Першы касцёл
(драўляны) Найсвяцейшага Імя Марыі ў в. Вялікія Эйсманты быў уфундаваны ў 1659 г . Ганнай Эйсмант і яе
сынам Якубам. У святыні было 9 алтароў. Галоўны – трох’ярусны: у першым ярусе знаходзіўся
абраз Маці Божай Эйсмантаўскай у сярэбранай шаце (ужо ў сяр. XVII ст. абраз
лічыўся цудадзейным, а касцёл меў статус Марыйнага санктуарыя), у другім ярусе
- абраз НПМ Чанстахоўскай, у трэцім – абраз Імя Марыі. У левай частцы касцёла
былі алтары: Пана Езуса, св. Антонія, св. Ануфрыя і двух’ярусны - Звеставання
НПМ з абразом св. Адальбэрта ўверсе. У правай частцы стаялі алтары: св. Яна
Непамука, св. Міхала Арханёла, св. Тадэвуша Апостала і двух’ярусны - св. Марыі
Магдалены з абразом Маці Божай Заступніцы ўверсе. Касцёльная тэрыторыя была
абнесена мураванай агароджай з брамамі сталярскай работы. Уваходную ад рынку
браму вянчала статуя св. Яна Непамука, а браму з гасцінца на Бераставіцу -
фігура Маці Божай з Дзіцяткам Езус. Паміж брамамі стаяла званіца на 6 слупах.
З 1660 года як
найважнейшая святыня парафіі быў вядомы мініяцюрны абразок на камені з выявай
Маці Божай Снежнай - гэта быў цудадзейны абраз на яшме, велічынёю з арэх. Абраз
на палатне таксама лічыцца цудадзейным, на ім – сярэбраныя карона і сэрца,
падараваныя Мікалаем Карасём.
Старажытная
драўляная святыня згарэла ў 1722
г ., а на яе месцы ў 1728 г . была пабудавана
новая, таксама драўляная. Трэці касцёл у Эйсмантах быў узведзены ў 1748 годзе.
У 1825 г .
стан касцёла быў плачэўны і святыня пагражала абвалам, таму ізноў прыйшлося
будаваць новую, тым разам мураваную.
Мураваны касцёл,
які дзейнічае і сёння, ужо чацвёрты па ліку, быў пабудаваны ў 1843 – 1850 гг. у
стылі класіцызму з рысамі неаготыкі намаганнямі кс. Міхала Сезяноўскага і
парафіянаў. Ён быў чатырохвугольны ў плане, 50 аршынаў даўжынёю і 20 аршынаў
шырынёю. Касцёл быў асвечаны 14 красавіка 1851 г ., аб чым сведчыць
закладны камень на апсіднай сцяне, пад падвойным тытулам: Найсвяцейшага Імя
Марыі і св. Яна Непамука. У 1912
г . святыня была адноўлена.
Касцёл уяўляе
сабой бязвежавую, прамавугольную ў плане святыню з такой жа самай апсідай і
дзвюма сакрыстыямі.
Галоўны фасад
вырашаны ў выглядзе чатырохкалоннага порціка, а магутны трохвугольны франтон з
выявай Усёбачнага вока завершаны па вуглах невялікімі слупкамі з карункавымі
крыжамі. Малітоўная зала накрыта двухсхільным бляшаным дахам (раней была
дахоўка), апсіда - паніжаным вальмавым, сакрыстыі - двухсхільнымі.
Інтэр'ер
падзелены 4 парамі круглых калон на тры нефы, цэнтральны з якіх перакрыты
цыліндрычным падшыўным дашчатым скляпеннем з арнаментальнай размалёўкай, а
бакавыя – плоскай дашчатай столлю. Падлога касцёла выкладзена керамічнай
пліткай (раней была цагляная). Арганныя хоры над уваходам абапіраюцца на дзве
дарычныя калоны. Пад касцёлам няма крыпты. На сцяне святыні ў 1995 г . змешчана
мемарыяльная пліта Яну Біспінгу (1880-1940), уладальніку масалянскага маярату і
папскаму камергеру, і Марыі Біспінг з Замойскіх, дачкі Яна (1887-1961), у
другім шлюбе - Радзівіл. Раней у касцёле было 5 алтароў: галоўны -
чатырохкалонны, з пазалочанымі капітэлямі, абраз Маці Божай засланяецца абразом
св. Юзафа; левы бакавы алтар прысвечаны св. Клары (пры ім - дзве фігуры
святых), правы – Пакутам Хрыста, алтар у левым нефе - Езусу ў цярновым вянцы, у
правым - св. Антонію.
