Самы
старажытны і велічны будынак сярод
архітэктурных помнікаў на зямлі бераставіцкай – гэта касцёл Візітацыі
Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Вялікай Бераставіцы ХVІІ – XVIII ст. Гістарычная назва помніка “Касцёл парафіяльны ў гонар
Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыіі ў Вялікай Бераставіцы” згодна
адбітка касцёльнай пячаці на дакуменце 1862 г.(НГАБ у Гродна).Сакральны помнік
архітэктуры позняга барока з архіўных дакументаў Беларусі, Полшчы і Літвы меў
такія назвы: “Звеставання”(Дабравешчання) – у XVII – XVIII ст.; “Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыіі арханёлам Гаўрыілам” – у 1-й
палове ХІХ ст.; царква Спаса Нерукатворнага – у 2-й палове ХІХ ст.; касцёл
Візітацыі Дзевы Марыі – у савецкі час (ХХ ст.).
Згодна “Хронікі
касцёла парафіяльнага ў мястэчку Вялікай Бераставіцы. 1849 г.”(Навуковая
бібліятэка Віленскага ўніверсітэта) першы драўляны касцёл у мястэчку быў
заснаваны на месцы пахавання Ежы Юр’евіча Хадкевіча (каля 1568 -1595), маршалка
трыбуналу ВКЛ і генеральнага старасты Жмудзкага. Магіла Ежы Хадкевіча ўяўляла
сабой драўляную капліцу 1595 года, дзе праводзіліся службы. У 1615 г. Геранім
Хадкевіч, кашталян віленскі і родны брат Ежы Хадкевіча павялічвае капліцу
згодна фундуша брата. Драўляны касцёл у гонар Звеставання Найсвяцейшай Панны
Марыіі асвяціў у жніўні 1615 г. віленскі біскуп Бенядыкт Война.У гэты час пры
касцёле заснавана місія кармелітаў.
У 1656 г.
уладальнік Бераставіцы Ян Казімір Хадкевіч, кашталян віленскі дазволіў пры
касцёле Звеставання Панны Марыі заснаваць брацтва Святых Анёлаў-Ахоўнікаў, якіх
упаўнаважыў Папа Рымскі Інакенцій Х у 1655 г. Манахі арганізавалі пры касцёле
школу і шпіталь міласэрнасці, праводзілі ў мястэчку рэлігійныя святы. У 1661 г.
Сафія Пац, жонка Я.К.Хадкевіча, выконваючы апошнюю волю мужа фундавала вялікі
звон для касцёла вагой 34 пуды. У 1716
г. у Бераставіцкім касцёле быў адрамантаваны вялікі арган, усталяваны там у
ХVII ст. (Zglinski M. Sources and materials to the history of organ building…W.
1999). У 1650-х гг. Бераставіцкі касцёл наведаў вядомы гісторык і рэлігійны
дзеяч Рэчы Паспалітай Войцэх Каяловіч (1609 – 1677), які збіраў матэрыялы да
гісторыі шляхты ВКЛ і генеалогіі роду Хадкевічаў.
На
працягу ХVII ст. касцёл стаў
радавым некропалям Хадкевічаў. Тут былі пахаваны заснавальнік касцёла Ежы Юр’евіч Хадкевіч, кашталян віленскі Ян
Казімір Хадкевіч, яго двое сыноў, а таксама яго жонка Сафія Пац. Пазней у
крыпце касцёла былі пахаваны наступныя ўладальнікі Бераставіцы - Мнішкі,
Патоцкія, Касакоўскія, а таксама мясцовыя ксяндзы і заможная шляхта.
Пасля знішчэння храма ў выніку пажара 1741 г. быў
узведзены мураваны касцёл новымі ўладальнікамі Вялікай Бераставіцы – Мнішкамі.
Аднаўляць касцёл пачаў з 1741 г. маршалак вялікі каронны і кашталян кракаўскі
Юзаф Вандалін Мнішак (1670 – 1747), а завершыў будаўніцтва яго сын Ежы Аўгуст
Вандалін (1715 – 1778), маршалак надворны каронны разам з жонкай Марыяй Бруль.
