СМЕРЦЬ КАЗЫ

            Адбылося гэта гадоў мо з дваццаць таму. За праўдзівасць гэтай гісторыі я адказваю і магу нават прадставіць сведак. Ды вы і самі згодзіцеся, калі паслухаеце далей.

         Каза Мілка была малочнай пароды. Штодня яна давала 4-5 літраў малака. А якое малако. Галоўнае што лячэбнае. І вось не стала Мілкі. Гаспадар, начальнік чыгуначнай станцыі Канстанцінаў, на знаходзіў сабе месца. Няма Мілкі. Павесілася Мілка. Ды яшчэ пры якіх абставінах... Але ўсё па парадку.

         У той дзень Васільевіч, гаспадар казы, вёў яе на дзённую дойку. Трэба сказаць, што звычайна Канстанцінаў прывозіў Мілку на матацыкле. Садзіў яе ў каляску, надзяваў шлем, каб “гаішнікі” не чапляліся і вёз яе дамоў. Казе гэтыя невялікія падарожжы падабаліся. І трэба ж было здарыцца, што ў той дзень паламаўся матацыкл. Вось і вёў Васільевіч Мілку на абарожку пешшу.

         З гэтай нагоды мы можам зрабіць выснову, што выпадковасці адыгрываюць вялікую ролю ў жыцці. Выпадкова зламаўся матацыкл, выпадкова Васільевіч спазніўся на пераезд, выпадкова там сабраліся ўсе ўдзельнікі прыгоды.

         Калі начальнік з казой падышоў да пераезда, той ужо быў зачынены. У гэты час заўжды ўзважвалі саставы вугалю, які перагружалі на станцыі. Васільевіч ведаў, што гэтая працэдура зойме хвілін трыццаць, не меней. А абходзіць поезд з пяцідзесяці вагонаў па рэйках, ды яшчэ з казой, не хацелася. Тое, што пераезд на працяглы час закрываўся, падцвердзіць могуць многія. Нават старшыня калгаса імя Чарняхоўскага, калі спазняўся на нараду ў райком партыі апраўдваўся: “Мікалай Міхайлавіч, пераезд быў закрыты. Прыйшлося варочацца і ехаць праз Грыцавічы”. І сакратар верыў яму, бо сам аднойчы папаў у падобную сітуацыю.

         Дык вось, ведаючы, што чаканне некалькі зацягнецца, Канстанцінаў прывязаў казу да шлагбаўма, адышоў трохі ў бок і прысеўшы на невялікі бетонны слупок, закурыў. У гэты час да пераезда на сваім “Усходзе” падляцеў Грыша Лыч, па мянушцы “Лычык”. Пагазаваўшы, ён некалькі разоў таргануўся туды-сюды, заглушыў матацыкл і наважыўся чакаць. Паступова каля шлагбаўма пачала збірацца чарга. За “Лычыкам” пад’ехаў Нупрэевіч. Ён на возе, абсталяваным спецыяльнай будкай, вазіў хлеб з чыгуначнай хлебапякарні. Следам пад’ехаў на “Жыгулях” намеснік старшыні калгаса Васькін, за ім яшчэ некалькі машын. Усё гэта назіраў без цікавасці Васільевіч, седзячы на слупку. Але далейшыя падзеі абвастрылі сітуацыю і выклікалі павышаную цікавасць начальніка.

         Конь Нупрыевіча, перабіраючы вялікімі губамі, скубануў “Лычыка” за плячо. На хлопцы была зялёная кашуля і жывёліна пэўна прыняла адзенне за траву. Кашуля трэснула і раз’ехалася ад пляча да паясніцы. Ад нечаканасці той аж падскочыў на сядзенні. Потым злез з матацыкла і пайшоў да Нупрыевіча. Той драмаў, седзячы на козлах. “Лычык” у роспачы тузануў дзеда за нагу, на што той машынальна адрэгаваў, сцебануўшы хлапца пугай. Паміж імі пачалася сварка. “Лычык” абвінавачваў Нупрыевіча, на што той адказваў афарызмамі, што яшчэ больш злосціла хлопца.

         Нарэшце, махнуўшы рукой, “Лычык” рушыў да матацыкла. А Васькін, высунуўшы з форткі “Жыгуля” крыкнуў: “ Хлопец, чаго ты да дзеда ўчапіўся. Кашулю ж табе конь парваў”. У гэты час “Лычык” праходзіў каля галавы каня. Пачуўшы апошнія словы намесніка, ён у роспачы з’ездзіў каню ў пысу. Той у аглоблях рвануўся назад. Доўгая разворка воза амаль наскрозь прапарола Васькіна “Жыгулі”. Зацікаўлены Канстанцінаў трымаўся за жывот ад смеху і не заўважаў, як падняўся шлагбаўм, да якога была прывязана каза.

         А малака яна давала многа.

Верасень  1999 год