Ядзвіга Лукашэвіч


Ажурныя сурвэткі і абрусы, вышытыя падушкі, саматканыя дываны, посцілкі і палавікі Ядзвігі Лукашэвіч з вёскі Муравана ўтвараюць адзінае цэлае з інтэр’ерам яе ўтульнай хаткі і надаюць пакоям характэрны для вясковага побыту сярэдзіны дваццатага стагоддзя каларыт. Дзеці, унукі і праўнукі Ядзвігі Стэфанаўны любяць бываць тут, пасля мітуслівага гарадскога жыцця трапляць у атмасферу спакою і размеранасці, дзе кожная рэч, кожны прадмет у роднай бацькоўскай хаце навявае ўспаміны дзяцінства, і дзе адпачывае душа. Тут іх малая радзіма, тут месца сілы і тут жыве матуля, якая сёлета адзначыла 90-гадовы юбілей.
Самаробная мэбля, тэкстыль ручной работы, прадметы дэкору – модныя веянні быццам не закранулі гэты дом.
– Мы спецыяльна захоўваем такі выгляд пакояў, – расказвае дачка Ганна Багумілаўна, якая прыехала з Калінінграда. – Па-першае, у гэтым ёсць свая адметнасць. Па-другое, гэта прыгожа. Па-трэцяе, гэта павага да карпатлівай работы нашай матулі. А для маладога пакалення нашай сям’і тут сапраўдны музей рамёстваў, жывая гісторыя вясковага побыту.
І праўда. Я быццам трапіла ў этнаграфічны куток з музейнымі экспанатамі. Дабротная драўляная шафа захавалася яшчэ з той пары, калі ў маладой сям’і Лукашэвічаў з’явілася першае жыллё – у Мураване. Ядзвіга Стэфанаўна з вёскі Калеснікі, яе муж Багуміл – з Парэчча. Многія прадметы мэблі Багуміл Лявонцьевіч рабіў сам. Яны таксама з любоўю захоўваюцца, і хоць самога гаспадара ўжо больш за дваццаць гадоў няма на гэтым свеце, у сям’і працягваюць называць майстэрню дзядулевай.
Этажэрка, жалезны ложак з пярынай і падушкамі, стол з фотаздымкамі і дарагімі сэрцу рэчамі, швейная машынка, дыван, крэслы – уся мэбля аздоблена прыгожымі сурвэткамі, абрусамі, посцілкамі, створанымі рукамі Ядзвігі Стэфанаўны.
– Я вельмі любіла вязаць кручком, пруткамі, – успамінае жанчына. – І не толькі самае неабходнае ў побыце, а проста прыгожыя рэчы. Чаго толькі не давялося вязаць! Сурвэткі, дарожкі, навалачкі на падушкі, камізэлькі, кофты, спадніцы, касцюмы, шапкі, хусткі і шалі, каўнерыкі для школьнай формы. Вышывала, шыла і ткала. Для сваёй сям’і і для іншых, хто прасіў. Рамяству вучылася ў маці – ад яе яшчэ цэлы куфар вышываных і тканых рэчаў засталося. Узоры прыдумвала самастойна…
І калі толькі ўсё паспявала? Трэба было гадаваць дзяцей – а іх у Ядзвігі Стэфанаўны чацвёра – сын Іван, дочкі Ганна, Марыя і Алена – завіхацца па гаспадарцы, падтрымліваць ідэальны парадак і чысціню ў доме, працаваць. Але кожную вольную хвіліну Ядзвіга Стэфанаўна аддавала свайму захапленню.
Сваіх дзяцей яны разам з мужам выхавалі годнымі людзьмі, якія атрымалі выдатную адукацыю і адбыліся ў прафесіі.
– Мама – вельмі веруючы чалавек, і нас выхавала такімі, – гаворыць Ганна Багумілаўна. – Яна вучыла быць шчырымі, адкрытымі, жыць згодна з божымі запаветамі. Вучыла на ўласным прыкладзе. Многае мы перанялі ад яе – ад галоўных прынцыпаў жыццёвай мудрасці да сямейных асаблівасцей святочных традыцый.
Ядзвіга Стэфанаўна ўсё жыццё адпрацавала вахцёрам у мураванскім вучылішчы, Багуміл Лявонцьевіч – там жа, загадчыкам гаспадаркі. Дарэчы, на 90-годдзе ў калектыве не забылі пра былую работніцу. Дырэктар Эдуард Карвацкі і старшыня Алекшыцкага сельсавета Віталій Галавач прыязджалі да Ядзвігі Стэфанаўны з віншаваннямі.
У цёплы майскі дзень на юбілей да любай матулі і бабулі сабралася амаль уся яе вялікая сям’я. У жанчыны васьмёра ўнукаў і ўжо дзевяць праўнукаў.
– Усіх нас цягне дадому, – гаворыць Ганна Багумілаўна, – асабліва тых, хто жыве за межамі Беларусі – я ў Калінінградзе, сястра ў Санкт-Пецярбургу.

Бібліяграфія:

1. Ганчарова, С. Самаробная прыгажосць бераставічанкі Ядзвігі Лукашэвіч / Святлана Ганчарова // Бераставіцкая газета. — 25.11.2018.