Капліца Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Масалянах

      

Капліца касцёльная Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі пабудавана ў 1856 годзе па праекту варшаўскага архітэктара Аляксандра Градзецкага (1852), які распрацаваў архітэктуру палаца-паркавага комплексу Біспінгаў у Масалянах. Будаўніцтва капліцы фундавала Юзэфа Вайчынская з Біспінгаў (1786-1878), уладальніца маёнтка Масаляны.

     Дазвол на будаўніцтва Ю. Вайчынская атрымала 11 красавіка 1856 г. ад гродзенскага губернатара Хрыстафора фон дэр Ховена. З 1862 па 1867 гг. службу праводзіў у капліцы-касцёле ксёндз Банавентура Кударкевіч, якога ўтрымлівала за свой кошт памешчыца Ю. Вайчынская. (Паводле дакументаў НГАБ у Гродна).

У 1868 г. мастак Напалеон Орда наведаў Масаляны і выканаў малюнак капліцы з павільёнамі з боку возера. (Малюнак захоўваецца ў музеі Кракава). Каштоўны малюнак адлюстроўвае першапачатковы выгляд каталіцкай капліцы. Гэта высокі аднанэфны неагатычны храм з дзвюма вежамі-шпілямі на галоўным фасадзе, які вырашаны прамавугольным парталам.Класічны прамавугольны ў плане аб’ём завершаны паўкруглай апсідай, над якой узвышаецца двухсхільны дах. Злевага боку капліцы стаяла арка-званіца са звонам (не захавалася). Аконныя праёмы вырашаны ў стылі гатычнай аркі-цюдор. Капліца з’яўляецца помнікам архітэктуры несапраўднай готыкі ХІХ ст.

У 1867 г. каталіцкая капліца ў Масалянах перададзена праваслаўнаму духавенству і пераасвечана пад царкву Св. Дабравернага Аляксандра Неўскага.

У 1919 г. капліца вернута католікам, адрамантавана ўладальнікамі Біспінгамі ў 1937 г. Але ў верасні 1939 г. зямля маёнтка Масаляны была далучана да БССР. Капліца зачынена мясцовай савецкай уладай і перароблена пад склад. З галоўнага фасада зняты вежы.

Адраджэнне будынка як помніка сакральнай архітэктуры адбылося ў 1991 г. Вялікаэйсмантаўскі ксёндз Кароль Бернась асвяціў капліцу-касцёл пад гістарычным тытулам “Унебаўзяцце Найсвяцейшай Дзевы Марыі”. Абразы для капліцы выканаў мясцовы самадзейны мастак Іосіф Іванавіч Сліўка. Капліца дзейнічае.

 

Бібліяграфія:

Выпіскі з дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродна (НГАБ у Гродна) выканаў А.Ф.Втарушын. 2023 г.

Аднаўляем гісторыю па здымках / падрыхтавала Святлана Ганчарова // Бераставіцкая газета. - 2022. — 28 мая (№ 39). — С. 8. ББК 713

Гарады і вёскі Беларусі. Т.9. Кн.I. Гродзенская вобласць : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ; редкалегія У. У. Андрыевіч і інш.. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя iмя Пятруся Броўкi, 2016. – С. 380—381. ББК 63.3(4Беи)я2

Калеснік, Л. Р. Ад Алекшыц да Эйсмантаў: час, прастора, лёсы / Леанід Калеснік. - Мінск : Колорград, 2020. - 272 с. ББК 63.3(4Беи)

Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фатограф А. Л. Дыбоўскі. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя iмя П. Броўкi, 2008. - 488 с. ББК 85.11(4Беи)я2

Памяць: гіст.-дакум. хроніка Бераставіцкага раёна /  рэд.-уклад. М.І.Пацэнка.- Мінск :  БЕЛТА, 1999.- С. 564—565.

Паценко, Н. Берестовитчина: экскурсионно-туристический маршрут "Дорога от храма к храму" / Николай Паценко // Бераставіцкая газета. - 2016. — 16 красавіка (№ 29). — С. 6. ББК 657+71

Потапчик, С. Без прошлого нет будущего. Еще раз об истории имения Биспингов в Массолянах / Светлана Потапчик // Бераставіцкая газета. — 2021. — 31 января.

Румак, Г. У. Масаляны праз смугу стагоддзяў : старонкі гісторыі / Г. У. Румак ; [рэдактар Н. В. Томчык]. - Слонім : Слонімская друкарня, 2014. - 256 с. ББК 26.89(4Беи)

Румак, Г. Роздум каля брамы / Галіна Румак // Бераставіцкая газета. - 2017. — 9 верасня (№77). — С. 7. ББК 713+95

Aftanazy, Roman.Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitei / Wyd. 2-е. Tom 3. Wroclaw. 1992.

https://ru.belarus.travel/landmarks/kaplitca-sviatoi-marii-d massoliany? ysclid = luzbky6g1d654414364