АГУРКІ Ў МАСЛЕ

          Бацькі Колі працавалі ў калгасе. Вядома ж якія заробкі былі ў калгасах у пяцідзесятыя гады: за дзень працадзень.  А ў канцы года на яго давалі пяць капеек і трыста грамаў збожжа. Выратоўвала свая гаспадарка. Жылі яны не сказаць каб кепска – хлеба хапала заўсёды. А вось масла, яйкі – гэта ўсё на кірмаш. На ўтаргаваныя грошы куплялі і адзенне, і абутак. А некаторыя ў вёсцы жылі зусім бедна, галадалі.

          Кожны тыдзень маці біла  масла. Яна налівала смятану ў бойку, прасоўвала праз дзірачку ў  накрыўцы тронак і закрывала бойку. Рухаючы тронак уверх-уніз, яна боўтала смятану, ад чаго збівалася масла. Але гэта не так проста: тут патрэбны сіла і спрыт. Смятана густая і рука хутка нямее, або баўтанеш замоцна і праз дзірку у накрыўцы вылятае у вочы і на адзежу смятана. Коля умеў біць масла, але доўгі працэс нудзіў яго. Рухаючы тронак, ён пальцам другога знімаў з яго смятану і аблізваў. Налізаўшыся  такім чынам смятаны, Коля пачынаў ныць:

- Мам, у мяне ужо рукі баляць.

- Што, ужо налізаўся смятаны, свавольнік, - казала маці і сядала біць масла сама. Збіўшы, яна лыжкай вымала масла з бойкі у вялікую міску і добра прамывала яго. Пасля гэтага клала масла ў кілаграмовую форму, каб у нядзелю несці на базар, а астаткі даставаліся дзецям. Масла маці хавала ў куфар, які стаяў у каморы.

           Аднойчы ў суботу, пад вечар , Коля забег дамоў, каб чаго-небудзь перакусіць. Акраец хлеба ён знайшоў пад рушніком на стале. Ды што адзін хлеб. Хлопец успомніў пра масла.

“ Наскрабу з галушкі трохі на хлеб, маці і не заўважыць, не першы раз,” - разважаў ён, несучы міску з маслам у хату. Не паспеў пачаць гэтую “аперацыю”, як заўважыў на падворку маці. Несці масла ў камору было ўжо позна. Аглянуўшыся, Коля схапіў міску і сунуў яе пад ложак.

- Што ты тут робіш? - спытала ўваходзячы ў хату маці.

- Ды вось, хлеба адрэзаў, - буркнуў Коля і бокам выслізнуў з хаты.

           Пра масла ён успомніў  раніцай, калі пачуў размову маці з бацькам, аб тым, што нехта ўкраў  з куфра міску з маслам. Паціху вылезшы з-пад коўдры, хлопчык заглянуў пад ложак. Міска стаяла на месцы, але пустая.

“ Куды ж магло дзецца масла,” - у роспачы падумаў ён. І тут яго позірк упаў на ката, які аблізваючыся выцягнуўся на лаўцы.

- Ну, пачакай, нягоднік, няхай толькі атрымаю наганяй,  я з табой разлічуся.

          Міску маці знайшла праз некалькі дзён, мыючы падлогу. Сваё Коля атрымаў, але злосць на ката ў яго прайшла.

           Кожную восень бацька атрымоўваў у калгасе цукар.Торбу з цукрам заўсёды падвешвалі за печкай на бэльцы, каб не адсырэў.

У нядзелю тата з маці паехалі на кірмаш. З сабой яны ўзялі Таню сястру Колі. Той патрэбна было купіць які-небудзь абутак. Застаўшыся адзін, Коля соваўся туды-сюды па хаце. На вуліцу ісці не хацелася – не спрыяла надвор’е, і як заўсёды, захацелася чаго-небудзь смачнага. Убачыўшы торбу з цукрам, ён успомніў размову з сябрамі: “Ведаеш, які смачны сіроп з цукру з вадой”.

“ Дык у чым жа справа. Цукар ёсць, вада ёсць, кубак таксама. Але як яго зняць з бэлькі,” - разважаў хлопчык і прыдумаў.

          Ён збегаў пад паветку, узяў вудзільна і вярнуўся ў хату. Торба была сшыта з даматканага палатна і пароць яе было нялёгка. Але нарэшце тоненькі струменьчык цукру пацёк з торбы. Коля падставіў кубак і хутка ён напоўніўся да паловы. Тут хлопчык жахнуўся. Ён глянуў у гару, на дзірку ў торбе, на кубак, які напаўняўся цукрам і зразумеў, што трапіў у цяжкае становішча.

          “Што рабіць, цукар жа высыпаецца на падлогу. Дзірку я заткнуць не змагу,” - мітусіліся думкі ў галаве. Але выхад знайшоў. Сарваў з падушкі навалачку і падставіў пад струменьчык. На душы ў яго палягчала і слёзы самі пацяклі з вачэй. Раз-пораз ён макаў палец у цукар і аблізваў яго. Але цукар уперамешку са слязьмі быў не надта смачны.

          А вось той выпадак з агуркамі не забудзецца яму ніколі. Справа ў тым, што бацькі ад’язджаючы кудысьці ў госці, пакінулі Таню і Колю адных. З яды, акрамя супу, хлеб і чатыры лыжкі масла. Старэйшая Таня прапанавала нажарыць на масле грэнак з хлеба. Коля згадзіўся.

           - Тады ідзі і распалі вогнішча, прынясі некалькі цаглін, каб паставіць патэльню. Смажыць будзем на вуліцы, - загадала сястра.

          - А сама не можаш, - выпаліў Коля.

          - Добра, я ўсё зраблю сама. Але грэнак ты не паспрабуеш, - абурылася Таня.

          Яна нарэзала лустачкамі хлеб і пачала абсмажваць яго. Ад патэльні  ішоў такі прыемны пах, што ў Колі пацяклі слюнкі.

           “ Пачакай жа, згатую і я што-небудзь смачнейшае, чым ты,” - думаў хлопчык, ходзячы вакол хаты. І тут ён заўважыў у кошыку свежыя агуркі. Маці ўчора выбрала іх на агародзе.

          Коля парэзаў кружочкамі агуркі і пачаў абсмажваць іх ў масле.

          -Дурань, што ты робіш? Ты ж іх есці не будзеш, толькі масла сапсуеш, - угаворвала брата Таня.

           - Не лезь, не твая справа. Сам скажу, сам і есці буду, - агрызнуўся Коля.

          Агуркоў ён насмажыў цэлую міску. Можа смажыў бы і яшчэ, але не стала масла. Усеўшыся ў цяньку, Коля паставіў перад сабой міску з агуркамі і, узяўшы скрыглік, адправіў яго ў рот. Але павёўшы некалькі разоў сківіцамі, ён перастаў жаваць, азірнуўся па баках і выплюнуў смажаны агурок.

          З-за фіранкі выглядала Таня і курчылася ад смеху. З гэтага часу ў доме, калі не ўдавалася якая-небудзь страва гавораць і цяпер: “Агуркі ў масле”.

 

Сакавік  1989 год