Аднаўляць бераставіцкі касцёл у мурах Мнішкі перадалі ордэну францысканаў, якім
аказвалі фінансавую падтрымку. Над узвядзеннем бераставіцкага касцёла працавалі
саксонскія і французскія архітэктары ХVIII ст., якія стаялі на службе ў Мнішкаў. Адзін з іх П’ер Рыкарда Тырэгайлі
(1723 – пасля 1772), французскі інжынер і архітэктар, які мяркуецца
стваральнікам плана Вялікай Бераставіцы да 1747 г., дзе быў пазначаны касцёл.
План захоўваўся ў бібліятэцы замка Лашкі Мураваныя (Львоўская вобл.Украіны).
Так, з другой
паловы ХVІІІ ст. у цэнтры
Вялікай Бераставіцы паўстаў манументальны будынак касцёла Звеставання
Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта адзіны помнік архітэктуры на Беларусі, выкананы
ў стыле позняга саксонскага барока, які захаваўся да нашага часу ў пашкоджаным
стане. Гэта крыжовая ў плане трохнефавая бязвежавая базіліка з трансептам,
паўкруглай апсідай і дзвюма сакрысціямі па баках алтарнай часткі. Дліна будынка
43 м., шырыня галоўнага фасада – 27 м., вышыня з франтонам – 26 м.60 см.,
таўшчыня сцен на фасадзе – 1м.90 см. Галоўны заходні фасад падзелены пілястрамі
на тры часткі і завершаны ступенчатым
атыкам, які ўвенчаны трохвугольным франтонам з авальнай нішай.
Бакавыя фасады і апсіда раўнамерна
падзелены пілястрамі, лучковымі аконнымі праёмамі. Пры гэтым трэба адзначыць,
што пілястры нідзе не злучаюцца на вуглах будынка. Гэта стылевы прызнак
саксонскага барока. Унутраная прастора будынка падзелена чатырма масіўнымі
слупамі на тры нефы. Цэнтральны павышаны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем
на распалубках і конхай у алтарнай частцы. (Скляпенні не захаваліся). Бакавыя
нефы адкрываюцца ў цэнтральны арачнымі праёмамі і перакрыты крыжовымі
скляпеннямі на падпружных арках. (Скляпенні не захаваліся). У перыяд дзейнасці
ксяндза Марціна Віньскага ў 1816 – 1835 гг. касцёл у Бераставіцы быў значна
адрамантаваны: узведзены невялікі купал на сярэдзіне даху касцёла. На галоўным
фасадзе былі ўзняты дзве драўляныя вежы, якія пазней былі разабраны ў 1865 г.
Па звестках
Хронікі 1849 г. у касцёле меліся тры алтары: у цэнтральным нефе – вялікі
разьбяны алтар у гонар Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі арханёлам Гаўрыілам.
У двух бакавых нефах знаходзіліся алтары, прысвечаныя Святым Анёлам-Ахоўнікам і
Пану Езусу. У афармленні алтароў прымаў удзел вядомы мастак Францішак Смуглевіч
(1745 – 1807). На слупах цэнтральнага нефа віселі мармуровыя шыльды, прысвечаныя Мнішкам –
фундатарам мураванага касцёла. Пад будынкам захавалася крыпта з дзевяццю
памяшканнямі.
У заходняй
частцы касцёла знаходзіцца бабінец, па баках якога змураваны дзве шахты з
лесвіцамі на званніцу і дах і асобнай мураванай лесвіцай на арганныя хоры. Ў
1768 – 1770 гг. на хорах быў усталяваны вялікі арган работы прускіх майстроў. З
дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродна вядома імя
арганіста Вялікабераставіцкага касцёла 1-й паловы ХІХ ст. – Мацвей Гірэнь, які
пражываў з сям’ёй у вёсцы Клюкаўцы фальварка Дубляны. Гэты фальварак з дзвюма
вёскамі Карпаўцы і Клюкаўцы (Бераставіцкі р-н) належыў Вялікабераставіцкаму
касцёлу. Тут пражывалі касцёльныя і плябанскія служачыя. Мацвей Гірэнь (1813 –
1884) - арганіст і настаўнік
Вялікабераставіцкага прыхадскога вучылішча.
У 1760-х гг. вакол касцела была закладзена мураваная агароджа з брамай. Трохчасткавая брама з фіаламі над малымі аркамі праіснавала да 1961г. (Разабрана).
