Сядзібна-паркавы ансамбль Гліндзічаў у Кватарах

Кватары, як сцвярджае польскі гісторык Р. Афтаназы, былі ўжо вядомы ў XVII ст. і былі радавым гняздом Гліндзічаў. Прадстаўнікі гэтай сям’і не змаглі дабіцца колькі-небудзь значнага становішча ні ў ВКЛ, ні ў Каралеўстве Польскім. Больш-менш высокага становішча ў іерархічнай службовай лесвіцы шляхты Рэчы Паспалітай дасягную хіба што толькі адзін Андрэй Гліндзіч, які ў 1752 г. быў старостам бурніцкім. Дзеля справядлівасці трэба яшчэ выдзеліць Мечыслава Гліндзіча, які ў час паўстання 1863 г. быў начальнікам Ваўкавыскага павета. Гэты факт ужо сам па сабе гаворыць аб тым, што Мечыслаў меў рэвалюцыйна-дэмакратычныя погляды, і вядома, што ён не раз прымаў у сябе ў Кватарах Кастуся Каліноўскага, чый шлях з Гродна да Свіслачы і наадварот праходзіў праз гэту вёску.
Апошні з Гліндзічаў па кватарскай лініі Юзаф Гліндзіч актыўна выступаў за адкрыццё школ у сельскай мясцовасці. У 1903 г. на пасяджэнні губернскага камітэта па справах асветы і сельскай гаспадаркі ён патрабаваў “признать образование обязательным для сельского обывателя от 7 до 12 лет». Ён быў бяздзетным і ўсынавіў свайго пляменніка па сястры Адольфа Бітнера, які з таго часу стаў мець двайное прозвішча — Бітнер-Гліндзіч. Да 17 верасня 1939 г. ён быў апошнім уладальнікам Кватарскага маёнтка.
Кватарская сядзіба Гліндзічаў была пабудавана ў стылі класіцызму. Драўніна на шляхецкі палац дастаўлялася з Белавежскай пушчы. Дом як бы складаўся з трох частак: цэнтральная была двухпавярховай, а бакавыя — аднапавярховымі, і размяшчаўся ён на схіле ўзгорка. Таму фундамент з боку дарогі быў досыць высокі, а з тыльнага боку значна ніжэйшы. У цэнтры фасада знаходзіўся порцік з шасцю белымі круглымі калонамі, што падтрымлівалі яго. Вялікі трохвугольны франтон быў аздоблены драўлянай разьбой. З параднага боку знаходзілася шырокая тэраса са збягаючымі ўніз прыступкамі. Падобная тэраса з тыльнага боку. Белыя, пакрытыя лакам вокны першага паверха мелі прамавугольную форму, верхнія вокны былі паўкруглыя. Будынак быў неатынкаваны, крыты гонтам. Звонку палац заставаўся нязменным да 1939 года, такім яго адлюстраваў на сваім малюнку вядомы мастак-краязнаўца Напалеон Орда. У сярэдзіне будынка ў 1920 г. была зроблена перапланіроўка, у выніку яго старадаўнія асаблівасці былі страчаны. Толькі на першым паверсе захаваліся старыя печы, абліцаваныя буйной зялёнай кафляй. У час 1-ай сусветнай вайны бясследна прапалі старадаўнія творы жывапісу, графікі, скульптуры, мэбля, а таксама сямейныя рэліквіі.
З правага боку двара знаходзіўся невялікі аднапавярховы дом, у якім размяшчаліся кухня і млячарня, у канцы агарода рыштунак для сушкі сыроў і насення.

Бібліяграфія:

1. Ганчарова, С. Кватарам – 400 год: свята вёскі адзначылі ў аграгарадку: [Электронны рэсурс] / Святлана Ганчарова / Бераставіцкая газета. — 19.09.2017. URL: http://www.beresta.by/?p=56181
2. Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: У.У. Андрыевіч (дырэктар) [і інш.]: Нацыянальная акадэмія навук Беларусі; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2015. — 656 с.: іл.
3. Жвалеўскі, Л. Аб маёнтаках і іх уладальніках / Леанід Жвалеўскі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Бераставіцкага р-на. — Мн.: Белта, 1999. — С. 563.
4. Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Гродненщины: Берестовицкий-Ивьевский районы / А.Т. Федорук; научный редактор О.Н. Попко. — Минск: Беларусь, 2014. — 543с.