Касцёл Святога Антонія Падуанскага ў Малой Бераставіцы

13 лютага 1850 года ўладальнік маёнтка Малая Бераставіца, былы прадвадзіцель дваранства Сакольскага павета Антон Іпалітавіч Ваўкавіцкі  падае прашэнне на імя імператара Мікалая І аб дазволе будаўніцтва мураванага касцёла замест старога драўлянага ў сваім маёнтку. Да прашэння быў дададзены план касцёла з фасадам гродзенскага каморніка Малевіча. Віленская Рымска-каталіцкая Духоўная кансісторыя згадзілася на пабудову новага мураванага касцёла замест драўлянага, які паходзіў з ХVІІІ ст. і прыйшоў у заняпад. На працягу ўсяго 1850 года дазвол на будаўніцтва А. І. Ваўкавіцкім мураванага касцёла ў сваім маёнтку паспяхова праходзіў праз шматлікія дзяржаўныя ўстановы Гродзенскай губер­ніі. Пакуль нарэшце не трапіў у Галоўнае Упраўленне шляхоў сувязей і грамадскіх будынкаў Гродзенскай будаўнічай і дарожнай камісіі. 23 снежня 1850 года будаўнічая камісія разгледзела план касцёла каморніка Малевіча і выявіла памылкі. У водзыве Гродзенскай будаўнічай камісіі аб гэтым напісана наступнае: “План, фасад и разрезы начертаны без соблюдения архитектурных правил и симметрии… К проекту не приложено плана колокольни, которую прилично было бы устроить на фронте костела”. Камісія адпраўляе план Малевіча назад у Губернскае Праўленне для “переделки такового в простом, но красивом стиле, для подобных сооружений принятом”.
    Праз год, 13 лютага 1851 года, неадобраны план касцёла быў вернуты Антону Ваўкавіцкаму ў Малую Бераставіцу з прапановай зрабіць другі варыянт плана і фасада касцёла. Рэкамендавана, каб гэтую работу выканалі спецыялісты Гродзенскай будаўнічай камісіі. 6 сакавіка 1851 года памешчык А.І. Ваўкавіцкі зноў падае на імя імператара Мікалая І прашэнне аб дазволе зацвердзіць новы план касцёла са званіцай. Так, 31 сакавіка 1851 года з’явіўся другі канчатковы план касцёла Св. Антонія для Малой Бераставіцы інжынера і падпалкоўніка Нардштэйна, загадчыка чарцёжнага стала Гродзенскай будаўнічай камісіі. Менавіта яго план і быў зацверджаны будаўнічай камісіяй, а праз некалькі месяцаў перададзены А.І. Ваўкавіцкаму ў Малую Бераставіцу.

16 красавіка 1851 года Губернскае Праўленне дае дазвол А.І. Ваўкавіцкаму пабудаваць мураваны касцёл у яго маёнтку згодна праекта інжынера Нардштэйна. 1 жніўня 1851 года Антон Іпалітавіч атрымаў гэты праект. 30 верасня 1851 года было распачата будаўніцтва мураванай святыні, якое завяршылася ў 1859 годзе.Касцёл асвечаны пад тытулам Сятога Антонія з Падвы.
     Вясной 1868 года ў Малай Бераставіцы па запрашэнні сям’і Ваўкавіцкіх пабываў кампазітар і мастак Напалеон Орда (1807-1883). Дзякуючы яго малюнкам, якія захоўваюцца ў Кракаве, можна ўбачыць першапачатковы выгляд касцёла Св. Антонія. Гэта прамавугольнае збудаванне, упрыгожанае 4-граннай паўкупальнай званіцай над галоўным фасадам.Інтэр’ер вырашаны адзіным прамавугольным нэфам з трыма алтарамі. Над галоўным парталам была паўкруглая ніша з рэльефам Сятога Антонія, які не захаваўся. Помнік архітэктуры позняга класіцызму з рысамі рэтраспектыўнага рускага стылю.
      7 верасня 1866 г. будынак касцёла быў перададзены праваслаўнаму духавенству а  ў 1868 г. пераасвечаны пад царкву Святой Троіцы. Гродзенскае праўленне прызначыла суму ў 910 рублёў срэбрам, якая была выкарыстана ў асноўным на ўнутраную аздобу царквы, іканастас. З 1919 года храм зноў вернуты католікам.
        З прыходам савецкай улады ў 1939 годзе касцёл зачынілі. Але пасля Другой сусветнай вайны касцёл быў зарэгістраваны мясцовым ксяндзом Казімірам Мацкевічам, які праводзіў службу з 1945 па 1947 гг. Пад націскам атэістычнай прапаганды ён пераязджае ў Польшчу. З 1948 года службу праводзіць ксёндз Алоіз Тамковіч з Макараўскага прыходу. Ён заставаўся верным сваім прыхаджанам да свайго арышта ў 1951 годзе. Звесткі пра апошнія дні касцёла змешчаны ў “Дакладзе аб рабоце за 1954 год і аб дзейнасці рэлігійных культаў у Гродзенскай вобласці” (Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці). Упаўнаважанавы Савета па справах рэлігійных культаў пры СМ БССР М. Саласенкаў піша: «Одно католическое религиозное общество в деревне Малая Берестовица Берестовицкого района снято с регистрации бывшим Уполномоченным Совета в связи с тем, что костел, находившийся в пользовании этого общества, в 1952 г. был уничтожен пожаром».
      Час адраджэння малабераставіцкай святыні наступіў у 1991 годзе, дзякуючы намаганням ксяндза Казіміра Жыліса з Індуры. Адноўлены з руінаў касцёл ён асвяціў у 1994 го­дзе пад гістарычнай назвай у гонар Свя­тога Антонія Па­дуан­скага. У 2014 годзе мала­бераставіцкая парафія адзначыла 20-годдзе з часу аднаўлення касцёла. Будынак касцёла пастаў­лены на высокім земляным вале побач з аўтадарогай Бераставіца – Гродна і надае мястэчку прыкметны сімвал веры. Храм дзейнічае.

                                                    Бібліяграфія:


1Втарушын А.Ф. Праект інжынера Нардштэйна. Да 165-годдзя будаўніцтва касцёла Св.Антонія ў Малай Бераставіцы. Бераставіцкая газета. №28. 2015 – 11 красавіка. С.6
2. Вялікая Бераставіца і ваколіцы / галоўны рэдактар Уладзімір Шпарло — Брэст: ТАА “Рэкламна-інфармацыйнае агенцтва “Вечерний Брест», 2011. — 96 стар.: ил.
3. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. Кал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 371 с.: іл.
4. Койта, К. З гісторыі архітэктурных помнікаў Бераставіччыны / Казімір Койта // Памяць: Гіст-дакум. хроніка Бераставіцкага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 1999. — С. 558.
5. Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі / А.М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі. - Мінск: Бел.Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. — 488 с.: іл.
6. Лушчык, С.  Унутраны інтэр'ер старога касцёла / Сяргей Лушчык //  Бераставіцкая газета.   2015.     15 жніўня (№ 64).   C. 7.
7. Руткоўскі, І. Культавыя пабудовы Вялікай Бераставіцы / І. Руткоўскі // Бераставіцкая газета. — 1996. — 21 жніўня (№ 63). — С. 3.