Малабераставіцкая царква Святога Дзмітрыя Салунскага



Адной з першых праваслаўных цэркваў на Бераставіччыне з’яўляецца царква Святога Дзмітрыя Салунскага ў Малой Бераставіцы. Гэты помнік архітэктуры рэтраспектыўнага рускага стылю адзначае сёлета 150-годдзе з часу асвячэння.
Мураваны будынак царквы быў асвечаны ў кастрычніку 1866 года. Але ў справах Гродзенскага гістарычнага архіва ўпамінаецца год заснавання царквы 1748-ы. Першым святаром тагачаснай уніяцкай царквы быў Сямён Анацэвіч (1728-1791), бацька знакамітага беларускага гісторыка, археографа, педагога Ігната Анацэвіча, які падкрэсліваў сваё мясцовае паходжанне псеўданімам «Жэгота з Малой Бераставіцы». Справу айца Сямёна прадоўжыў яго старэйшы сын Міхаіл Анацэвіч (1773-1837), канонік Брэсцкі, дэкан Гродзенскі і Сакольскі, святар Малабераставіцкай царквы. Каля яе сцен захаваўся помнік уніяцкаму святару Міхаілу, які заказаў у Пецярбургу Ігнат Анацэвіч. А прывёз помнік у Малую Бераставіцу пляменнік Вацлаў (паводле завяшчання Ігната ад 21 лістапада 1844 г.).
Выгляд тагачаснай царквы апісаны ў «Акце ад 25 ліпеня 1864 г. часовага Губернскага Камітэта па збудаванню і рэканструкцыі праваслаўных цэркваў Гродзенскай губерніі». На двух лістах запісана: «Деревянная православная церковь в селе Малая Берестовица устроена 116 лет тому назад. Представляла собой амбар без главного фасада с ветхой башенкой. Находилась вблизи костела. Иконостас грубой и простой работы католического стиля… Прихожане (всего 2470 душ) объявили готовность пожертвовать на постройку новой церкви по 2 рубля и более, всего составляет 800 рублей».
У тым жа акце гаворыцца, што на будаўніцтва новай царквы прызначаны губернскі архітэктар Восіп Міхаэліс. У ліпені 1864 г. ён складае каштарыс на капітальную перабудову драўлянай царквы ў Малой Бераставіцы агульным коштам 2273 руб.50 кап. Непасрэдным будаўніком царквы быў дваранін з Саколкі Іван Казіміравіч Арлоўскі, які ў 1865 г. заключыў кантракт з Царкоўным Саветам па будаўніцтву Малабераставіцкай царквы. У Савет уваходзілі святар Малабераставіцкай царквы Стэфан Бабулевіч і пяць старэйшын. Гэта мясцовыя шляхцічы Сямён і Дзмітрый Садаўнічыя, Мікалай Ківейша, а таксама Іван Тарасюк і Павел Бацян.
22 лютага 1866 г. будаўнік царквы Іван Арлоўскі нечакана спыняе кантракт па прычыне нявыплаты яму грошаў мясцовым Цар¬коўным Саветам. Урэгуляваць канфлікт прыйшлося Гродзенскаму павятоваму Камітэту па будаўніцтву праваслаўных цэркваў. Яго старшыня генерал-маёр Прасалаў 12 мая 1866 г. дазваляе скласці “Акт пагаднення паміж будаўніком царквы дваранінам Іванам Арлоўскім і Малабераставіцкім Царкоўным Саветам” на пяці ўмовах. У пункце 2 Арлоўскі абяцае скончыць будаўніцтва царквы з устаноўкай іканастаса 26 кастрычніка 1866г. У 5-м пункце Царкоўны Савет абяцае даставіць усе неабходныя будаўнічыя матэрыялы. Пры заключэнні акта прысутнічаў святар Вялікабераставіцкай царквы Ануфрый Шэмяціла, які ў той час таксама быў куратарам будаўніцтва Святамікалаеўскай царквы ў Вялікай Бераставіцы.
Свае абавязацельствы Іван Арлоўскі выканаў, атрымаўшы суму 4 000 рублёў. За будаўніцтвам Малабераставіцкай царквы назіраў губернскі архітэктар Восіп Міхаэліс. У журнале Гродзенскага Камітэта па будаўніцтву праваслаўных цэркваў ад 26 верасня 1866 г. запісана паведамленне архітэктара: «Постройка МалоБерестовицкой церкви уже окончена, за исключением постановки иконостаса и укладки пола, церковь эту предполагается освятить 26 октября 1866 г.».
Вясной 1867 г. новы святар Малабераставіцкай царквы Лукіан Раманоўскі (1838-1872) прымае будынак. Ён скардзіцца на недасканалы іканастас і драўляную падлогу, якая зроблена на скорую руку, і просіць Гродзенскі павятовы камітэт, каб Арлоўскі выправіў недахопы.
Першым, хто ацаніў прыгажосць новай мураванай царквы Св. Дзмітрыя ў Малой Бераставіцы, стаў кампазітар і мастак Напалеон Орда. 4 красавіка 1868 г. ён зрабіў малюнак царквы з боку званіцы, каб падкрэсліць велічнасць будынка (на фота). Мастак вандраваў паміж Малай і Мураванай Бераставіцамі па запрашэнні сям’і Ваўкавіцкіх. Напрыклад, у красавіку Напалеон Орда выканаў таксама малюнкі касцёла Св. Антонія, фундаванага Антонам Ваўкавіцкім у 1851-1859 гг., і палаца Юндзілаў-Солтанаў у Мураванай Бераставіцы.
За свае 150 гадоў існавання храм не прыцярпеў кардынальных змяненняў. Ён дзейнічаў як у часы нямецкай акупацыі, так і ў савецкі перыяд. Менш пашанцавала яго суседу – касцёлу Св. Антонія Падуанскага, які згарэў у 1952 г. і быў адноўлены ў 1991-1994 гг. На працягу ХХ стагоддзя службу ў царкве Св. Дзмітрыя вялі протаіерэі Мікалай Ержыкоўскі, Матфей і Аляксандр Пяцельскія, Уладзімір Шыла. З 1986 г. да сённяшняга часу ў царкве служыць протаіерэй Вячаслаў Бачароў.


 Бібліяграфія:

1. Втарушын, А. Царква Святога Дзмітрыя Салунскага ў Малой Бераставіцы адзначае сёлета 150-годдзе з часу асвячэння / Андрэй Втарушын // Бераставіцкая газета. — 13.05.2016 г.
2. Вторушин, А. Свято-Дмитриевская церковь в Малой Берестовице. Страницы истории: / Андрей Вторушин. Большая Берестовица: Издательство Берестовицкой районной библиотеки им. О.М. Ковалевского, 2016. 36 с.: ил.