ПЕРШЫ ТЭЛЕВІЗАР

         Вечарэла. З усходу на вёску рухалася шэрань – пачынала цямнець. Але на захадзе яшчэ высвечвалася шырокая светлая палоска. Наступаў незаўважны момант барацьбы святла з цемрай, у якой апошняя перамагала. Палоска свету на захадзе гасла і гасла. Раптам святло прападала, пасля чаго рэзка апускалася цемень. Але ў летнія дні яна не была вельмі густой. З неба адсвечвалі зоркі, з-за далёкіх хмар прабліскваў месяц.

         Павячэраўшы няхітрай вясковай ядой – бульбай з квасам, мужчыны выходзілі на лаўку “каля Піліпа”, каб перакурыць перад сном, перакінуцца словамі. Папыхквалі цыгаркі, іх агеньчыкі раз-пораз высвечвалі твары вяскоўцаў. І цякла, цякла нетаропкая гутарка пра ураджай жыта, пар новы самалёт, што прызямліўся на аэрадроме побач з вёскай, пра Хрушчова і кукурузу, пра Васілёву карову, якая прывяла двойню. Пра ўсё гаварылі “каля Піліпа”. І ніхто не задаваўся пытаннем, ці даўно пайшла гэтая “завядзёнка”, бо пачатку яе ніхто не памятаў. Але наступаючыя цывілізацыя сур’ёзна ўдарыла па многагадовай звычцы мужчын, пачала змяняць нетаропкі, размерны лад жыцця вяскоўцаў. І тут не абходзілася без якіх-небудзь “выкрунтасаў” , здарэнняў, аб якіх вёска не забыла і да цяперашняга  часу.

         Скажам, працаваў у калгаснай канторы рахункаводам Сцяпан Карчэўскі. Невысокага росту, лысаваты і хударлявы - ён быў блізарукі і калі працаваў з паперамі, адзяваў акуляры. Пры размове з калегамі альбо наведвальнікамі Сцяпан падымаў акуляры на лоб. Доўга смяяліся з Карчэўскага ў канторы, калі, аднойчы, падняўшы акуляры на лоб, ён хадзіў па памяшканні, лапаў па сталах, мацаў пад бумагамі, шморгаў шуфлядамі і пры гэтым барматаў:

-         А моцны мой божа, дзе ж мае акуляры.

   Мянушка “моцны мой божа” прыклеілася з таго часу да Сцяпана. У свой час ён скончыў некалькі класаў гімназіі і лічыўся у вёсцы грамацеем. Па гэтаму , калі у сяло правялі радыё, ён першым купіў дынамік, які называўся “Север”. І гэтае набыццё змяніла характар вячэрніх збораў вяскоўцаў. Вечарам многія спяшаліся як мага хутчэй “аходзіцца”, каб пайсці на “Север”- паслухаць радыё. Збіраліся сюды не толькі мужчыны, але і жанчыны, і дзеці. “Моцны мой божа” адчыняў вакно, выстаўляў дынамік і ўсе слухалі, аб чым там гаварылася, якія песні пеліся. Аднак праз некалькі месяцаў “Север” з’явіўся яшчэ ў некалькіх хатах. Зборкі пачаліся драбніцца, перайшлі непасрэдна ў хаты і “каля Піліпа” зноў пачалі збірацца мужчыны, каб перакурыць і абмеркаваць пачутае з “Севера”.

          Праз некалькі гадоў у вёску правялі электрычнасць. Праўда, як і радыё, не ўсе пусцілі ў хату “Анцыхрыста”. І  тут адзначыўся “Гарадскі”. Гэты чалавек некалькі гадоў папрацаваў у Ваўкавыску на чыгунцы. Аднойчы фанабэрыста адарваўся ад “дзярэўні” і за ім усталявалася мянушка “Гарадскі”. Дык вось, калі ў вёсцы паявілася электрычнасць, ён першым купіў тэлевізар. Вёску гэтая падзея ўскалыхнула па сапраўднаму. Хата “Гарадскога” была невялікая і многа людзей умесціць не магла, па гэтаму быў складзены ўмоўны графік наведвання тэлевізара, у якім улічвалася і колькасць членаў сям’і, якая прыходзіла, і нават “габарыты” гледачоў. Трэба адзначыць, што ў той час працягласць перадач была не вельмі вялікая, недзе з дзевятнаццаці да дваццаці двух гадзін. Сям’я “Гарадскога” цярпела гэтыя пастаянныя наведванні, але цешча гаспадара не была гэтым здаволена. Гарбатая, сагнутая хваробай у клюку, гэтая жанчына жвава рухалася, упраўляючыся па гаспадарцы і пры гэтым не прамінала бурчаць:

- Столькі грошай выкінулі на гэтую “бандуру”, а не шануеце. Гэтак усёй вёскай хутка выглядзіце увесь тэлевізар і самім не будзе чаго паглядзець.

І гэты момант, калі яе прароцтва збылося, настаў.

           Аднойчы, у нядзельку, некалькі мужчын на раніцы сабраліся “каля Піліпа”, пакурылі, успомнілі кіно, якое учора глядзелі у “Гарадскога”. І тут Валодзік Парэцкі ўнёс прапанову:

- Мужчыны, а давайце сходзім да “Гарадскога”, бо вечарам нас не  пусцяць. Прапанову падтрымалі. Прыйшлі, расселіся. Гаспадар уключыў тэлевізар, але там нічога не паказвалі.

- Во, загукала цешча “Гарадскога”, ці ж я не казала! Усё выглядзелі. Цяпер не толькі людзям, але і сабе не будзе чаго паглядзець.

          Непаразуменне высветлілася ўжо вечарам. Але гэтую прыгоду памятаюць у вёсцы і цяпер.

 

                                                                     Май 1998 год