Скарб Нямцэвічаў з в. Цецяроўка


   Скарб дваранскага рода Нямцэвічаў быў знойдзены 18 жніўня 1989 года на тэрыторыі пагранзаставы Мінчыкі ваеннаслужачымі в/ч 2141 М. Каленчуком і В. Касцецкім падчас здабычы пяску на месцы былога фальварка Цецяроўка.
    Скарб уяўляе сабой гістарычныя рэчы, які збіраліся родам Нямцэвічаў на працягу двух з паловай стагоддзяў. Пачынальнікам калекцыі з’яўляўся Юліян Урсын-Нямцэвіч. У склад скарбу ўваходзілі 68 прадметаў. 
Гэта сталовае срэбра, вайсковыя атрыбуты, узнагароды, ювелірныя кубкі, манеты Рэчы Паспалітай і Англіі 1920-ых, дакументы на імя польскага ротмістра Ежы Урсын-Нямцэвіча (1892-1951), апошняга ўладальніка маёнтка Цецяроўка. Скарб быў схаваны ў верасні 1939 года пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР.

Род Нямцэвічаў вядомы ў Беларусі. Напрыклад, Станіслаў Францішак (1753-1817) – дзяржаўны дзеяч ВКЛ, гродзенскі маршалак і губернатар. Юліян (1758-1841) – вядомы польскі пісьменнік і гісторык.



У пачатку ХХ стагоддзя Ням­цэвічы парадніліся з Каса­коўскімі бераставіцкай лініі і пражывалі ў маёнтку Цецяроўка. Цікавасць да гэтага роду я праявіў, вывучаючы спадчыну Касакоўскіх на Бераставіччыне. У кнізе А. Гладышчука “Нямцэвічы. Сапраўдная гісторыя” (Мінск, 2009) сустрэў пісьмо Ежы Урсын-Нямцэвіча ад 28 студзеня 1990 года, які з’яўляецца непасрэдным удзельнікам хавання памятных рэчаў пад Мінчыкамі.

Пісьмо з’явілася водгукам на публікацыю артыкула “Тайна скарбу” ў “Гродзенскай праўдзе” ад 26 жніўня 1989 года. З ліста Ежы стала вядома, што свае памятныя рэчы хавалі трое чалавек: ён сам, дзядзька-вайсковец Ежы Урсын-Нямцэвіч, уладальнік маёнтка Цецяроўка, і яго 16-гадовы сын Юзаф. Аўтар ліста меў на той час 15 год. Хавалі найбольш каштоўныя сямейныя рэліквіі. Гэта два срэбныя імянныя кубкі канца ХVII-XVIII стагоддзяў Юліяна Урсын-Нямцэвіча. Адзін з іх зроблены ў Гданьску майстрам М. Якабам і аздоблены рэльефнымі выявамі сцэн, якія датычацца святаў, звязаных з Раством Хрыстовым. У другім кубку варшаўскі майстар Т. Клімашэўскі ўмацаваў калекцыю з дваццаці манет і медалёў XIV–XVIII стагоддзяў.

Сярод вайсковых памятных рэчаў – бронзавая булава Андрэя Урсын-Нямцэвіча, камандзіра пераможнай бітвы з туркамі пад Венай у 1683 годзе. Булава сімвалічная, мае серыю партрэтаў ваяроў паміж шчытамі з пчоламі. Булава, як джала, напамінае ворагам аб небяспецы. Ёсць тут і рынграф афіцэрскі XVIII ст. часоў паўстання Тадэвуша Касцюшкі (1794 г.), ад’ютантам якога быў Юліян Урсын-Нямцэвіч. На бронзавай шчытападобнай пласціне награвіраваны польскі арол у кароне з медальёнам на грудзях.

У мінчыцкай калекцыі таксама тры ўзнагароды – знакі палкоў войска Польскага 1920-1929 гадоў, якія належалі ротмістру Ежы Урсын-Нямцэвічу, апошняму ўладальніку Цецяроўкі. Сталовае срэбра – прыданае Людвікі Марыі Касакоўскай (1893-1978), жонкі ротмістра Ежы Урсын-Нямцэвіча і старэйшай дачкі ўладальніка маёнтка ў Вялікай Бераставіцы Юзафа Касакоўскага (1866-1917). Лепшым узорам высомастацкай вытанчанай работы сярод сталовых прадметаў з’яўляецца збан туалетны, срэбны з ванначкай.

Вялікая выстава скарбаў будзе цікавая не толькі для гісторыкаў і апантаных краязнаўцаў, але і для шырокага кола дапытлівых жыхароў Бераставіччыны.

 

                                                 Бібліяграфія:

 Втарушын, А. "Хтосьці хавае, хтосьці знаходзіць..." / Андрэй Втарушын // Бераставіцкая газета. - 2018. — 8 жніўня (№ 62). — С. 4. ББК 644.1+99

У артыкуле расказваецца пра скарбы, якія былі знойдзены ў Мінчыках Бераставіцкага раёна.

Аляксееў, Аляксандр Аляксеевіч. Спадчына Беларусі.Скарбы : альбом / А.А. Аляксееў, А.В.Лукашэвіч. - Мн. : Мiн. ф-ка каляр. друку, 2007. – 319 с. ББК 85.12(4Беи)1я6

Какие клады хранят в Гродненском историко-археологическом музее и какова их ценность? // Гродзенская праўда. — 2021. — 21 января.: Электронный ресурс: URL: https://grodnonews.by/ news/kultura/ kakie_klady_khranyat_v_grodnenskom_istoriko_arkheologicheskom_muzee_i_kakova_ikh_tsennost.html. — Дата доступа: 24.05.23 г.

Ключ от Гродно, самые ценные клады Принеманья, бюро последнего короля Речи Посполитой. В Новом замке открыли уникальную экспозицию // Гродзенская праўда. — 202-. — 4 ноября.: Электронный ресурс:URL:https://grodnonews.by/news/kultura/klyuch_ot_grodno_samye_bolshie_klady_prinemanya_byuro_poslednego_korolya_rechi_pospolitoy_v_novom_zamke_otkryli_unikalnuyu_ekspozitsiyu.html. — Дата доступа: 24.05.23 г.

Скарбы Панямоння са збораў дзяржаўных музеяў Гродзенскай вобласці [Выяўленчы матэрыял] = Сокровища Понеманья из собраний государственный музеев Гродненской области = The treasures of Paniamonnie from the collections of state museums of Hrodna region : [альбом / рэдактары-складальнікі: А. В. Русачак, В. В. Аніська, К. У. Арабей ; рэдкалегія: В. А. Лісковіч і інш.] ; фота: С. А. Кічук і інш.]. - Мінск : СтройМедиаПроект, 2017. - 421, [2] с. ББК 79.1(4Беи)л6

Я познаю мир. Клады и сокровища:  детская энциклопедия /  авт.-сост. Л.Б. Сумм.- М. :  Астрель, 2005. - 396 с.