“Графскія чваракі” ў Вялікай Бераставіцы

Большая частка жыхароў нашага мястэчка ведае, што такое бераставіцкія “чваракі” і дзе яны знаходзяцца. Трапіць туды з цэнтра можна ідучы напрасткі вузкай зарослай сцежкай уздоўж правага берага рэчкі (возера), мінаючы злева раённую бальніцу і былы графскі парк альбо іншым шляхам – праз вуліцу Матросава.
Чваракі – слова польскага паходжання (czworaki), але нягледзячы на гэта шырока распаўсюджана ў Заходняй Беларусі. Гэтым тэрмінам абазначалі баракі (дамы) для чатырох батрацкіх сем’яў. Бераставіцкія “чваракі” – гэта два старых дома, якія размешчаны ўпоперак дарогі, з дробнымі гаспадарчымі пабудовамі пры іх. У мінулым тут пражывалі сем’і парабкаў (прыслугі), якія працавалі ў графскім маёнтку. Абодва гэтыя дамы, яшчэ жылыя да сённяшняга дня, маюць прадаўгаватую форму, а іх сцены складзены з цэглы і накрыты двухсхільнымі дахамі.

Дык вось цікава, што пабудаваны гэтыя дамы ў розныя часы. Правы будынак (ад рэчкі) – больш старэйшы. Паходзіць ён яшчэ з царскіх часоў (перыяд Расійскай імперыі). Верагодна, што ўзведзены ён быў пры Юзэфе Станіславе Касакоўскім. А дом злева быў пабудаваны ўжо ў міжваенны (“польскі”) перыяд. Узвялі яго напрыканцы 30-х гадоў выключна для будучых работнікаў графскага бровару. Бераставіцкія старажылы гавораць, што ў апошні перадваенны год будынак быў ужо поўнасцю заселены.

Справа ў тым, што Касакоўскія незадоўга да пачатку вайны скончылі будаваць у маёнтку ўласны бровар (польск.“gorzelnia”) – міні-завод па вырабу чыстага спірту.
У якасці сыравіны павінны былі выкарыстоўвацца збожжа і бульба. Зазначым, што такога роду вытворчасць была прыбытковай ва ўсе часы. Двухпавярховы корпус бровара быў складзены з палявых камянёў і накрыты ліставым жалезам. Цікава, што Касакоўскія перад самай вайной ўзводзілі ў сваім маёнтку адначасова тры будынкі – бровар, левы “чварак” для яго работнікаў і двухпавярховы каменны збожжасклад.
Сцены склада не захаваліся да сённяшняга дня. Яго руіны стаялі да 2018 года. На яе фасадзе ўверсе відаць дату – 1938. Магчыма, што склад прызначаўся для захоўвання збожжа на выраб спірту. Будынак самога бровара знаходзіўся напрыканцы каштанавай алеі (цяпер вуліца Каштанавая), калі ісці да рэчкі, з левага боку ад дарогі. Кажуць, што ўладальнікі маёнтка нават закупілі ўсё неабходнае абсталяванне. Але запусціць працэс вытворчасці не паспелі – надышоў верасень 1939 года. Далейшы лёс усёй графскай гаспадаркі агульнавядомы. А ў пасляваенныя гады будынак бровара быў цалкам разабраны.


Бібліяграфія:

1. Жвалеўскі, Л. Аб маёнтаках і іх уладальніках / Леанід Жвалеўскі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Бераставіцкага р-на. — Мн.: Белта, 1999. — С. 560—562.
2. Лушчык, С. Ваколіцы Бераставіцы ў даваенны час: [Электронны рэсурс] / Сяргей Лушчык // Бераставіцкая газета. — 26.11.2010. URL: http://www.beresta.by/?p=3025
3. Лушчык, С. Гісторыя трох палацаў / Сяргей Лушчык // Бераставіцкая газета. — 27.09.2010. – С. 9.
4. Лушчык, С. Новыя гістарычныя апавяданні пра жыццё ў Вялікай Бераставіцы: [Электроны рэсурс] / Сяргей Лушчык // Бераставіцкая газета. — 13.06.2011. URL: http://www.beresta.by/?p=14922
5. Поросятников, Н. Что сегодня осталось от имения Коссаковских в Берестовице: [Электроны рэсурс] / Николай Поросятников // Берестовица. Старые фото. — 10.10.2014. URL: http:// berestowica. blogspot.com / 2014/ 10/ blog-post.html