Ганна Гарбачэўская


Ганна Іванаўна Гарбачэўская працавала каля дваццаці год маляром у ПМК-141, а затым працавала прыбіральшчыцай у гаргазе. Вязанне кручком для Ганны Іванаўны — справа душы і адпачынак. А яе творы выклікаюць захапленне і дораць радасны настрой.
Карункі з нітак зачаравалі Г.І.Гарбачэўскую яшчэ ў дзяцінстве. Вязанню кручком яна навучалася ў сваёй цёткі Уладзі, бацькавай сястры. Уладзіслава Андрэеўна Майкоўская адмысловая майстрыха, яна хораша вышывала, ткала, шыла, вязала кручком і пруткамі. Ад яе Ганна Іванаўна пераняла асновы вязання карункаў і з таго часу ўсё сваё жыццё займаецца гэтым даўнім народным дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Сама прыдумвае ўзоры, сама падбірае колеры. Звязаць падвазонніцу ці дарожку займае ў яе два-тры вечары. Больш складаныя рэчы, безумоўна, патрабуюць больш часу. Ганна Іванаўна аздабляла карункамі абрусы, навалачкі, прастыні, накідкі на падушкі, прадметы дэкору, цацкі.


Бібліяграфія:

1. Ганчарова, С. “Карункавы калейдаскоп” Ганны Гарбачэўскай / Святлана Ганчарова // Бераставіцкая газета. — 11.04.2014 г.
2. Зянько, С. Гран-пры рэгіянальнага свята-конкурсу “Саламяны павук” у Валожыне / Сяргей Зянько // Край. By. —  19.10.2016 г.