Драўляны касцёл у стылі ранняга класіцызму пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа быў заснаваны ў 1793 г . як філіял Індурскай парафіі. Святыня пабудавана на ўзвышшы ў заходняй частцы вёскі, на могілках, побач з сядзібай паноў Хрусціцкіх. Фундатарамі касцёла былі маршалак гродзенскай шляхты Людвік Марцыян Панцэжыньскі і яго жонка Канстанцыя са Скірмунтаў, а таксама сем’і Сарокаў і Азажыцкіх. Да філіяла былі далучаны вёскі, якія раней складалі паўднёвую частку парафіі Адэльск, а пасля Другой сусветнай вайны – частка вёсак і ваколіц парафіі Крынкі. У першай палове ХIХ ст. пры касцёле дзейнічала Ружанцовае брацтва.
Дазвол на пабудову ва Уснаржы касцёла 28 мая 1793 г . падпісаў віленскі біскуп Ігнацый Масальскі. Новазбудаваная святыня была асвечана 23 чэрвеня 1795 г . кс. канонікам Юзафам Свяржынскім. У 1797 г. муж і жонка Панцэжыньскія ахвяравалі партрэт для касцела, на якім намаляваны Віленскі біскуп Караль Панцэжыньскі, апякун ордэна баніфратаў у Гродна. З 1979 г. партрэт знаходзіцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Беларусі ў Мінску.
Прамавугольны ў плане касцёл быў пабудаваны з сасновага дрэва на падмурку, па баках апсіды знаходзіліся дзве квадратныя сакрыстыі. Касцёл бязвежавы, накрыты двухсхільным бляшаным дахам. Галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам, ашаляваным “елачкай”; у 1848 г . былі вертыкальна ашаляваны сцены. Інтэр’ер падзелены дзвюма парамі шасцігранных слупоў (цяпер – чатырохгранныя) на тры навы і перакрыты плоскай падшыўной столлю.
У сярэдзіне ХIХ ст. унутранае ўбранства касцёла выглядала наступным чынам: галоўны алтар з сасновага дрэва змяшчаў абраз Укрыжавання ў пазалочанай раме. Яго акружалі маляваныя выявы: злева – Маці Божай і св. Пятра, справа – св. св. Яна і Паўла. Наверсе была выява Анёла з хусткай св. Веранікі. Левы бакавы алтар змяшчаў абраз НПМ Беззаганага Зачацця. Абраз акружалі выявы св. Казіміра (злева) і св. Людвіка, французскага караля. Вышэй знаходзілася выява Анёла, а над ім – выява Святога Духа ў воблаку. У алтары былі рэліквіі святых. Справа стаяў алтар св. Юзафа з адпаведным абразом у акружэнні выяваў св. Алены (злева), св. Канстанцыі і Анёла (зверху). Завяршала алтар выява Усёвідушчага Вока.
Сёння святыню ўпрыгожваюць тры разьбяныя барочна-класіцыстычныя двух’ярусныя алтары “карынфскай будовы”, дэкараваныя накладной арнаментальнай разьбой. Пасля апошняга рамонту ўсе сцены, столь і слупы былі ашаляваны. Галоўны алтар акружаны паліхромнымі фігурамі Святых апосталаў Пятра і Паўла, у цэнтры – велічнае разьбянае Укрыжаванне, зверху – абраз св. Францішка. Кампазіцыю завяршае выява Сэрца Пана Езуса ў аблоках і промнях. Галоўныя абразы ў бакавых алтарах упрыгожваюць касцёл ад самага пачатку яго існавання: у левым – абраз Маці Божай Беззаганага Зачацця (наверсе – абраз св. Казіміра), у правым – абраз св. Юзафа (наверсе – абраз св. Антонія). Над уваходам – арганныя хоры, абгароджаныя балюстрадай. Арган у касцеле пабудаваны Віленскай фірмай Вацлава Бярнацкага ў 1913-1914 гг. Кантракт на арган падпісаў мясцовы ксендз Генрых Сабалеўскі 23 снежня 1913 года. Інструмент перададзены ў касцел 3 красавіка 1914 года. Арган захаваўся і дзейнічае падчас набажэнстваў. Крыпта пад касцёлам, у якой пахаваны астанкі фундатараў, была амаль цалкам засыпана ў 1960 г . па загаду тагачасных уладаў.
