Капліца святой Ганны ў в. Глебавічы

За 0,5 км на ўсход ад вёскі, на ўзгорку ў полі. Пабудавана ў 19 ст. з цэглы. Пасля 1864 г. перададзена праваслаўным. Вернута католікам у 1992 г. Пасля Вялікай Айчыннай вайны закрыта. Адноўлена ў 1990-я гг. 

 Помнік архітэктуры класіцызму. Вырашаны прамавугольным у плане аб’ёмам пад 2-схільным дахам, завершаным на фасадзе драўлянай 4-граннай шатровай сігнатуркай. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высока ўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі. Фасад завершаны трохвугольным усечаным франтонам, па восі прарэзаны прамавугольным уваходным праёмам і лучковым акном над ім.

Унутры зала перакрыта плоскай атынкаванай столлю, падлога выкладзена керамічнай пліткай. Цэнтральны драўляны алтар вырашаны ў стылі неакласіцызму, у цэнтры абраз св. Ганны. Злева на сцяне абраз Найсвяцейшага Сэрца Дзевы Марыі, справа — Найсвяцейшага Сэрца Ісуса.

Побач з касцёлам у пачатку 21 ст. пастаўлена капліца “Грот Марыі” з бутавага каменю. Твор народнага дойлідства. Вырашана бутавым гротам з арачнай нішай-экседрай у верхняй частцы франтальнага фасада, у якой пастаўлена гіпсавая паліхромная скульптура Маці Божай.

 

Бібліяграфія:

 Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фатограф А. Л. Дыбоўскі. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя iмя П. Броўкi, 2008. - 488 с. ББК 85.11(4Беи)я2