Малыя
Ёдкавічы, археалагічны помнік — могільнік культуры шарападобных амфар (2-я пал.
3-га тыс. да н. э.) каля в. Малыя Ёдкавічы Бераставіцкага раёна Гродзенскай
вобласці. Быў размешчаны на паўд-зах. ускраіне вёскі. У час распрацоўкі
пясчанага кар’ера знойдзены косці, гліняны посуд, каменныя і касцяныя вырабы. У
1971 г. К. Т. Кавальская даследавала рэшткі пахавання ў каменнай скрыні і
сабрала артэфакты пад сценкай кар’ера. Знойдзены вузкае шліфаванае долата з
крэменю, касцяное долата, 2 іклы дзіка, цэлая і фр-ты 2 амфар, шыракагорлая
амфара, арнаментаваная па шыйцы авальнымі ямкавымі наколамі і адбіткамі
лінейнага штампа.

Археалагічная
культура шарападобных амфар, культура познанеалітычных плямён, якія ў 3-м тыс.
да н. э. жылі на тэр. цэнтр і ўсх.
Германіі, Польшчы, Чэхіі, на пн-усх Румыніі, у лесастэпавай частцы
Правабярэжнай Украіны, на З. Беларусі. Падзялялася на групы і варыянты.
Насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і паляваннем. Іх селішчы
размяшчаліся на берагах рэк. Жытлы наземныя, слупавой канструкцыі, часам
шматкамерныя з каменнымі або глінянымі агнішчамі; месцамі сустракаюцца
паўзямлянкі. Побач з жытламі гаспадарчыя ямы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне
ў неглыбокіх ямах, абкладзеных каменнымі плітамі або валунамі, часам няпоўнае
трупаспаленне. Пахавальны інвентар прадстаўлены каменнымі і касцянымі прыладамі
працы, керамікай, упрыгожаннямі. Месцамі над пахаваннямі насыпалі курганы. Былі
пахаванні індывідуальныя і групавыя, часам у іх знаходзяць рэшткі буйных рагатых жывёл. Сустракаюцца і асобныя рытуальныя пахаванні жывёл. Для керамікі
характэрны амфары з шарападобным корпусам і вертыкальным венчыкам, разнастайныя
гаршкі, кубкі, міскі, арнаментаваныя пераважна ў верхняй частцы адбіткамі
лінейнага штампа, шнура, насечкамі, наколкамі. Сярод прылад працы і зброі —
крамянёвыя сякеры-кліны і долаты, касцяныя нажы і долаты, верацёнападобныя
наканечнікі стрэл. Для ўпрыгожанняў характэрны бурштынавыя вырабы, аздобы з
косці і гліны. На тэрыторыі Беларусі носьбіты гэтай культуры праніклі на познім
этапе яе развіцця. Найбольш вядомыя помнікі — могільнікі Краснасельскі
(Ваўкавыскі раён) і Малыя Ёдкавічы (Бераставіцкі раён).
Бібліяграфія:
Археалогія Беларусі :
энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. Л — Я / рэдкал.: Т. У. Бялова
(гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БелЭн, 2011. — 464 с.; іл.
Дзяржаўны спіс
гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА,
2009. – 684 с.: іл
Кавальская, К,
Чарняўскі М. Старажытнае пахаванне // ПГКБ. 1988. № 4.
Свешников,
И. К.
Культура шаровидных амфор. М., 1983; Чарняўскі М.
М. Культура шарападобных амфар // Археалогія Беларусі. Мн., 1997. Т. 1.