палацавы комплекс Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы быў нацыяналізаваны. Частка маёмасці трапіла ў Савецкую Расію (Дзяржаўны Эрмітаж) і музеі БССР.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны (1941 — 1945) пашкоджаныя палацы Касакоўскіх канчаткова разабраны ў 1949 годзе. А на месцы сядзібы ўзведзены комплекс будынкаў Бераставіцкай раённай бальніцы ў 1952 — 1978 гг.

Знешні выгляд і інтэр’еры Старога палацу і Новага замку Касакоўскіх захаваліся на фотаздымках Казіміра Касакоўскага. Менавіта граф Касакоўскі К. стварыў у 1896 — 1905 гг сямейныя фотаальбомы для сваіх дзяцей, дзе знайшлі адлюстраванне прыгажосць інтэр’ераў палаца, пачатак і заканчэнне будаўніцтва Новага замку. Фотаздымкі захоўваюцца ў Варшаве, Лондане, Укмерге (Літва), Брэсце і прыватных калекцыях Беларусі.

Бібліяграфія:

Aftanazy R. Dzieje rezydencii na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Tom 3. Wroclaw. 1992 (s. 30 – 34. Brzostowica Wielka)

Basow S. Album Hrabiego Kossakowskiego w Brzesce. \ Siergiej Basow. — Echa Polesia. 2(18) 2008. S. 10—13.

Лушчык, С. Гісторыя трох палацаў (Бераставіцкі палац) / Сяргей Лучшык // Бераставіцкая газета. — 2010. — 12 кастрычніка. — С. 6.

Памяць: Гіст.-дакументальная хроніка Бераставіцкага раёна. Мн.: Белта, 1999. — 624 с.: іл

Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Гродненщины: Берестовицкий – Ивьевский районы. — Мн.: Беларусь. — 2014. — 543 с.