Маёнтак Бераставіца Муравана

З 1750 года маёнтак Бераставіца Муравана валодаў граф Тадэвуш Дунін-Юндзіл, які быў падкаморным гродзенскім, а ў 1765 г. маршалкам Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, а потым яго сын Францішак (памёр у 1818 г.), затым унук Віктар (1791-1862). У Віктара была вялікая сям’я. Яго дачка Марыя ў 1858 г. выйшла замуж за Станіслава Солтана (1822-1896), і яе бацька падараваў ёй у пасаг маёнтак Бераставіца Муравана. Станіслаў Солтан быў са знакамітага роду, яго бацька Станіслаў Антоній Солтан (1758-1836) быў маршалкам надворным Вялікага княства Літоўскага.
Але графіня Марыя Дунін-Юндзіл, па мужу Солтан, неўзабаве памерла, і Станіслаў Солтан ажаніўся ў другі раз з роднай сястрой першай жонкі Альберцінай. У іх нарадзіўся сын, якога паводле каталіцкага звычаю назвалі двайным імем – Богдан Віктар (1861-1912). Ён і быў уладальнікам маёнтка да 1912 г. Апошнім яго гаспадаром да 1939 г. быў яго сын Богдан Соліан, які, па некаторых звестках, памёр у 1960 г. Час пабудовы самога палаца невядомы. Ёсць меркаванне, што будынак пачаў будаваць першы ўладальнік памесця Тадэвуш Дунін-Юндзіл у 1-й палавіне XVIII ст., а закончыў яго сын Францішак, хоць таўшчыня сцен, асаблівасці кладкі даюць падставу думаць, што ён мог будавацца значна раней. Палац складаўся з 3 карпусоў, але 2 бакавыя корпусы былі разабраны ў 1-й палавіне XIX. Да нашых дзён захаваўся толькі цэнтральны корпус.
У палацы, нягледзячы на яго знешні сціплы выгляд, было шыкоўнае ўбранства, няблагая карцінная галерэя і багатая бібліятэка. У сямейным архіве захоўваліся дакументы з XV ст., якія тычыліся заснавальніка дынанстыі Аляксандра Солтана, які быў у свій час падскарбіем Вялікага княства Літоўскага, паслом караля Казіміра Ягелончыка.
Усе карціны і серабро былі вывезены ў 1939 г пад Варшаву, дзе ў час пажару згарэлі. Бібліятэка таксама прапала бясследна. Ёсць меркаванне, што гэта здарылася ў верасні 1939 г. Некаторыя кніжкі маглі трапіць да жыхароў навакольных вёсак. У пасляваенны час у былым палацы размяшчалася вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі.

Бібліяграфія:

1.Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: У.У. Андрыевіч (дырэктар) [і інш.]; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2015. — 656 с. : іл.
2. Жвалеўскі, Л. Аб маёнтаках і іх уладальніках / Леанід Жвалеўскі Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Бераставіцкага р-на. — Мн.: Белта, 1999. — С. 560—562.
3. Цвирко, В. 150 золотых маршрутов моей Беларуси / Владимир Цвирко // 7 дней . - № 4. – 25.01.2017. – С. 8.
4. Лушчык, С. Ваколіцы Бераставіцы ў даваенны час / Сяргей Лушчык // Бераставіцкая газета. — 26.11.2010. – С. 9.
5. Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Гродненщины: Берестовицкий-Ивьевский районы / А.Т. Федорук; научный редактор О.Н. Попко. - Минск: Беларусь, 2014. - 543с.
6. Черкес, Т. Дворец без паспорта / Татьяна Черкес // Вечерний Гродно. – 20.01.2010. – С. 11.
7. https://belsat.eu/ru/news/murmelshpil-shpory-i-gruzila-dlya-rybalki-top-10-nahodok-grodnenskih-arheologov-za-2015-god/
8.https://www.pressreader.com/belarus/7-dney/20170126/281887298025243
10. https://www.turkaramamotoru.com/ru
11. http://www.fotobel.by/grodnenskaya-oblast/murovana/