ЯК ВАСІЛЬКО ПІВА НАПІЎСЯ

          Цёплы летні вечар. Пасля спякотнага дня ўсё навокал адпачывае. У вясковых падворках чуваць гукі тугіх струменняў малака – гаспадыні дояць кароў. Мужчыны, аходаўшыся, збіраюцца на лаўцы каля Піліпа, каб выкурыць нанач па цыгарэце, абмяняцца ўражаннямі пройдзенага дня і наогул правесці свой паўсядзённы вячэрні “мацыён”.

          Гаворка спачатку ідзе аб склаўшымся эканамічным становішчы, растучых цэнах. Потым ідуць шматлікія ўспаміны-параўнанні “А памятаеце...”, «А я  вось помню…» і гэтак далей. Паступова змяркаецца зусім. І вось толькі відаць  агеньчыкі папыхкваючых цыгарэт. Размова набывае весялейшы напрамак, пераходзіць непасрэдна на асобы.

- Міхась, раскажы, як ты падгульнуў у Беластоку, - просіць суседа Змітрок Цубін.

- Адстань, лепей раскажы сам, колькі разоў сватаўся да Марылі, - адмахваецца той.

- Мужчыны, хто малодшы, схадзіце за вадой,- адзываецца Валодзік Парэцкі.

-         Што, зноў беларуская хвароба «смага» смяецца

Міхась.

Во мужыкі, - выгукнуў Васілько Беліца, - хочаце

паслухаць,  як   пазаўчора ў Бераставіцы піва папіў.

         - Ну, ну, раскажы, - зацікавіліся мужчыны, ладней рассядаючыся на лаўцы. Васілько падняўся з лаўкі і сеў на камень, наперадзе ўсіх. Звычайна тут садзіўся той, хто апавядаў самыя цікавыя гісторыі.

         - Ну, дык слухайце. Прыкладна месяц таму назад вазіў я ў Бераставіцу прадаваць парасяты. Базару там няма, усе будуць недзе пад Старынцамі. А гандлююць парасятамі на стаянцы каля возера. Парасяты я прадаў хутка, яшчэ была цемнавата. З пакупніком паўшчувалі, што няма дзе і барыш выпіць. Ён мне паказаў на памяшканне за возерам, каля суда і кажа: “Гэта пабудавалі піўбар. Піва будуць з Гродна прывозіць. Кажуць вельмі смачнае. Адкрываюць бар у наступную суботу. Прыязджай, то і барыш вып’ем. Падзякаваў я гэтага чалавека, запрог каня і паехаў да хаты.

         А пазаўчора Маня выправіла мяне ў Бераставіцу па лякарства. Зайшоў я ў аптэку, аддаў рэцэпт, а мне сказалі, што лякарства прыгатуюць толькі к шасці гадзінам. Падумаў я і вырашыў чакаць, усероўна дзень згублены. Праходзячы каля возера, я заўважыў натоўп людзей каля бара і ўспомніў, як нахвальваў мне мой пакупнік піва. Дай, думаю, паспрабую. Бачу дзверы расчыніліся і ўсе рынуліся ў памяшканне. Трохі счакаўшы, зайшоў і я. Стаў у чаргу і цярпліва чакаю піва. А чарга амаль не рухаецца. То той падыдзе, то другі, а некаторыя ужо па другім заходзе з трохлітровымі слоікамі робяць. Нарэшце падышла і мая чарга.

         - Налі мне паспрабаваць кубачак – папрасіў я ў маладзіцы, што расчырванеўшыся стаяла на тым баку прылаўка. А яна глядзіць на мяне і нічога не гаворыць. Я вырашаў, што яна думае быццам у мяне няма грошай і паказваю ёй пяцьдзесятку, што дала мне Маня.

         - А ў што я вам налью, дзядзечка, - пытаецца яна,- трэба свой посуд.

І тут толькі я зразумеў, чаму ўсе ходзяць са слоікамі. А ззаду напірае чырвонаморды дзяціна з двума трохлітровымі слоікамі.

         - Дзед, на замінай. Тут каласнікі гараць, тушыць трэба, а ты байкі травіш.

Адышоў я ад прылаўка, азірнуўся і бачу, што адзін такі хударлявы сіваваты, з чырвоным носам заканчвае апаражняць трохлітровік. Падышоў я да яго і пытаюся, каб даў пакарыстацца.

-         Я табе парожні, а ты мне поўны, - адказвае.

Ну, думаю, дарагое піва выйдзе і выйшаў з бару. Азірнуўся і успомніў, што недалёка жыве адзін знаёмы, неяк разам ляжалі ў бальніцы. Схадзіў да яго, пазычыў літровы слоік і зноўку пайшоў у бар. Вельмі ўжо захацеў я паспрабаваць таго гродзенскага піва. Прыйшоў туды – чарга не вельмі вялікая. Ну, думаю, цяпер пап’ю , ды і з’ем чаго, бо ўжо часу было каля трох дня. Пастаяў я з паўгадзіны. Да прылаўка засталося чалавекі чатыры, як буфетчыца гучна аб’явіла: “Усё, бар зачыняецца на абедзенны перапынак да семнаццаці гадзін.” Тыя, хто сядзеў за столікамі пабралі свае слоікі і падаліся на вуліцу. Прышлося выходзіць і мне.

         - Лякарства будзе гатова ў шэсць гадзін. Бар адчыняецца ў пяць і працуе да васьмі, хоць і прыйду да дому позна, але гэтага піва паспрабую, - гэтыя думкі пракруціліся ў маёй чаропцы. Ды так  захацелася таго піва што не вытрымаць. Хіба толькі так мяне цягнула да Мані, калі я сватаўся да яе. Праўда тады я свайго дабіўся. (Мужчыны дружна зарагаталі).

         У пяць гадзін вечара я ўжо быў у першым дзесятку ў чарзе. Калі пачалі прадаваць піва, я зразумеў, што да шасці гадзін да прылаўка не даб’юся. Заняў чаргу, а сам хутчэй у аптэку. Хвілін за пятнаццаць вярнуўся. Заходжу ў бар і бачу, што чаргі няма. Я да прылаўка, а буфетчыца развяла рукамі: “ Усё, піва закончылася”. Выйшаў я з бара, каля калонкі папіў вады і, клянучы ўсё на свеце, падаўся дадому. Калі выходзіў з Бераставіцы, сустрэў таго пакупніка, што купіў у мяне парасяты.

-Здароў дзядок. Дзякуй за парасяты. Вельмі добра ядуць, хутка правяцца, - загаманіў ён, - пайшлі я табе за гэта піва зафундую.

- Пайшоў ты к д’яблу са сваім півам, - закрычаў я на яго і рушыў далей.

Нічога не зразумеўшы чалавек застаўся стаяць з раскрытым ротам і здзіўлена глядзеў мне ўслед. Вось так я папіў піва.

Мужчыны затапталі цыгаркі, выпілі прынесенай вады і пасмейваючыся пацягнуліся па хатах, каб назаўтра выслухаць наступную гісторыю.

 

Верасень 1992 год