Цяпер у касцёле
знаходзяцца тры алтары. Галоўны алтар - разьбяны, зроблены на мяжы ХIX - ХХ
стст. у неараманскім стылі. У цэнтры - абраз Маці Божай Кангрэгацкай (першая
пал. XVIII ст.) у сярэбранай шаце, які быў адзначаны шматлікімі вотамі. Ён
засланяецца абразом Святой Сям’і і акружаны фігурамі св. Пятра і Паўла, уверсе
– фігура Сэрца Пана Езуса ў акружэнні анёлаў. Каля сцен прэзбітэрыя ўсталяваны
фігуры Маці Божай Каралевы і св. Казіміра. Бакавыя алтары – неабарочныя, двух’ярусныя,
разьбяныя. У левым з іх над абразом св. Антонія размяшчаецца тытульны абраз св.
Яна Непамука (XVIII ст.), у правым - абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, над
ім - абраз св. Францішка. Перад касцёлам, злева ад уваходнай брамы, знаходзіцца
велічная магіла Аляксандры Светчынавай, уроджанай Біспінг (на помніку -
Bispink), фундатаркі касцёла ў Вярэйках, і Юзэфы дэ Біспінг Вайчынскай,
фундатаркі філіяльнага касцёла ў Масалянах. З правага боку ад уваходнай брамы
знаходзіцца каменная грота НПМ, пабудаваная ў наш час, а злева ад яе - помнік
папу Яну Паўлу II.
Па-за касцёлам,
злева і асобна, пабудавана цагляная атынкаваная двух’ярусная званіца - гэта
чацверыковая пад чатырохсхільным дахам пабудова ў стылі класіцызму. Таксама
па-за касцёлам у 1988 г .
быў зроблены своеасаблівы мемарыял як даніна памяці знішчаным у 1940 – 1988 гг.
парафіяльным могілкам. Справа ад касцёла, па-за агароджай, захаваўся драўляны і
атынкаваны прадаўгаваты будынак былой плябаніі - цяпер тут размяшчаюцца аптэка
і жылы дом. Новая цагляная плябанія ўзведзена побач. Касцёльны ўчастак абнесены
бутавай агароджай (адноўленай у 1960-1970 гг.) з брамай у выглядзе двух слупкоў
з неабарочным дэкорам і каванымі кратамі.
Да парафіі ў ХIХ
ст. належалі філіяльны касцёл у Красніку, капліцы ў Вялікай Бераставіцы (1866 –
1919 гг.), у Масалянах і на мясцовых могілках. У 30-х гадах XX стагоддзя
капліца на могілках не згадваецца, затое ёсць капліца ў Жукевічах. Перад II
Cусветнай вайной колькасць парафіянаў дасягала 3000 чалавек, а цяпер іх каля
1076.
Касцёл у Вялікіх Эйсмантах
дзейнічаў увесь час бесперапынна. З 1975 г . па 1990 г . парафія не мела
пробашча, але з душпастырскай паслугай сюды даязджалі святары з суседніх
парафій. З 70-х гадоў мінулага стагоддзя касцёл мае статус помніка архітэктуры.
У 2010 годзе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь эйсмантаўская
святыня была залічана да помнікаў архітэктуры 3-й катэгорыі. Сёння касцёл Імя
Марыі і св. Яна Непамука надалей выконвае сваю місію: з’яўляецца месцам Божага
культу і сэрцам парафіі.
Бібліяграфія:
1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН
БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. Кал.: С.В. Марцэлеў
(гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 371 с.: іл.
2. Койта, К. З гісторыі архітэктурных
помнікаў Бераставіччыны / Казімір Койта // Памяць: Гіст-дакум. хроніка
Бераставіцкага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 1999. — С. 558.
3. Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы
Беларусі / А.М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі. - Мінск: Бел.Энцыклапедыя імя
П.Броўкі, 2008. - 488 с.: іл.