На поўдзень ад касцёла асобна стаіць мураваная званіца, пабудаваная з цэглы і бутавага каменя ў 1841 г . Яна змяшчае 3 званы: вялікі (100 кг , адліты ў 1850 г . Вінцэнтам Уладкоўскім), сярэдні (32 кг , набыты ў праваслаўных, адліты ў Маскве) і малы (8 кг , XVIII ст.). Перад касцёлам стаяць высокія драўляныя крыжы, усталяваныя айцамі аблатамі (1937 г .) і рэдэмптарыстамі (1991 г .) у памяць святых місій у парафіі, а таксама мемарыяльны помнік у гонар 1600-годдзя прыняцця хрысціянства Рымскай Імперыяй з лічбамі “1313 – 1913” . Касцёльная тэрыторыя разам з могілкамі абнесена бутавай агароджай; галоўны ўваход пазначаны трохарачнай брамай, на франтоне якой усталявана ў нішы фігура св. Яна Непамука.
У пачатаку ХХ ст. Уснарж атрымаў статус самастойнай парафіі. Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіянаў ужо перавышала 2300 чалавек. З адменай прыватнай маёмасці знік і маёнтак Уснарж.
З таго часу парафія, як і вёска, мае назву Макараўцы.
У 1950 г . пробашч касцёла кс. Алаізій Тамковіч быў арыштаваны (на шчасце, ён вярнуўся праз 5 гадоў), а плябанію ўлады прыстасавалі пад ашчадную касу і жыллё для школьных настаўнікаў. Касцёл у Макараўцах дзейнічаў увесь час, нават тады, калі тут не было свайго пробашча (прыязджаў ксёндз з Адэльска).
З 2011 г . касцёл мае статус помніка архітэктуры 3 катэгорыі.
У 1989 – 1991 гг. касцёл быў адноўлены дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча кс. Венантыя Вількаша, потым – кс. Яраслава Грынашкевіча.
Пад плябанію цяпер выкары¬стоўваецца дом былой парафіянкі, якая пасля сваёй смерці завяшчала будынак для гэтай мэты.
Ён стаіць насупраць плябаніі, якую ў 2001 – 2002 гг. вярнулі парафіі; сёння тут знаходзяцца класы для катэхетычных заняткаў.
29 чэрвеня 2004 г . адбылася прамая радыётрансляцыя святой Імшы, арганізаваная “Радыё Марыя”. У 2006 – 2008 гг. касцёл і парафіяльныя будынкі былі газіфікаваны. У 2009 – 2011 гг. адбыўся ўнутраны рамонт святыні з заменай дзвярэй і вокнаў. У 2010 г . быў грунтоўна адрамантаваны арган.
Да парафіі Макараўцы былі далучаны вёскі парафіі Крынкі: Белакозы, Ігнатавічы, Кудрычы, Пранявічы, Рэпавічы.
У інфармацыйнай справаздачы Упаўнаважанага Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў СССР па Гродзенскай вобласці за IV квартал 1950 года гаворыцца: «Ксёндз Макараўскага касцёла Бераставіцкага раёна Тамковіч А.П., будучы незадаволены запрашэннем яму абслугоўваць прыход Малой Бераставіцу па сумяшчальніцтву, самаўласна адправіў у прыходах Малой і Вялікай Бераставіцы службу па аднаму, два разы ў месяц у кожным касцёле».
Пасля арышту 31 сакавіка 1951 года ксяндза Тамковіча веруючыя Макараўскага прыходу просяць «дазволу на адпраўленне рэлігійных абрадаў па сумяшчальніцтву ў дні каталіцкіх святаў і ў нядзельныя дні, хоць бы па аднаму - два разы ў месяц».
Веруючыя самы шукалі служыцеляў культа на свабодныя прыходы. Так з Макараўскай парафіі ў 1952 годзе касцёльны савет разам з веруючымі тры разы ездзілі ў Літву дзеля таго, каб знайсці служыцеля культа, які б даў згоду на пастаянную службу ў прыходзе. Быщ час, што святар знайшоўся, але яму мясцовыя ўлады ў прапісцы адмовілі (быў прапісаны ў Вільні).
Бібліяграфія:
1. Арганы Беларусі. /склад. А. У. Бурдзялеў.- Мінск: БелЭныклапедыя. 2018г. -368с.: іл.
2. Вялікая Бераставіца і ваколіцы / галоўны рэдактар Уладзімір Шпарло — Брэст: ТАА “Рэкламна-інфармацыйнае агенцтва “Вечерний Брест», 2011. — 96 стар.: ил.
3. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. Кал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 371 с.: іл.
4. Койта, К. З гісторыі архітэктурных помнікаў Бераставіччыны / Казімір Койта // Памяць: Гіст-дакум. хроніка Бераставіцкага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 1999. — С. 558.
5. Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі / А.М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі. — Мінск: Бел.Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. — 488 с.: іл.
6. Лушчык, А. В. Помнікі гісторыі і культуры Бераставіцкага раёна / Аляксей Лушчык // Памяць: Гіст.- дакум. хроніка Бераставіцкага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 1999. — С. 571.
7. https://www.radzima.org/be/object/1447.html