У 1793 г.
графіня Юзэфіна Патоцкая (1752 – 1798), уладальніца Вялікай Бераставіцы
заснавала пры касцёле шпіталь імя Святога Яна Божага. Драўляны будынак прытулка
для хворых і ўбогіх дзейнічаў да 1865 г. – часу закрыцця касцёла і яго шпіталя.
Падзеі вызваленчага паўстання 1863 – 1864 гг. закранулі і жыхароў Вялікай
Бераставіцы. Мясцовы ксёндз Ігнацій Казлоўскі чулліва адносіўся да
прыхаджан-мяцежнікаў, за што і быў арыштаваны ў 1864 г. Ваўкавыскай
ваенна-следчай камісіяй і змешчаны пад хатні арышт. Вялікабераставіцкі касцёл
быў зачынены і перададзены ў 1865 г. праваслаўнаму духавенству. У 1867 г.
будынак былога касцёла параасвечаны ў царкву Спаса Нерукатворнага. Касцёльную
маёмасць перавезлі ў Крынкі ў 1866 г. праз Малую Бераставіцу.
У 1919 – 1920 гг. былы старажытны касцёл зноў вернуты католікам. З прыходам польскай улады касцёл перажыў другое адраджэнне (1921 – 1939). Касцёл узначаліў Вялікабераставіцкую рымска-каталіцкую парафію, адноўленую ў 1908 г. падчас будаўніцтва сям’ёй Касакоўскіх другога касцёла ў мястэчку. Восенню 1939 г. Вялікая Бераставіца з навакольнымі вёскамі далучана ў склад БССР. Мястэчка ўвайшло ў Крынкаўскі раён Беластоцкай вобласці. Падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. Бераставіца знаходзілася пад акупацыяй нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У будынку старога касцёла ўтрымліваліся савецкія ваеннапалонныя. Пасля вызвалення Вялікай Бераставіцы ў ліпені 1944 г. пачалося адраджэнне рэлігійнага жыцця. У 1945 г. Віленская курыя накіравала ксяндза Мечыслава Малыніча (1888 – 1969) у роднае мястэчка ўзначаліць Вялікабераставіцкую парафію. Ксёндз Мечыслаў стаў апошнім настаяцелем, які здзейсніў службу ў старым касцёле Вялікай Бераставіцы.
17 снежня 1947 г. касцёл Візітацыі Дзевы Марыі быў зачынены па распараджэнні Ўпаўнаважанага Савета па справах рэлігійных культаў па Гродзенскай вобласці. Будынак касцёла заняты пад склад Заготзерня. У савецкі час былы касцёл пераўтварыўся ў сховішча прадуктаў і мэблявую краму мясцовага “Універсама”. Пазней у будынку дзейнічала майстэрня піламатэрыялаў. Будынак былога касцёла прыйшоў у заняпад.
23 кастрычніка
1987 г. выканкам Бераставіцкага райсавета народных дэпутатаў прыняў рашэнне аб
рэстаўрацыі помніка архітэктуры ХVІІ – XVIII ст. былога касцёла
кармелітаў у г.п.Бераставіца Гродзенскай вобл. У 1988 г. распачаты
рэстаўрацыйныя работы Гродзенскай абласной комплекснай праектнай майстэрняй
інстытута “БЕЛСПЕЦПРАЕКТРЭСТАЎРАЦЫЯ”, якая склала "Эскізны праект" і папярэднія
работы па рэстаўрацыі нашага помніка архітэктуры. На працягу чатырох гадоў былі
ўзведзены будаўнічыя рыштаванні вакол будынка касцёла, зроблены яго абмеры,
чарцяжы, фотаздымкі знешняга і ўнутранага стану касцёла. Але нечаканы пажар 30
жніўня 1992 г. надоўга спыніў аднаўленчыя работы старажытнага будынка.. Згарэў
гонтавы дах касцёла і абвалілася вялічэзная столь цэнтральнага нефа. Рэшткі
будынка былога касцёла кармелітаў узяты пад ахову і занесены ў 2002 г. у
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Сярод
захаваных каштоўнасцей Вялікабераставіцкага старажытнага касцёла вядомы: статуя
Святога Яна Божага (дрэва, ХVІІІ ст.), якая знаходзіцца ў фондах НММ Беларусі ў Мінску; рэльеф “Пылаючае
сэрца”(дрэва, XVIII ст.) знаходзіцца ў
Музеі гісторыі рэлігіі г.Гродна; рэлігійнае адзенне – капа з пеліканам і арнат
(кан.XVIII – пач.XIX стст.) у Музеі
Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы; драўлянае Ўкрыжаванне і карціна “Святая Ганна
вучыць чытаць Панну Марыю”(алей, ХІХ
ст.) у касцёле Перамянення Божага ў Вялікай Бераставіцы.
