Бераставіцкая кафля

    У многіх старажытных гарадах Беларусі была развіта вытворчасць кафлі. Гэта керамічны выраб для абліцоўкі і дэкаратыўнага аздаблення печаў, камінаў, архітэктуры. Кафля вядома на Беларусі з 14 ст. Яна знойдзена ў беларускіх гарадах і мястэчках, дзе былі замкі, палацы, кляштары, сядзібы. У навуковай літаратуры Беларусі апісаны звыш 30 гарадоў, дзе была выяўлена археолагамі кафля і керамічная аздоба камінаў. Кафля атрымала назву па месцы знаходкі. Напрыклад, кафля Лідская, Гродзенская, Полацкая, Мірская, Заслаўская і інш. Да гэтага ліку можна дадаць і Вялікую Бераставіцу.
     Цікавая знаходка зроблена падчас будаўніцтва дарогі вакол Бераставіцкага возера. На старажытнай частцы Вялікай Бераставіцы, там, дзе ўзвышаецца стары касцёл кармелітаў і заканчваецца былы гаспадарчы двор Мнішкаў (зараз масласырзавод) быў знойдзены фрагмент кафлі (на здымку). На пласціне памерам 10,5 х 10 см захаваўся рэльефны малюнак паўкруглай разеткі з двумя пялёсткамі і стылізаваная расліна – падвоеная лілія ў картушы. Яна нагадвае герб “Газдава”, альбо сімвал улады з пучком маланак “Трызубец”. Мяркуемая аздоба печы Бераставіцкай ратушы адбылася ў 1755 – 1760 гг. Будынак ратушы быў разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 – 1945). Каменны друз і асколкі збудавання перавезены праз Ратушную плошчу для ўмацавання берагоў з боку старога касцёла. 


    Адваротны бок фрагмента кафлі мае ляпную фармоўку з квадратным вусцем. Гэтая акалічнасць у дадатак з невысокай якасцю рэльефу падказваюць аб мясцовай вытворчасці кафлі. Знойдзены фрагмент Бераставіцкай кафлі паліваны зялёным эмалем. Гэты колер быў распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі ў 17 – пач.18 ст. Рэканструкцыя фрагмента кафлі па вертыкальнай і гарызантальнай восі дае памер пласціны 20 х 20 см, які адпавядае паліванай кафлі на Беларусі ў 17 – 18 ст. (Нарыклад, Мінская кафля і Мірская кафля).

    На Бераставіцкай кафлі адсут­нічае рамка. Гэта стылевы прызнак кафлі 17 – пач.18 ст., які называецца “дывановы”. Арнамент яго складаецца з некалькіх частак, аб’яднаных адным малюнкам стылізаванага ўзора. (Напрыклад, Віцебская кафля, Лідская кафля).

   Выява геральдычнай ліліі на Бераставіцкай кафлі мае падабенства з гербам “Газдава” роду Пацаў. Адзін з яго прадстаўнікоў звязаны з гісторыяй Вялікай Бераставіцы ХVII ст. Гэта Сафія Пац (?- 1665), падканцлерка літоўская, жонка Яна Казіміра Хадкевіча (1616 – 1660), апошняга ўладальніка Вялікай Бераставіцы з роду Хадкевічаў. Сафія Пац была апякункай старога касцёла Звеставання, якому фундавала вялікі звон у 1661 г. У тым жа годзе яна выдала замуж сваю дачку Ганну Хадкевіч за ваяводу валынскага Ежы Яна Мнішка. Магнацкі род Мнішкаў узвысіў Бераставіцу да статуса “Вялікая” праз Магдэбургскі Прывілей 1754 г., аднавіў у мурах касцёл Звеставання Панны Марыі. У часы Мнішкаў дзейнічаў гаспадарчы двор з майстэрнямі па вуліцы Луненскай (зараз вул. Дзяржынскага). Двор знаходзіўся на тым месцы, якое цяпер займае Бераставіцкі масласырзавод. Гэта старажытная частка Вялікай Бераставіцы і месца знаходкі Бераставіцкай кафлі, якая адпавядае часу вытворчасці 17 – 18 ст.

    На жаль, на тэрыторыі Вялі­кай Бераставіцы не вяліся археа­лагічныя даследаванні. Толь­кі выпадковыя знаходкі жыхароў адкрываюць нам страчаную спадчыну Бераставіччыны. Гэтаму спрыяе Год гістарычнай памяці, прасякнуты словамі нашага гісторыка з Малой Бераставіцы Ігната Анацэвіча: “Гісторыя запальвае ў сумленных сэрцах агонь любові да роднага краю”.

 

Бібліяграфія:

 

Втарушын, А. Бераставіцкая кафля XVII — XVIII стагоддзяў / Андрэй Втарушын // Бераставіцкая газета. - 2022. — 30 верасня (№ 75). — С. 12. ББК 99

Антонава, Г. Уладар чатырох стыхій / Галіна Антонава // Культура. - 2021. — 11 верасня (№ 37). — С. 12. ББК 74

Пра Сяргея Нагаева, майстра керамічных вырабаў з г. Смаргоні Гродзенскай вобласці.

Беларуская кераміка:  альбом /  аўт. тэксту i склад. В.Г. Гаўрылаў. — Мінск:  Беларусь, 1984. - 175 с.

Белявец, А. Керамічны выраб (імбрык) / падрыхтавала Алеся Белявец // Мастацтва. - 2019. — № 2. — С. 6—7. ББК 85.125(4Беи)

Врублевская, Т. Под роспись: керамическое производство под Кореличами может стать знаковой точкой туристических маршрутов / Татьяна Врублевская // Советская Белоруссия. - 2020. — 20 ноября. — С. 13. ББК 74

Елатомцева, Ирина Михайловна.  Шедевры мировой керамики:  исторические метаморфозы стилистики /  И. М. Елатомцева. - Минск :  Беларусь, 2008. – 287 с. 

Ковальчук, Л. Н. Майолика: [хрупкая вечность] / Л. Н. Ковальчук; [фото Ю. А. Войны, О. А. Климовича]. - Минск: Беларусь, 2022. - 62, [1] с. - (Энциклопедия народного мастера) ББК 85.125

Мартинкевич, А. Viva, керамика! / Алла Мартинкевич; фото Александра Кушнера // Советская Белоруссия. Спецвыпуск. Октябрьскому району Минска — 80 лет. - 2018. — 15 марта. — С. 12. ББК 35.41(4Беи)

Мачабели, Кити Георгиевна.  Алде Какабадзе:  керамика: альбом /  К. Мачабели.- М. :  Советский художник, 1981. - 14с. - (Мастера советского искусства).

Сямёнава, А. Сонца на талерцы: кераміка Уладзіміра Кандрусевіча ў мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура / Алена Сямёнава // Мастацтва. - 2021. — № 1. — С. 6—7. ББК 85.125(4Беи)