БАРАНЧЫК

       Коля і Ваня – дваюрадныя браты. І сябравалі яны, як кажуць, вадой не разальеш. Але завадатарам усіх спраў заўсёды быў Коля. Гэта ён прыдумваў розныя свавольствы, планаваў паходы ў чужыя  сады і агароды за агуркамі, морквай ці яблыкамі. Праўда за такія выхадкі яму нярэдка даставалася ад бацькі.

         Раз у месяц у іх кампаніі кіраваў Ваня. І было гэта тады, калі бацька Вані атрымоўваў палучку. У тыя пяцідзесятыя гады працаваў ён на станцыі машыністам і ў дзень палучкі прыносіў дамоў розныя прысмакі: рыбныя кансервы, якіх ніколі не было ў доме Колі, пячэнне, цукеркі і ліманад. У гэты дзень хлапчукі выконвалі работу, якую атрымліваў ад бацькі Ваня: складалі дровы, мялі падворак, сушылі сена. Ваня  адразу ўсе прысмакі не аддаваў, але рабіў гэта не дзеля выгады, а хацеў, каб Коля як мага больш бавіўся з ім.

           Любімым месцам, дзе хлапчукі вялі гамонку, складалі планы быў дрывотнік. Аднойчы, у час такога “пасяджэння”, Ваня сказаў:

- Каб у мяне былі грошы, я купіў бы веласіпед.

- А мяне навучыў бы ездзіць на ім, - спытаў Коля.

- Ну, каб яшчэ паламаў.

- Не дасі і не трэба. А я зараз пайду катацца на веласіпедзе, - абурыўся Коля. Ён устаў з калоды, на якой сякуць дровы і пайшоў да дзеда. У яго быў стары польскі “ровар”. Дзеда ў хаце не было, а веласіпед стаяў замкнёны.

- Вось цяпер я пакатаюся, - радасна выгукнуў Коля, выводзячы “ровар” з хлява.

- Ды ты ж не ўмееш, - вымавіў сябра.

- А ты навошта. Трымай, каб я не падаў.

Але аказваецца не так проста справіцца з веласіпедам. Ён віхляў у бакі, не хацеў каціцца. Падаў.

- Слухай, давай з горкі, - прапанаваў Ваня.

 Усцягнуўшы веласіпед на ўзгорак. Коля загадаў сябру трымаць яго, а сам асядлаў машыну.

- Ну, паехалі! - выгукнуў ён.

Ваня злёгку падштурхнуў веласіпед і той пакаціўся з горкі ўсё хутчэй і хутчэй.

- Тармазі, тармазі, - крычаў Ваня, - я не паспяваю за табой.

Але спыніць машыну Коля не мог: тармазоў у “ровары” не было. І Ваня, не паспяваючы за веласіпедам, адпусціў яго.

- Усё едзеш адзін, - крыкнуў Ваня.

- Ура, такі навучыўся ездзіць, – узрадавана закрычаў Коля.

І ў гэты момант веласіпед вільнуў у бок, пярэдняе кола ўрэзалася ў вялікі камень, а хлопчык, пераляцеўшы праз руль, утыркнуўся  носам у дарожны пыл. Борздзенька падхапіўшыся, ён падбег да веласіпеда. Пярэдняе кола выгнулася накшталт лічбы “восем” і ніяк не пракручвалася.

- Давай хутчэй пацягнем назад, - загадаў ён Вані.

З цяжкасцю зацягнуўшы веласіпед у хлеў, хлопчыкі вярнуліся у свой “штаб”.

- І зноў папруга, - спачувальна прамовіў Ваня.

- Трэба было мацней трымаць веласіпед, - абурыўся Коля.

- А ты чаму не тармазіў. Я ж крычаў табе.

- Ат, што тут гаварыць. Зрабілі шкоду – прыдзецца адказваць, - у роспачы вымавіў Коля.

- А давай скажам, што не мы, - кінуў выратавальную думку Ваня.

Сябры дамовіліся маўчаць аб тым, што здарылася. Але не мінавала ўвечары бацькава папруга таго месца, якое заўсёды адказвала за свавольствы Колі. І зноў, у каторы раз адбыўся чарговы ўрок “выхавання”.

           Коля не разумеў, чаму бацька не “выхоўваў” такім чынам Ваню, а праводзіў з сынам доўгія гутаркі, пасля якіх хлопец плакаў і доўга не згаджаўся на сябравы выдумкі.

          Але аднойчы і Ваня атрымаў лупцоўку, праўда ад дзеда. І ўсяму віной яго шавялюра. У хлопчыка віліся валася і мянушка “Баранчык” не давала яму спакою. Гэта і стала тэмай іх размовы на адным з “ пасяджэнняў”.

- Ты змачы валасы вадой і яны выпрасцяцца, – раіў Коля брату.

- Дык не надоўга. Высахнуць і закруцяцца яшчэ больш.

-Тады чым-небудзь такім, каб доўга не сохла. Напрыклад алеем,- гнуў сваю лінію Коля.

- А дзе ты яго возьмеш, таго алею, - у роспачы вымавіў Ваня.

           Гэтую размову Коля ўспомніў на другі дзень, калі прыйшоў да Вані. У хаце ён застаў дзеда Васіля, які насіў у руках бутэльку з-пад алею і шукаючы некага заглядаў у шафу, пад ложкі, пры гэтым буркацеў сабе пад нос:

-         Ах ты нягоднік. Гэта ж трэба, столькі  масла

сапсаваў і ўсё на галаву. Заўтра ж абстрыгу нагола.

 Коля заўважыў адкрытае вакно і, усё зразумеўшы, паціхеньку рушыў у дрывотнік. На вялікай калодцы сядзеў Ваня і  хітра ўсміхаючыся, расчэсваў грэбенем валасы.

          Вечарам ён пазнаёміўся з дзедавай папругай, а на заўтра бліскацеў голай галавой. Але “баранчыкам” болей Ваню не называлі. 

                                                                      Май 1990 год