Выпіскі з
дакументаў Нацыянальнага
гістарычнага архіва Беларусі ў Гродна і Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці выканаў А.Ф. Втарушын у 2024г.
Навуковая бібліятэка Вільнюскага
ўніверсітэта імя С. Баторыя. Аддзел рукапісаў. F.4.A-2570
[KRONIKA KOSCIOLA PARAFIALNEGO W M. WIELKIEJ BRZOSTOWICY...1849]
Архітэктура Беларусі: нарысы і эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце. У 4 тамах. Т.2 (XV - сяр.XVIII
ст.). -Мн. Белнавука. 2006. С. 284-286.
Втарушын, А. Сем пёраў страуса для Бераставіцы.
Гістарычны нарыс / Андрэй Втарушын. Вялікая
Бераставіца: Выдавецтва
раённай цэнтральнай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага, 2011. — 42 с.: іл.
Втарушын, А. Пераўтварэнне Святога Яна ў Бераставіцы.
Гістарычны нарыс / Андрэй Втарушын. — Вялікая Бераставіца: Выдавецтва
Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага, 2012. — 39 с. іл.
Втарушын А. Паслушэнства
дае шчасце на зямлі. Да 180-годдзя з дня нараджэння І.Я. Казлоўскага
(1832-1898) - Вялікая Бераставіца. 2012. - 20с. іл.
Втарушын А. Сакральны помнік Бераставіцы. 255 гадоў з часу
асвячэння касцела Звеставання Панны Марыі. Бераставіцкая газета. №45 - 2023 -
26 ліпеня. с.5
Габрусь, Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная
архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.
с.222-223.
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі
Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. —
Мінск: БЕЛТА, 2009. с.342.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская
вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. Кал.:
С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 371 с.: іл.
Крук Т.В., Маліноўская Т.Т. Бераставіцкі касцел Візітацыі Дзевы Марыі.
Архітэктура Беларусі. Энцыклапедыя. - Мінск. 1993 - с.81.
Койта, К. З гісторыі архітэктурных помнікаў Бераставіччыны
/ Казімір Койта // Памяць: Гіст-дакум. хроніка Бераставіцкага р-на. — Мн.:
БЕЛТА, 1999. — С. 558.
Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі / А.М. Кулагін;
фатограф А.Л. Дыбоўскі. - Мінск: Бел.Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. - 488 с.:
іл.
Лушчык, С. Аб назве старога касцела і яго пячатцы / Сяргей
Лушчык // Бераставіцкая газета. №15— 2021 г. 27 лютага. С.7.
Лушчык, С. Званы старога бераставіцкага
касцёла / Сяргей Лушчык // Бераставіцкая газета. — 10.01.2015 г.
Лушчык, С. Гістарычныя вехі
бераставіцкага касцела. / Сяргей Лушчык // Бераставіцкая
газета. №27 — 2021, 10 красавіка (Пачатак). С.4; №29 - 2021, 17
красавіка (Працяг). С.4
Лушчык, С. Хто спачываў у падземных крыптах касцела? /
Сяргей Лушчык // Бераставіцкая газета. №75 - 2021, 25 верасня
— C.10.
Маліноўская Т. Да гісторыі Вялікабераставіцкага касцела XVII
ст. Наш радавод. Кн.4, ч.3, Гродна 1992. - С.543.
Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии
(1569-1795). Мн. Выш. школа. 1971. - С. 272.
Пацэнка, М. Храм пад птушыны крыламі. Гістарычны нарыс.
Серыя: Помнікі гісторыі і культуры Бераставіччыны / Мікалай
Пацэнка - Вялікая Бераставіца. 2007
- 12с.