БЕЛАВЕЖЫНКА

 Там, за вёскаю,

белавежынка,

пакручастая

ў пушчу сцежачка,

што ідзе-вядзе

ў тую сторану,

дзе растуць-цвітуць

макі сораму.

Галубовая крылапташачка

і наросхрыст мая рубашачка.

Травы клеяцца медастоямі,

сэрцы ўзвеяцца над прасторамі.

Сонца падае,

сонца коціцца,

промнем цененькім

ледзь залоціцца.

У пушкім лапішчы

пад галінамі

горкне вабішчам

грэх ялінавы.

Я дзядоўнікам

абкасмачаны,

цела радуецца,

сэрца плача.

П’ю сцюдзёную

ды з калодзіча

засумованую

асалодзіцу.