МЕХАНІК

         Коля вельмі любіў коней. Асабліва свайго Варанка. Але ў вёсцы арганізаваўся калгас і коней сабралі ў калгасную канюшню. Пры гэтым прысутнічаў налогава інспектар з райцэнтра Мамека. Хлопчык палічыў яго асноўным віноўнікам таго, што не стала Варанка ў хляве і вельмі таго не ўзлюбіў. Доўга яшчэ хадзіў ён на стайню і падкормліваў свайго любімага каня.

         Але прайшоў час і ў калгас пачала паступаць тэхніка. З’явіўся гусенічны трактар, прыцягнулі “лендлізаўскія” аўтамабілі. “Студабекер” калгасныя умельцы аднавілі і ён выконваў такую-сякую работу, праўда не доўга, а легкавы “Дождж” так і застаўся іржавець. Вось гэтыя амерыканскія машыны і сталі ўлюблёным месцам гульняў Колі і яго сяброў. Дзе толькі не “пабывалі”,куды толькі не “з’ездзілі”, чаго не “перавезлі” хлапчукі ў час сваіх гульняў. З гэтага часу Коля ўлюбіўся ў тэхніку і марыў, што ён будзе механікам, як дзядзька Кастусь, калі вырасце. Але верхам задавальнення і гонару было праехацца ў кабіне “палутаркі” з механікам. Колькі было радасці ў хлопчыка, калі седзячы на мяккім сядзенні ён назіраў, як дзядзька націскаў на розныя педалі і кіраваў машынай.

         Толькі адно дрэнна, што гэта любоў Колі да тэхнікі нярэдка заканчвалася знаёмствам з бацькавай папругай. Але хто вінаваты, што многія часткі густа змазаны салідолам, які не выціраецца з адзежы.

         Аднойчы падвячорак Коля сядзеў у хаце перад вокнамі і сумна пазіраў на дарогу. Надвор’е не спрыяла дзіцячым гульням... Да самага  абеду дзяжыў дождж і вада стаяла ў каляінах. Вазы, запрэжаныя худымі калгаснымі коньмі ледзь-ледзь пераадольвалі лужыну, якая разлілася насупраць хаты.  Коля ведаў, што ў гэтай лужы была вялікая яміна. Цяпер яна была запоўнена вадой. Ведалі аб гэтым і возчыкі, пагэтаму лужыну яны пераадольвалі асцярожна, мінаючы яму. Але вось на рэзвым жарэбчыку, запрэжаным у брычку, на дарозе паказаўся Мамека, якога хлопчык вельмі не любіў. Прадчуваючы цікавае, Коля прыціснуўся носам да шыбы. Жарэбчык ускочыў у лужыну, у бакі паляцелі кроплі вады, Мамека тузануў  за лейцы, махнуў пугай і ... задраўшы ўгару ногі пляснуў спіной у лужу. Калясо брычкі трапіла ў яміну і брычка перавярнулася. Хлопчык заходзіўся ад смеху назіраючы, як стаяў увесь мокры агент, чакаючы, пакуль мужчыны выцягнуць брычку.

         Коля яшчэ выціраў выступіўшыя ад смеху слёзы, калі заўважыў, што да  лужыны набліжаецца новы калгасны “газік”.

- Шафёр з другой вёскі, пра яміну не ведае, - мільганула думка ў хлопчыка, - трэба папярэдзіць.

Але выскачыўшы  на падворак, ён  учабыў, што ўжо позна. Правым пярэднім колам машына моцна сядзела ў яме. Коля вярнуўся ў хату, абуў гумовыя боты і пайшоў да машыны. Вакол яе хадзіў шафёр – малады хлопец  Вася і на ўсе лады паносіў дарогу.

- Трэба было правей брацца, – сказаў Коля.

- Ідзі ты ведаеш куды? Указчык смаркаты, - агрызнуўся шафёр.

- Чаго лаешся на дзіця? Праўду ён кажа, - прагаварыў калгасны рахункавод, дзядзька Сямён выходзячы з-за машыны. Гэта яму везлі дамоў торф.

- Ды я так. Слухай, Коля, -  раптам папрасіў Вася, - збегай на калгасны двор, знайдзі  дзядзьку Кастуся і скажы, каб прыслаў трактар.

- Добра, - выгукнуў хлопчык і пабег.

- Няхай трос возьме, - наўздагон крыкнуў Вася.

Праз якія паўгадзіны прыйшоў трактар, на якім прыехаў і Коля. Мужчыны пачалі раіцца, як лепш выцягаць машыну.

- Толькі назад, - аўтарытэтна заявіў Вася.- Калі пацягнем уперад задняе кола  абавязкова пападзе ў гэтую чортаву яму. Яшчэ машыну перавернем.

Механізатары ніяк не маглі прымацаваць трос. І тут на дапамогу прыйшоў Коля. Ён збегаў дадому і прынёс кавалак дроту. Машыну выцягнулі, трактар паехаў. Вася пахадзіў вакол “газіка”, пазаглядаў туды-сюды і прамовіў:

- Ну што, дзядзька Сямён, будзем чакаць пакуль трохі падсохне. Другі раз у гэтую пастку я не палезу.

