БАЛАДА ПРА ЧОРНЫ КАМЕНЬ

Неба пад месяцам

ды поле чорнае.

Цень чалавека

крадзецца

ва ўчора.

Плечы шкілетныя,

духам атручаны,

рукі назад

вяроўкаю скручаны.

А па-над чэрапам

крумкачыцца боль,

горкі куколь –

непачуты пароль!

Цень схамянуўся!

Можа, пачуюць?

Не дакрычацца –

няпраўда ваўчуе.

Усё патанае

ў шуме альховым,

не далятаюць

ў мінулае словы.

Гады ацяжэлі.

Бегчы, крычаць

бескарысна!

Ужо не паспець

на хутар

пад Ваўкавыскам!

Цень брыдзе!

Болей трываць

нямы рады –

яшчэ на парадзе

непакараная здрада.

Чорны гарнітур

усё пад сабою

стрывае.

Таму што за пазухай

чорны камень

трымае!

Наўкола наватар,

заўсёды ў целе.

Чуць пахіснецца –

саломку пад бок

падсцеле.

Выведаў выхады

і патаемныя сцежкі

і па-над праўдай

носіць

холда усмешкі.

Крыж на сумленні,

не прахапляецца ноччу.

Чорнае сэрца

нават знахарка

не ўрочыць.

Але ўсё-такі

хоць і не часта,

а зрэдку

у чорныя сны

прыходзяць

белыя сведкі.

Тады на пасцелі

круціцца ён смаўжом.

І пот лье не градам –

дажджом.

Стаялі вясёлыя хлопцы,

у зорачку шчасця

верылі,

пакуль увіваўся ён

сярод паліцаяў

хімераю.

Чырвонай лазою

гер-камендант

сцябае па боту.

А гэты падміргвае.

Ні ценю згрызоты!

Целы пружыніліся,

грэла надзея – раптам

ўскідок пісталета

і кулі

паваляць катаў!

Толькі не раптам

і не па катах …

З’едліва крывіць усмешку

на іх

правакатар.

Зброю пагладжвае,

дзьмухае ў дула,

баіцца, каб дула

не падманула.

Каркнула рэха

і разняслося

над полем.

Кулі касілі

рунь маладую падполля.

Гарачай крывёю,

што пырскала

з ранаў,

тройчы над ямай

здраднік быў

расстраляны.

Старая вароны

наклікала хлопцам

бяду.

Стрэлы апалі,

быццам канцы

у вады.

Далёкага рэха

тужлівае скавыццё,

захад

чырвоным штандарам

пакрыў

маладое жыццё.

Толькі тры воблакі

схапіліся

за прамяні.

Гэта тры воблакі

хлапечыя душы

ўзнялі.

Кашулі белыя

тры воблакі

вецер пашыў.

Высокія воблакі

дажджамі

па свеце пайшлі.

Рукамі адчаю

абняўшы тры баразны,

скрыготна

зубамі

зямлю грыз сувязны.

Ды раптам камень

адчуў

пад гарачай рукой.

падняўся

і з каменем

на паліцаяў – у бой!

І выкінуў рэзка

з рукі

невычэрпны гнеў.

І белы камень

ад здрадніцкай юшкі

счарнеў.

А хутар вячэраў,

прыцішнуўся

да сцяны.

Кароткія чэргі

чацвёртага хлопца

сцялі.

Шмат гадоў,

шмат вады

з той пары ўцякло,

абмялела рака,

асушылася дно.

Усё адно

тых канцоў не відно …

Цень чацвертага ходзіць –

стрываць

няма рады,

бо ўсё пры парадзе

непакараная здрада.

А на Купале

па ціхай,

пяшчотнай лагодзе

белыя воблакі

кветку шукаць

прыходзяць.

Толькі чорны гарнітур

на ясныя

Першамаі

ім пяе дыфірамбы,

а за пазухай

чорны камень

трымае.