Вася, кінь ты гэтыя думкі, у мяне паліць няма чым печы, а гэтае мора можа і  за месяц не высахне, - бездапаможна прамовіў рахункавод.

- Паслухайце, - звярнуўся да мужчын Коля, - тут можна праехаць, я пакажу. І ён пайшоў наперадзе машыны, паказваючы шафёру, як пераадолець лужыну.

-Ну малайчына, ну выручыў, – шчыра падзякавалі дарослыя.

- Калі жадаеш, магу пракатнуць, – прапанаваў Вася.

Яшчэ б Коля не жадаў. Гэтая прапанова ажыццяўляла даўняе жаданне ўсіх  вясковых хлапчукоў.

“Вось пазайздросціць Ваня, калі заўтра даведаецца,” – думаў Коля, залазячы ў машыну.

   Выгружаць торф дапамагалі мясцовыя вясковыя хлопцы. Калі работа была зроблена, гаспадыня запрасіла ўсіх на вячэру. Забраў Вася з сабой і Колю. За сталом хлопчык стаў галоўным героем, калі дзядзька Сямён расказаў, як ён дапамог выцягнуць машыну, а потым правёў праз лужыну. За гэта  гаспадыня, цётка Альжбета, наліла герою нейкага салодкага пітва. Ад з’едзенага і выпітага Колю пачаў агортваць сон.

У гэты час, у Пялушках, Колю не дачакаліся на вячэру. Бацькі паслалі сястру хлопчыка Таню, каб  яна аббегла яго сяброў. Неўзабаве Таня вярнулася і сказала, што сёння хлопчыкі не гулялі разам, бо ішоў дождж. Тата з мамай спалохаліся не на жарт. Прыбеглі дзядуля з бабуляй. Паднялі на ногі  ўсю вёску і толькі позна вечарам дабраліся да дзядзькі Кастуся. Механік і сказаў, дзе можа быць хлопчык.

          А хлопцы, павячэраўшы, сталі запрашаць Вася на вячоркі. Шафёр адказваўся, як мог. Але законы гасціннасці не дазвалялі моладзі прыняць адказ госця.

- Пайшлі, трохі пазабавімся, можа  патанцуем, ды і наогул, пагутарым, - угаворвалі яны.

- А Зіна Кірэева будзе? – спытаў Вася.

- Недзе яна дзенецца, - засмяяліся малайцы.

- Ну добра, - згадзіўся шафёр і звярнуўся да Колі. – Ты паеў? Тады ідзі ў машыну і чакай.

 Чакаць прыйшлося доўга. Коля, стаміўшыся, ажно задрамаў у кабіне. Прачнуўся , калі пачуў каля машыны галасы. Гэта Вася развітваўся з дзяўчынай.

-Прачынайся Мікола, рушым дадому, - узбуджана выгукнуў шафёр. – Як ты тут, не змерз?

- Нічога, - сонна буркнуў Коля.

Да Пялушак яны даехалі хутка.

- Хто гэта не спіць у такі час?- здзівіўся Вася, калі перад вёскай машыну пачалі спыняць мужчына і жанчына.

- Гэта мае тата і мама, - пазнаў хлопчык.

- Вязеш майго героя? – спытаў тата.

- Тут ён, - адказаў шафёр, адкрываючы дзверкі.

Тата з мамай моўчкі ўціснуліся ў кабіну, гэтак жа моўчкі даехалі да дому, дзе іх чакалі бабуля з дзедам.

- Пачнецца “баня”, – сумна вырашыў Коля.

- Міхась, не чапай ты яго. Няхай ідзе спаць, позна ўжо, - звярнуўся да таты дзядуля.

- Я яго ўлажу спаць, - пагрозліва адказаў тата, расшпільваючы папругу...

Прачнуўся Коля позна, сонца ўжо ярка свяціла ў вакно, пазяхнуў і стаў з прыемнасцю ўспамінаць учарашняе падарожжа. Аб тым, што было потым ён не думаў. Ну што ж такога. Вінаваты, вось і атрымаў. Толькі чаму зусім не было балюча, калі сцёбаў яго тата папругай?

- Прачнуўся, падарожнік? – запытаў з усмешкай дзед, уваходзячы ў пакой, - адзявайся і пойдзем снедаць.

- Дзядуля ласкава пагладзіў хлопчыка па галаве і Коля заўважыў на яго руках пісакі ад татавай дзягі.

- Дык вось, чаму мне не балела. Дзядуля падстаўляў рукі пад татаву папругу, - здагадаўся ўнук.

- А праўда я буду механікам, калі вырасту, - прашаптаў хлопчык, пяшчотна цалуючы дзедавы рукі.

- Абавязкова, унучак, - ласкава адказаў дзед.

 

 Кастрычнік 1997 год